Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “На працу альбо ў рабства?”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку.

“Бобруйский курьер” правёў рэйд па кропках, якія гандлююць сьпіртам і самаробнымі сьпіртовымі напоямі. Міліцыя разам з журналістамі “накрыла” гандляроў, якія прадавалі 98-градусны тэхнічны сьпірт, прывезены з Расеі. Газэта правяла экспрэс-апытаньне, як народ ставіцца да людзей, што гоняць самагон ці самаробныя напоі са сьпірту. Як ні дзіўна, шмат бабруйчанаў гэтага не асуджаюць і не баяцца атруціцца невядома якім пойлам…

На Бабруйшчыне ідзе нарыхтоўка бярозавага соку. Але з-за фінансавых цяжкасьцяў на кансэрвавых заводах сёлета соку нарыхтавана амаль у 6 разоў менш чым летась – толькі 47 тысяч літраў (летась было больш за 300 тысяч літраў), паведамляе “Бобруйский курьер”.

Сьветлагорская газэта “Ранак плюс” распавядае пра візыт на “Хімвалакно” патэнцыйных інвэстараў з “Сыбуру” – Сыбірска-Ўральскай нафтагазавай кампаніі. “Сыбур” праводзіў тэхнічны аўдыт стану вытворчасьці віскознага корду, матэрыялу для вырабу аўтамабільных шын. У 90-я гады “Хімвалакно” вырабляла больш за 40 тысяч тон корду, цяпер – толькі 5 тысяч тон у год. На думку журналістаў, расейцы маюць намер скупіць вытворчасьць віскознага корду.

“На працу альбо ў рабства?” – у матэрыяле з такім назовам жыхарка Сьветлагорску, што езьдзіла на заробкі ў Японію, дае парады жанчынам, якія таксама хочуць паехаць за мяжу, на што зьвяртаць увагу ў кантракце, як перасьцерагчыся і ня трапіць у няволю, куды зьвяртацца па дапамогу.

“Газэта Слонімская” паведамляе, што ў раёне ў хуткім часе плянуецца стварыць 17 аграгарадкоў. Журналісты цытуюць Аляксандра Лукашэнку: “Ідучы ад жыцьця, мы абавязаны цягам найбліжэйшых пяці гадоў прывесьці ўсё ў парадак.”. І тут жа выказваюць сумнеў: “Але ж свой парадак прэзыдэнт наводзіць ужо больш як 10 гадоў па ўсёй краіне і ва ўсіх галінах гаспадаркі, а яго ўсё бракуе. Апошнія гады ў вёсках закрываюцца школы ды не працуюць лазьні. Самы раз пачынаць будаваць там аграгарадкі ўзорнага парадку!” – піша “Газэта Слонімская”.

У Слоніме тэрмін выдачы кнігі скаргаў працягнуты да вечара серады 20 красавіка. На 19 красавіка кнігі атрымалі толькі 55% суб’ектаў гаспадараньня. Тым, хто не пасьпее атрымаць кнігу скаргаў, пагражае штраф ад 102 да 255 тысяч рублёў. А вось кіраўнік Слонімскага моладзевага аб’яднання “Ветразь” Алесь Масюк у сваёй заяве ўказаў, што для яго арганізацыі патрэбны адзін экзэмпляр Кнігі скаргаў і прапановаў на беларускай мове. Аднак увесь наклад кнігі быў надрукаваны па-расейску. Таму задаволіць заяву Масюка раённая падатковая інспэкцыя не змагла і накіравала яе на разгляд у абласную інспэкцыю, паведамляе “Газэта Слонімская”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” ў матэрыяле “Вэтэраны супраць “Чонкіна?” праводзіць расьсьледаваньне, чаму ў Менску адменены маскоўскі спэктакль з Валерыем Гаркаліным у галоўнай ролі пра дзіўнаватага героя Ўладзімера Вайновіча. Паводле вэрсіі дырэктара Дома афіцэраў Аляксея Дарохіна, з 24 красавіка па 9 траўня на сцэне Дому афіцэраў будуць праводзіцца мерапрыемствы для вэтэранаў вайны. Паводле іншай вэрсіі, беларускія вэтэраны зноў напісалі зварот у Міністэрства абароны. Ім вельмі не спадабаўся спэктакль “Чапаеў” па раману Віктара Пелевіна з Гошам Куцэнкам у галоўнай ролі. А тут яшчэ “Чонкін”, які – цытую – “глуміцца над гераічнай Чырвонай Арміяй і ўсім рускім народам…"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG