Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія каталікі моляцца за папу рымскага Бэнэдыкта ХVІ, спадзяюцца на яго візыт у Беларусь


Галіна Абакунчык, Менск У каталіцкіх храмах Беларусі праходзяць набажэнствы, прысьвечаныя абраньню папы рымскага, кардынала Ёзэфа Ратцынгера, які абраў сабе імя Бэнэдыкт ХVІ. Вернікі моляцца за новага пантыфіка, спадзяюцца на далейшае разьвіцьцё касьцёлу, а таксама на прыезд новага папы ў Беларусь. На адным з такіх набажэнстваў, у менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены пабывала наша карэспандэнтка.

Усе касьцёлы Менску ад сёньня ўпрыгожаныя жоўта-белымі сьцягамі Ватыкану, але ўжо бяз чорных стужак. Акрамя таго, у Чырвоным касьцёле цягам дня гучала ўзьнёслая арганная музыка, а кожнае набажэнства распачыналася абвесткай пра малітву за новага пантыфіка.

Ксёндз Канстанцін, які адпраўляў імшу па-беларуску, зьвярнуўся да вернікаў з такімі словамі:

(Канстанцін: ) “Дарагія вернікі, учора, падчас трываньня найвышэйшага выканаўчага органу касьцёлу Канкляву, быў абраны новы рымскі папа. Ім стаў кардынал Ёзэф Ратцынгер, ён паходзіць з Баварыі, што ў Нямеччыне, старшыняваў у камісіі ў справах веры і быў блізкім сябрам памерлага папы Яна Паўла ІІ. Кардынал Ёзэф Ратцынгер, калі атрымаў пасаду апостала Пятра, абраў сабе імя Бэнэдыкта ХVІ. Таму цяпер касьцёл мае кіраўніка, нашчадка сьвятога апостала Пятра, папу Бэнэдыкта ХVІ. І ў гэтай сьвятой імшы будзем таксама маліцца, каб добры Бог даваў яму сьвятло духа сьвятога да кіраваньня касьцёлам падчас трываньня ягонага пантыфікату”.

Паводле ксяндза Канстанціна, важнасьць абраньня папы рымскага палягае ў тым, што касьцёл ва ўсім сьвеце атрымаў духоўнага лідэра і кіраўніка. Як вядома, да гэтага дня касьцёлам кіраваў сход кардыналаў. Гэткім чынам, Ватыкан працягвае аб’яднаўчую місію ў сваёй канфэсіі, а таксама служыць паяднаньню паміж народамі. Найвялікшым рупліўцам у гэтай справе быў прызнаны Ян Павал ІІ, таму сёньня вернікі моляцца за тое, каб новы папа стаў пасьлядоўнікам ягонай палітыкі. Вось што казалі ў інтэрвію “Свабодзе” ўдзельнікі імшы:

(Спадарыня: ) “Мы носім жалобу па Яну Паўлу ІІ, але віншуем новага папу. І спадзяемся, што ён падтрымае ўсе пачынаньні свайго папярэдніка”.

(Спадарыня: ) “Я, як убачыла новага папу, то ён мне вельмі спадабаўся. І мне падаецца, што нашае далейшае жыцьцё ў касьцёле будзе добрае”.

(Юнак: ) “Спадзяемся, што ён і надалей будзе працягваць палітыку Яна Паўла ІІ, што новы папа стане сапраўдным духоўным лідэрам”.

(Юначка: ) “Пэўна, было б важным для нашай краіны і для нашых людзей, каб новы папа пабываў у Беларусі. Але за гэта трэба маліцца і, напэўна, у гэтым усім нам спадарожнічае надзея”.

Як паведамілі ў касьцёле, урачыстае набажэнства тут і ў іншых каталіцкіх храмах Беларусі адбудзецца ў нядзелю з нагоды пачатку афіцыйнага пантыфікату Бэнэдыкта ХVІ.
XS
SM
MD
LG