Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская кампанія “Лукойл” адкідае абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі


Валер Каліноўскі, Менск Расейская нафтавая кампанія “Лукойл” і замежнае прадпрыемства “Лукойл-Беларусь” абверглі зьвесткі, распаўсюджаныя Аляксандрам Лукашэнкам, пра тое, хтосьці зь іх супрацоўнікаў нібыта арыштаваны за гандаль людзьмі на тэрыторыі Беларусі.

Учора Аляксандар Лукашэнка, гаворачы ў парлямэнце пра незаконны гандаль беларускімі жанчынамі, абвінаваціў у арганізацыі гэтага злачыннага бізнэсу “шарлатанаў у амбасадах, асабліва ў амбасадах Усходняй Эўропы, якія дапамагаюць вывозіць людзей”. А таксама ён заявіў, што арганізатары такога бізнэсу ёсьць у буйных кампаніях і наўпрост назваў расейскі нафтавы гігант “Лукойл”, прадстаўнікі якога, “прыяжджалі сюды нафтай гандляваць, а жанчын пастаўлялі. Прытым партыямі ішлі, сотнямі. А сёньня сядзяць, паказаньні даюць”.

У цэнтральным офісе расейскай кампаніі “Лукойл” і ў яе даччыным прадпрыемстве “Лукойл-Беларусь”, зарэгістраваным у Беларусі, былі зьдзіўленыя такімі заявамі. Прадпрыемства “Лукойл-Беларусь” з гэтай нагоды распаўсюдзіла заяву для прэсы з паведамленьнем, што “ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці са статутам прадпрыемства”.

Супрацоўнік кампаніі Ўладзімер Кабанаў заявіў, што ніхто зь ягоных калегаў ня быў затрыманы паводле абвінавачаньня ў гандлі жанчынамі.

У галоўным офісе “Лукойлу” ў Маскве таксама зазначылі, што ніводзін супрацоўнік кампаніі не прыцягнуты да крымінальнага разьбіральніцтва і не дае ніякіх паказаньняў. Гаворыць супрацоўнік прэсавай службы “Лукойлу” Дзьмітры Далгоў:

(Далгоў: ) “Цяжка рабіць нейкія высновы, ацэнкі на падставе той дастаткова сьціслай інфармацыі, якая прагучала. У прынцыпе мы ня бачым сэнсу нават абмяркоўваць гэтую тэму, таму што там ніводнага прозьвішча не названа, ды і спрачацца з Аляксандрам Рыгоравічам таксама ня лічым магчымым”.

Спадар Далгоў мяркуе, што супрацоўнікам ягонай кампаніі, які знаходзяцца ў Беларусі, ня трэба баяцца рэпрэсіўных дзеяньняў з боку беларускіх уладаў.

(Далгоў: ) “Хай спачатку дакажуць, што тыя, каго яны там затрымалі ў сувязі з гэтым, зьяўляюцца супрацоўнікамі нашай кампаніі, а паколькі, як мы кажам, ніхто з супрацоўнікаў не затрыманы, то якія могуць быць рэпрэсіі?”

Словы Дзьмітрыя Далгова фактычна пацьвердзілі ў прэсавых службах Пракуратуры і МУС Беларусі, паведаміўшы, што, паводле апошніх крымінальных зводак, няма ніякай справы супраць супрацоўніка “Лукойлу” паводле абвінавачаньня ў гандлі жанчынамі.

Акрамя гэтага, Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў учора і польскую амбасаду — у вядзеньні антыўрадавай агітацыі сярод польскай меншасьці Беларусі. У амбасадзе Польшчы ў Менску занатавалі гэтыя словы і перадалі ў сваё МЗС для афіцыйнай рэакцыі. Прэс-аташэ польскай амбасады ў Беларусі Моніка Садкоўска гэтак ацаніла абвінавачаньне А.Лукашэнкі ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Садкоўска: ) “Гэта выклікала наша зьдзіўленьне, бо гэта зьяўляецца беспрэцэдэнтнай атакай, і мы ня бачым падставаў для такой атакі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG