Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрты Лявона Вольскага ў Амэрыцы


Ганна Сурмач, Менск Новая перадача сэрыі "Беларусы за мяжой". Удзельнікі: Андрэй Лабай (Дэлавэр), Сяргей Раманюк (Кліўленд), Лявон Вольскі (Беларусь).

Сёлетняй вясною беларуская дыяспара Амэрыкі ўпершыню мела магчымасьць непасрэдна пазнаёміцца з творчасьцю аднаго з самых вядомых сучасных беларускіх рок-музыкаў – Лявона Вольскага. Ягоную паездку за акіян арганізавала новая беларуская эміграцыя. Маладыя беларусы ў ЗША жадалі не толькі слухаць блізкія ім мэлёдыі, але й надавалі прыезду Лявона Вольскага значнасьць грамадзкай місіі. Наколькі пасьпяхова ўдалося ажыцьцявіць гэтую місію?

У адной з нашых папярэдніх перадачаў мы пазнаёмілі вас з маладымі беларускімі эмігрантамі, якія жывуць у амэрыканскім штаце Дэлавэр. Сталася так, што ў невялікім гарадку на ўзьбярэжжы акіяну пад назваю Рогабат Біч сабралася цэлая група беларускай моладзі. Спачатку прыехалі некалькі чалавек, а потым яны пачалі завабліваць туды сваіх сяброў і знаёмых, так стварыўся новы беларускі асяродак у Амэрыцы.

Я запрасіла да размовы аднаго з гэтых маладых людзей – Андрэя Лабая. Ён ужо два гады жыве ў Рогабат Біч, прыехаў у ЗША па студэнцкай візе.

Андрэй, як вашая грамада – папаўняецца новымі прыежджымі?

(Лабай: ) "Канешне, з кожным годам яна расьце, і ўсё больш беларусаў прыяжджае. Можа, на жаль, можа, на шчасьце застаюцца тут. У гэтым гарадку, ён вельмі маленькі, зараз беларусаў недзе 50-60 чалавек. У нас тут зараз такая суполка беларуская".

Вось менавіта гэтая суполка і арганізавала прыезд Лявона Вольскага з канцэртамі ў ЗША, а сам Андрэй Лабай быў непасрэдным выканаўцам справы, можна сказаць, узяў на сябе ролю імпрэсарыё музыканта. Хлопцы з Дэлавэру вырашылі такім своеасаблівым шляхам пачаць справу аб’яднаньня беларускай моладзі ў Амэрыцы.

(Лабай: ) "Канешне, трэба ж нешта рабіць. Тут вельмі шмат беларускай моладзі, яны па ўсіх штатах расьсеяныя і ніхто імі не займаецца. Мы вырашылі распачаць тут такую працу. Калі я сюды ўпершыню прыехаў, я адразу пабачыў, што тут шмат беларусаў і падумаў, чаму сюды не запрасіць Лявона Вольскага, тым больш што ў мяне зь ім добрыя кантакты".

Атрымаўшы згоду спадара Лявона, хлопцы ўзяліся за арганізацыйныя справы, якіх было нямала. Як вядома, нават зь візаю для спадара Вольскага напачатку ўзьніклі праблемы, але іх удалося хутка вырашыць, калі ў кансуляце зразумелі, што музыка едзе не на заробкі, а з дабрачыннымі канцэртамі да суродзічаў.

(Лабай: ) "Першы канцэрт быў у Рогабат Біч, у залі гатэля, дзе я працую, гэта самы вялікі гатэль у горадзе. Уваход быў вольны, мы зрабілі бясплатны канцэрт, рабілі за ўласныя сродкі, безь ніякіх спонсараў. Быў вельмі прыемны канцэрт, атмасфэра была маладзёвая, усе скакалі, сьпявалі, таньчылі, вельмі весела было, усім спадабалася. Канешне, былі амэрыканцы, былі мэксыканцы нават. Адзін мэксыканец пасьля канцэрта падышоў да Лявона, прасьпяваў яму песьню з "Крамбамбулі" – "Каміла, Каміла, мяне ты любіла...". Потым падараваў Лявону бутэльку тэкілы”.

А беларуская моладзь была толькі з Дэлавэру?

