Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партал TUT.BY – вымушаная самацэнзура?


Севярын Квяткоўскі, Менск "Не за гарамі – судовыя працэсы, якія ўзьнікнуць з наіўнасьці і недальнабачнасьці інтэрнэт-карыстальнікаў", заявіў кіраўнік найбуйнейшага беларускага інтэрнэт-парталу Юры Зісер у адмысловай адозьве да карыстальнікаў TUT.BY. І найперш – да дваццаці тысяч зарэгістраваных удзельнікаў форумаў парталу. Цяпер з форумаў TUT.BY будуць выдаляцца любыя паведамленьні, якія пададуцца адміністрацыі супрацьпраўнымі: абразай альбо прапагандай крыміналу. У скрайніх выпадках адміністрацыя пакідае за сабой права на скасаваньне паштовых скрыняў карыстальнікаў. Юры Зісер нагадаў, што кожнага карыстальніка інтэрнэту могуць знайсьці спэцслужбы. Чым выкліканыя такія засьцярогі?

Вядома, што кожны інтэрнэт-рэсурс мае свайго адміністратара, які сочыць за вызначаным парадкам на форумах. Для чаго кіраўніку TUT.BY спатрэбілася адмысловая адозва з напамінам пра спэцыяльныя карныя меры?

Сапраўды, звычайна гаспадары ставяць спэцыяльныя фільтры для нецэнзурных словаў. А найбольш абразьлівыя паведамленьні выдаляюць. Юры Зісер не хавае, што ягоныя захады выкліканыя палітычнай сытуацыяй. Паслухаем камэнтар дырэктара TUT.BY:

(Зісер: ) "Нам падаецца, што так будзе больш бясьпечна для TUT.BY, калі людзі болей ня змогуць пісаць на форумах абражальныя выказваньні пра прэзыдэнта ці пра каго іншага наогул. Інакш мы папросту пачнём падводзіць нашых карыстальнікаў. Бо людзі думаюць, што яны ананімныя. Калі яны абражаюць адно аднаго – гэта нішто. Але калі абражаюцца службоўцы – гэта можа мець для іх наступствы".

(Карэспандэнт: ) "Для вас, для TUT.BY гэта можа мець наступствы?"

(Зісер: ) "Без сумневу, калі будуць пазовы, яны будуць падавацца і на нас, і на тых, хто піша. Тое, як адбываецца з СМІ, як "БДГ" зачыняюць. Супраць нас выставяць сто мільёнаў рублёў, і нас ня будзе. Папросту, мы вырашылі застрахавацца. Мы зандыруем грамадзкае меркаваньне "наверсе" – што пра нас думаюць. І ведаем, што канкрэтна незадаволеныя нашымі форумамі".

Што да пагрозы судоў супраць карыстальнікаў, сытуацыя выглядае менш выразна. У Беларусі існуе спэцыяльны міліцэйскі аддзел, які змагаецца зь інфармацыйнымі злачынствамі. Беларусь ад канца 1990-х на версе ўсясьветнага рэйтынгу сярод падобнага крыміналу: крадзеж грошай з электронных картак, распаўсюд парнаграфіі і г.д. Што да пошуку аўтараў паведамленьняў на форумах, вось словы аднаго з афіцэраў аддзелу па барацьбе з інфармацыйнымі злачынствамі:

(Міліцыянт: ) "Мы займаемся сур''ёзнымі правапарушальнікамі. Падобнымі рэчамі не займаемся. Чыста тэарэтычна Зісер у сваёй адозьве мае рацыю: мы можам высьветліць аўтара паведамленьня на форуме. Але мы гэтым не займаемся. Калі будзе даручэньне – будзем гэтым займацца. Мы ж ня самі шукаем сабе працу".

Варта заўважыць: пошук адраса кампутара, зь якога прыйшло паведамленьне, можа заняць шмат часу. А мой міліцэйскі суразмоўца кажа, што ягоным калегам бракуе часу на пошук сур''ёзных злачынцаў. Да таго ж, на форумах TUT.BY шмат карыстальнікаў з замежжа.

Вось цытаты некаторых камэнтароў да адозвы Юрыя Зісера, узятых з форуму TUT.BY:

"У маштабах дзяржавы гэта чарговы крок да закрыцьця грамадзтва".

"Няўжо ўсе тыя, хто абураны ўзгадваньнем усялякіх органаў, не здагадваліся пра іхную прысутнасьць на форумах раней? Я застаюся, буду выказваць сваё меркаваньне гэтаксама, як і раней".

"Вядзецца масавая работа па прамыўцы галоваў перад будучымі выбарамі. І тое, што TUT.BY станецца ейным аб''ектам, было зразумела ўжо даўно".

Ці існуе ў Беларусі прававая база для перасьледу за выказваньні на інтэрнэт-форумах? Цяпер толькі рыхтуецца новая рэдакцыя закону Аб друку, дзе сярод іншага мае быць вызначаны статус інтэрнэту. Вось камэнтар юрыста Андрэя Бастунца, які спэцыялізуецца ў праве мэдыяў:

(Бастунец: ) "Сёньня ў законе аб друку нічога пра інтэрнэт не сказана. Тыя рэдакцыі закону аб друку, якія я бачыў, там таксама толькі першыя крокі зробленыя, каб рэгуляваць інтэрнэт".

Нагадаю, што ўпершыню ўлады прымянілі масавую цэнзуру беларускага інтэрнэту ў часе прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня 2001 году. Тады былі заблякаваныя ўсе апазыцыйныя сайты. Такая сытуацыя магчымая таму, што дзяржаўнае прадпрыемства "Белтэлеком" ёсьць манапалістам у сфэры інтэрнэт-паслугаў. А зусім нядаўна ў Горадні быў звольнены адміністратар інтэрнэт-форуму на сайце гарадзенскага тэлекому. Прычына – апазыцыйнасьць выказваньняў наведнікаў форуму.
XS
SM
MD
LG