Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі камэнтуюць абраньне новага папы?


Уладзімер Глод, Менск Па-рознаму ацэньваюць абраньне кардынала Ёзэфа Ратцынгера новым пантыфікам асобы, якія маюць у Беларусі непасрэднае дачыненьне да рэлігійных справаў. Адны спадзяюцца, што ён будзе працягваць традыцыі свайго папярэдніка, другія — што дыялёг паміж рознымі канфэсіямі набудзе новы імпульс, трэція, што адносіны між каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі могуць ускладніцца.

Намесьнік старшыні Камітэту ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Ўладзімер Ламека спадзяецца, што новы кіраўнік каталіцкай царквы працягне палітыку папы Яна Паўла ІІ:

(Ламека: ) “Мы за тое, каб мір і згода былі і надалей. Гэта тое, чаго дасягнуў папярэднік новага папы. Трэба, каб гэтыя пазыцыі ўмацоўваліся, бо сьвет дайшоў ужо да таго ўзроўню, што балянсуе на лязе самазьнішчэньня. І тое, што зрабіў Ян Павал ІІ, заслугоўвае павагі. І тое, як сьвет зь ім разьвітваўся, паказчык таго, што чалавецтва імкнецца ўсё ж да самазахаваньня. І гэта асноўнае, чаго мы чакаем ад Бэнэдыкта ХVІ. Каталіцызм — адна з самых магутных канфэсіяў на Зямлі, і разьлік вялікі робіцца, што будуць працягвацца добрыя традыцыі папярэдніка”.

Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка падкрэсьлівае, што новаабраны папа быў блізкім супрацоўнікам былога кіраўніка касьцёлу Яна Паўла ІІ. Гэта дае спадзяваньні на працяг таго кірунку, які быў вызначаны і пасьлядоўна ажыцьцяўляецца ўжо ў новым тысячагодзьдзі хрысьціянства:

(Дзям’янка: ) “Я цешуся з гэтага выбару і думаю, што новы пантыфік працягне справу, якую распачаў Ян Павал ІІ. Новы папа зь Нямеччыны — краіны, якую ад Беларусі аддзяляе толькі Польшча, і таму справы каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, цалкам у Эўропе яму добра вядомыя. Думаю, што заўсёды будць прымацца такія рашэньні, каб каталіцкі касьцёл дынамічна разьвіваўся. І касьцёл зможа дзякуючы новаму папу вырашаць тыя пытаньні, які ставяць час і ўмовы, у якіх мы жывем”.

Архімандрыт айцец Аляксей Шынкевіч зь Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы гаворыць, што новага аапу ведаюць як вельмі адказнага і адданага каталіка, які стаіць на абароне каталіцкіх догматаў, што, на думку праваслаўнага сьвятара, не дае падставаў для вялікіх спадзяваньняў на паляпшэньне адносінаў паміж каталікамі і праваслаўнымі:

(Шынкевіч: ) “Праваслаўная царква лічыць, што асаблівых паляпшэньняў у нашых адносінах ня будзе, таму што, менавіта будучы кардыналам, Ёзэф Ратцынгер рабіў дачыненьні між каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі больш жорсткімі. Канечне, у нас ёсьць надзея на аднаўленьне добрых адносінаў, але гэтая ініцыятыва мусіць зыходзіць менавіта ад каталіцкага касьцёлу. Але апошнія падзеі ва Ўкраіне і Расеі сьведчаць пра тое, што касьцёл усё ж застаецца на сваіх агрэсіўных, экспансіўных пазыцыях. І праваслаўная царква ня будзе глядзець на гэта абыякава. Мы спадзяемся, што Ёзэф Ратцынгер у якасьці новага папы будзе ўсё ж такі больш адказным, паколькі ён цяпер адказвае за ўсю каталіцкую царкву, за ўвесь рымска-каталіцкі касьцёл”.
XS
SM
MD
LG