(Лабай: ) "Нават з Флярыды прыехалі хлопцы, з Атлянты, амаль суткі ехалі на машыне, не шкадавалі ні грошай, ні часу. Яны вельмі сумуюць па ўсяму беларускаму. Калі яны сюды прыехалі, трэба было бачыць іхныя твары, іхныя вочы. Усе казалі, што адчуваюць сябе, як у Менску. Такое сапраўды было ўражаньне, што Менск, толькі цалкам беларускамоўны, амаль што ўсе размаўлялі па-беларуску. Уражаньні такія, што словамі не перадаць. Вельмі прыемна было іх усіх бачыць. Кожны да мяне падыходзіў, дзякаваў, і пасьля гэтых словаў я зьбіраюся працаваць далей”.

Зьбіраецеся і надалей працягваць гэтую працу па кансалідацыі моладзі?

(Лабай: ) "Цяпер, пасьля канцэртаў, у нас зьявілася шмат кантактаў зь беларусамі зь іншых штатаў. Зараз будзем рабіць інтэрнэт-сайт, які будзе аб''ядноўваць моладзь беларускую ў Амэрыцы, з новай эміграцыі. Мы на восень плянуем, калі атрымаецца, знайсьці сродкі, прывезьці NRM, і Лявона таксама запрасіць ізноў”.

Калі амэрыканскім беларусам у іншых штатах стала вядома аб прыезьдзе Лявона Вольскага, музыка атрымаў запрашэньне выступіць і ў іншых беларускіх асяродках.

(Лабай: ) "Наступны канцэрт быў у штаце Агаё, у Кліўлендзе. Там жыве старэйшая дыяспара. Мы зь імі пазнаёміліся, з такімі добрымі людзьмі. Сяргей Раманюк зрабіў для нас экскурсію па горадзе, мы наведалі музэй рок-н-рола. Пасьля Кліўлянду быў канцэрт у Нью-Джэрсі, на сьвяткаваньні Дня волі па запрашэньню беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку. А потым 27 сакавіка быў апошні канцэрт у Нью-Ёрку, у царкве сьвятога Кірылы Тураўскага".

Гэтыя канцэрты сталі ня толькі культурнаю падзеяю для амэрыканскіх беларусаў, але і спрыялі актывізацыі беларускага грамадзкага жыцьця. Паслухаем спадара Сяргея Раманюка з Кліўленду – намесьніка старшыні Аддзела БАЗА ў штаце Агаё.

(Раманюк: ) "У Агаё і Кліўлендзе знаходзяцца дзесяткі, калі ня сотні беларусаў, якія не згуртаваныя. За апошнія гады прыехалі студэнты на вучобу, людзі, якія вышлі замуж ці ажаніліся, прыехалі па Грын-карце. Мы вырашылі, што выкарыстаем прыезд такога чалавека, якога новая генэрацыя вельмі добра ведае, паважае, і зьбярэм у “Полацку” беларусаў, каб ня толькі Лявона паслухаць, але і пазнаёміцца. Мы далі аб''яву ў мясцовую прэсу. Так што мы думалі, што мы яшчэ і людзей згуртуем вакол беларускага культурнага цэнтру".

І ўдалося?

(Раманюк: ) "Шчыра кажучы, удалося. Мы не спадзяваліся, што зьбярэцца надта шмат, бо ў Лявона была вельмі напружаная праграма, ён прыехаў да нас у пятніцу, гэта была ня толькі пятніца, але перадвялікодны пост. Але людзі прыехалі, быў добры канцэрт. Ня толькі слухалі музыку, але і куплялі яго дыскі. Потым мы пасядзелі разам у сяброўскай атмасфэры, пагаварылі. Так што была ня толькі музычная вечарына, гэта была сустрэча сяброў".

Падчас гэтай нефармальнай сустрэчы спадар Раманюк дамовіўся з хлопцамі з Дэлавэра аб далейшым супрацоўніцтве і нават запрасіў іх прыехаць у Беларускі культурны цэнтар “Полацак” у Кліўлендзе, каб працаваць там.

