Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: Ці экспартуюць “каляровую” рэвалюцыю ў Беларусь палякі ды ўкраінцы?


Галіна Абакунчык, Менск Падчас штогадовага звароту да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і беларускага народу кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Польшча і Ўкраіна праз беларускіх каталікоў і палешукоў “падбухторваюць насельніцтва”, каб дэстабілізаваць унутрыпалітычнае становішча ў Беларусі. А таксама “выпрацоўваюць, што яны будуць рабіць у 2006 годзе”, падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Што пра гэта ведаюць грамадзяне краіны й як яны ставяцца да такіх выказваньняў? Гэтым пытаньнем у мінакоў на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) "Не, я ня думаю, што праз каталікоў у нас будзе рэвалюцыя. Рэвалюцыя калі будзе, дык знутры самой краіны. Каталікі тут ні пры чым абсалютна Заўжды наш народ быў шматканфэсійны, і ўсё было нармальна, і зараз усё будзе нармальна".

(Спадарыня: ) "Я ў палітыку не мяшаюся, але лепш каб у нас было ўсё ціха і спакойна. Не люблю баптыстаў, не хаджу ні на якія зборы. А Лукашэнку слухала, ён правільна шмат чаго казаў".

(Хлопец: ) "Наш прэзыдэнт нагадвае мне... як у калгасе. Адукаваныя людзі так ня робяць".

(Спадарыня: ) "Тыя палякі, украінцы, якія жывуць у Беларусі, ня могуць зрабіць нешта дрэннае для нас, яны ж у нашай краіне. Гэта ўсё толькі чуткі, ня ведаю чаму так гавораць. Сяброўка мая была баптыстка, і нічога такога яна мне не казала, і ніякіх такіх думак яны не выказваюць. Мне падаецца, што гэта робіцца для таго, каб паставіць пад сумнеў любую веру, акрамя праваслаўнай".

(Спадар: ) "Ня ведаю, пры чым тут каталікі і іншыя. Мне здаецца, усё вызначыць эканоміка. А прычым тут веравызнаньне? Мне здаецца, гэта нацягнутае пытаньне".

(Спадарыня: ) "Ну, можа быць, што БНФ і Пазьняк католікі, можа, таму. Католікаў я знаю, у нас ёсьць – ціхія, добрыя людзі".

(Спадарыня: ) "Калі гэта кажуць з боку ўладаў, значыць, мабыць, народ будзе верыць і насьцярожана пачувацца ў дачыненьні да іншых канфэсіяў і нацыянальнасьцяў. Нельга, мабыць, казаць такое з боку ўладаў".

(Спадар: ) "У мяне шмат сяброў сярод каталікоў. Ні разу ня чуў, каб у касьцёле, калі ксёндз служыць імшу, што-небудзь такое гаварылася, тым больш наконт палітыкі дзяржавы. Наколькі я ведаю, каталіцкая царква ўвогуле далёкая ад нашай дзяржавы. Праваслаўная, паколькі яна дзяржавай падтрымліваецца, яна найбліжэй да гэтага. Усякі разумны, чалавек каб зьяднаць народ, ён ніколі ня будзе цкаваць адных на другіх. Калі гэта зроблена менавіта з такой нагоды, то канечне, мне гэта не падабаецца".
XS
SM
MD
LG