Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

20 красавіка 1986 году "аўганцы" зьбілі ўдзельнікаў Гуканьня вясны ў Менску


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 20 красавіка

20 красавіка ў Ізраілі афіцыйна адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Галакосту.

20 красавіка 1910 году добраахвотна пайшоў з жыцьця беларускі літаратар, супрацоўнік газэты “Наша Ніва” Сяргей Палуян. Ён памёр у Кіеве – прычынай ягонае сьмерці называюць галечу і голад. Сьмерць 19-гадовага Палуяна, якога вельмі любілі ў Беларусі, стала сапраўдным шокам для тагачасных пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня. Многія паэты прысьвяцілі яму свае вершы, а Максім Багдановіч свой адзіны прыжыцьцёвы зборнік паэзіі “Вянок” выпусьціў з падзагалоўкам: “Вянок на магілу Сяргея Палуяна”.

20 красавіка 1923 году прэм’ер-міністар Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі Вацлаў Ластоўскі ідзе ў адстаўку з пасады кіраўніка ўраду. Ён разумее, што БНР ня мае рэальнае ўлады, але і БССР – зусім ня тая дзяржава, якую можна было б назваць незалежнай і самастойнай краінай. У гэты дзень Ластоўскі пакідае наступны запіс: “У Савецкай Беларусі “Незалежная” Сацыялістычная Беларуская Рэспубліка ня мае ні сваіх уласных грошай, ні свайго беларускага войска, ні сваёй асобнай беларускай пошты, ні сваіх чыгунак, ні сваіх прадстаўнікоў за граніцай. Якая ж незалежнасьць, калі грошы ў руках маскалёў, войска ў маскальскіх руках, чыгунка і пошта ў іх і зносіны з заграніцай у іх...”

20 красавіка 1986 году ў менскім Траецкім прадмесьці адбыўся напад атраду вэтэранаў аўганскай вайны на падлеткаў, якія сьвяткавалі тут традыцыйнае сьвята Гуканьня вясны. “Аўганцы”, якімі кіравалі ЦК ЛКСМБ і Менскі гаркам КПБ, жорстка зьбівалі школьнікаў адно за іхнюю беларускую мову і беларускія песьні.

20 красавіка 1889 году нарадзіўся адзін з самых адмоўных пэрсанажаў чалавечае гісторыі – Адольф Гітлер, які ўзяўся наводзіць у сьвеце новы парадак праз забойства мільёнаў ні ў чым невінаватых людзей. Аднак ня ўсе ў сучасным сьвеце ставяцца да асобы Гітлера аднолькава асуджальна. Варта прыгадаць словы, сказаныя пра нямецкага тырана цяперашнім кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у 1995 годзе, на самым пачатку ягонага прэзыдэнцтва: “Ня ўсё толькі дрэннае зьвязана ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам... Гітлер сфармаваў магутную Нямеччыну, дзякуючы моцнай прэзыдэнцкай уладзе. Нямецкі парадак фармаваўся вякамі, і пры Гітлеры гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшага пункту. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта”.
XS
SM
MD
LG