(Раманюк: ) "Гэта было б вельмі добра, каб яны прыехалі сюды на даўжэйшы час і яны маглі б працаваць у канцэртнай сфэры. Якім чынам? Тут ёсьць беларускае асяродзьдзе, але сьпевы Лявона, я упэўнены, зацікавілі б і людзей у культурнай грамадзе украінцаў, таксама габрэяў. Таму, я думаю, што тут можна было б арганізоўваць бардаўскія канцэрты. Тым больш, што "Полацак" мае выдатную залю. З дапамогаю гэтых хлопцаў мы маглі б запрашаць музыкантаў і зьбіраць беларускую аўдыторыю.

Я ведаю, што сюды зьбіраецца прыехаць Купалаўскі тэатар зь Менску. Я лічу, што да яго была б цікавасьць ня толькі ў беларусаў. Яны едуць у Бостан па запрашэньні нейкай тэатральнай арганізацыі. Калі яны прыедуць у Бостан да амэрыканцаў, то чаму б ім не прыехаць і да беларусаў у Нью-Ёрку, Нью-Брансвіку, у Кліўленд?”

Вядома, што старэйшыя беларускія асяродкі ў ЗША перажываюць зараз нялёгкія часы: старэйшыя ўжо ня маюць магчымасьці падтрымліваць грамадзкае жыцьцё, а моладзь яшчэ не пераняла іх справы. Культурны цэнтар “Полацак” таксама паволі прыходзіць у занядбаньне.

(Раманюк: ) "Ажывіць можна толькі такім чынам – прыездамі выдатных сьпевакоў, прыездамі моладзі, тым, што прыцягне новых актыўных людзей. Грамада старэе, але ёсьць база, ёсьць мейсца, дзе зьбірацца, дзе працаваць, ёсьць архівы, бібліятэка і сродкі фінансавыя, невялікія, але ёсьць.

Тут некалькі пакояў ёсьць, дзе можна было б прымаць студэнтаў. Была думка запрасіць студэнтаў-беларусаў, я меў размову з чыноўнікам з Каламбуса, з офісу губэрнатара аб тым, што там ёсьць праграма унівэрсытэта аб запрашэньні студэнтаў з Усходняй Эўропы. Частку расходаў бярэ на сябе ўрад, а частку можа ўзяць на сябе беларуская грамада. Гэта было б рэальна. Трэба адраджаць тое, што рабілася тут цягам 50 гадоў.

Лявон – таленавіты чалавек, і чым часьцей бы ён прыяжджаў, дык нешта было б. На самай справе і моладзь да яго цягнулася, вакол яго могуць аб''ядноўвацца маладыя людзі, якія прыехалі сюды. Ён мае здольнасьці і жаданьне, каб рабіць прапаганду нашай культуры, свайго”.

Андрэй Лабай таксама кажа, што яны маюць намер выкарыстаць прапанову спадара Раманюка аб сумеснай працы па арганізацыі новых канцэртаў.

(Лабай: ) "Можа, увосень паедзем да іх і будзем нешта рабіць разам. Там старэйшыя людзі, і патрэбная новая хваля. Мне гэта вельмі прыемна рабіць, я ў Беларусі нечым падобным займаўся, рабіў сайты музычныя. Імпэт ёсьць вялікі”.

А як ацэньвае свае канцэрты для амэрыканскіх беларусаў сам музыка – спадар Лявон Вольскі?

(Вольскі: ) "Наколькі я разумею, упершыню сабралася так шмат маладых людзей з усіх куткоў ЗША. Яны былі зацікаўленыя ў такой моладзевай акцыі. Наш новы досьвед паказвае, што такім чынам можна аб''яднаць маладых беларусаў, якія зараз знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, у прыватнасьці, у ЗША, не палітычнымі акцыямі, ня нейкімі іншымі традыцыйнымі шляхамі, а менавіта шляхам такога аб''яднаньня праз музычнае мастацтва. Дарэчы, у Беларусі моладзь таксама аб''ядноўваецца на канцэртах, прыходзіць да беларускасьці менавіта праз музыку".

Вы адчулі, што для моладзі гэта была вельмі патрэбная сустрэча ў сэнсе маральнай падтрымкі?

(Вольскі: ) "Безумоўна, яны ўсе прыехалі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, нікога не было з чырвона-зялёнымі. Павывешвалі з вокнаў машынаў гэтыя сьцягі, засяліліся ў гатэль і там павывешвалі з гаўбцаў гэтыя сьцягі. Размаляваліся, як футбольныя фанаты, у бел-чырвона-белыя колеры. Усё выглядала досыць кранальна. Вельмі бурна рэагавалі, ведалі песьні. Гэта было прыемна. І самае галоўнае – досьвед, што гэтым мы аб''ядноўваем маладых беларусаў у Злучаных Штатах. І гэта трэба працягваць далей, вывозіць туды гурты. Да палякаў, да украінцаў там часта прыяжджаюць нейкія знакамітасьці нацыянальныя, а нашыя сядзяць без ніякага культурнага жыцьця”.

Такім чынам, Вашая паездка была не толькі творчая, але мела і грамадзкую значнасьць?

(Вольскі: ) "Мы перад выездам думалі разам з дэлавэрскімі беларусамі, што гэта галоўная задача, каб людзі пасьля канцэрту пазнаёміліся, аб''ядналіся, пачалі перапісвацца. Так і атрымалася: у іх стала шмат новых знаёмых беларусаў, яны зараз сустракаюцца, кантактуюць, прыяжджаюць у госьці адзін да аднаго”.

Вы, спадар Лявон, сам сталі сьведкаю тых працэсаў, якія адбываюцца зараз у беларускай дыяспары, у прыватнасьці ў Амэрыцы, што старэйшае пакаленьне адыходзіць, пакідае створаныя імі асяродкі, той жа "Полацак" няма каму перадаваць. І вось сапраўды, наколькі гэта важна падтрымаць там зараз беларускае жыцьцё, арганізаваць новую маладую эміграцыю?

(Вольскі: ) "Ёсьць такая праблема, сапраўды, няма такой арганізаванай новай беларускай хвалі эміграцыі. Трэба гэта захаваць неяк, магчыма і такім чынам, праз канцэрты прывесьці людзей да беларускасьці нармальнай, каб была зьмена. Зараз яе няма, дзеці старэйшай эміграцыі, якія стварылі "Полацак", ужо асыміляваныя ў амэрыканскае жыцьцё. Застаецца спадзявацца на гэтых новых маладых людзей, якія прыехалі”.

Трэба, як бачым, больш актыўна дапамагаць ім зь Беларусі?

(Вольскі: ) "Безумоўна, у гэтым наша задача і ёсьць. Сытуацыя такая. што мы тут ня ў лепшым стане знаходзімся ў Беларусі, а яны зусім там кінутыя. Адсюль ніхто ня езьдзіць са знакамітых творчых людзей. Атрымліваецца, што гэта нецікава ім туды езьдзіць”.

Вядома, што гэта ня так проста – візы, кошты?

(Вольскі: ) "Гэта падаецца праблемаю, але ўсё гэта вырашальна. На сваім досьведзе скажу, бо нам таксама напачатку не вельмі хацелася ехаць. Усё гэта пераадольна, усё можна зрабіць".

І, урэшце, для Вас самога гэтае падарожжа было цікавым?

(Вольскі: ) "Вельмі цікавым: гэта зусім іншы край, іншыя законы, іншая сыстэма вымярэньня, іншая ступень свабоды, іншыя людзі. У Нью-Ёрку сутыкаесься з такім Бабілёнам, людзі розных нацыяў. Канешне, там дыхаецца вальней, чым у нас, разоў так у сто. У нас усё ж гэтай свабоды практычна зараз няма. Адчувалі сябе нават больш камфортна, чым дома. У Беларусі ўсё роўна ты вымушаны знаходзіцца як бы ва ўнутранай эміграцыі”.

Маеце намер паехаць яшчэ з канцэртамі ў ЗША?

(Вольскі: ) "Безумоўна, безумоўна, яна як бы вельмі прыцягвае, гэтая краіна. Заставацца там я не зьбіраюся, канешне, але, рэгулярна трэба наведваць, бо ёсьць усё ж такая грамадзка-культурная місія, і яе трэба выконваць".
XS
SM
MD
LG