Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палякі й пратэстанты Берасьцейшчыны рэагуюць на заявы Лукашэнкі


Валер Каліноўскі, Менск 19 красавіка падчас выступу з пасланьнем Нацыянальнаму сходу Аляксандар Лукашэнка нечакана закрануў далікатную тэму міжнацыянальных і міжканфэсійных адносінаў, зазначыўшы, што паміж беларускіх католікаў, палякаў, палешукоў праводзіцца нейкая праца, каб схіліць іх супраць дзейнай улады. Гэтая размова вялася ў кантэксьце вострага непрыняцьця А. Лукашэнкам магчымасьці аксамітнай рэвалюцыі ў Беларусі па прыкладзе Украіны і Грузіі. Як ацэньваюць гэтыя заявы прадстаўнікі рэлігійных і нацыянальных меншасьцяў, палітолягі і навукоўцы?

Асаблівы акцэнт быў зроблены А. Лукашэнкам на беларускіх паляках, ці сапраўды сярод іх вялікае незадавальненьне ўладамі, якое магло б перарасьці ў рэвалюцыйныя настроі. Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў польскую амбасаду ў Менску ў падрыўной працы, у агітацыі беларускіх палякаў супраць дзейнай улады. Прычым нават праз касьцёл.

У самой амбасадзе былі відавочна зьбянтэжаныя такой заявай, дый прадстаўнікі польскай мяншыні – таксама. Адзін з лідэраў польскага нацыянальнага руху ў Беларусі Тадэвуш Гавін кажа, што ні амбасада, ні касьцёл ніякай палітычнай працы супраць уладаў не вядуць. На думку спадара Гавіна, гэта правакацыя з боку тых, хто інфармаваў А. Лукашэнку, накіраваная супраць беларускіх палякаў.

У сваіх адносінах да ўлады беларускія палякі, як і беларусы, падзеленыя на тых, хто падтрымлівае А. Лукашэнку і хто не падтрымлівае, гэта нармальна,– разважае Тадэвуш Гавін. І ў любым выпадку людзі, якія адчуваюць сябе меншасьцю ў краіне, проста з меркаваньняў самазахаваньня ня будуць каталізатарам палітычных узрушэньняў. Калі ж нейкія падзеі пачнуцца, то беларускія палякі будуць да іх адносіцца гэтак жа, як і беларусы.

(Гавін: ) “Я думаю, што будуць удзельнічаць людзі, і шмат людзей. Бо бясконца нельга людзей падманваць. Прыкладам падману – выбары ў мясцовыя саветы, выбары ў парлямэнт, дзе ідзе адна хлусьня, дзе абіраюць толькі тых, каго хоча там бачыць Лукашэнка, адданых яму. І што самае крыўднае, што гэтыя людзі нічога добрага для Беларусі ня зробяць, у тым ліку і для Лукашэнкі”.

Спадар Гавін перакананы, што прадстаўнікі меншасьці будуць браць удзел у значных падзеях не як палякі ці каталікі, а як грамадзяне Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка таксама зазначыў, што нейкая апазыцыйная праца вядзецца на Палесьсі. Ці ёсьць там падставы для такога клопату? Шчыра кажучы, размовы пра палітызацыю па нейкай рэгіянальнай прыкмеце палешукоў маюць яшчэ меней падставаў, чым у выпадку з палякамі. Відаць, тут клопат А.Лукашэнкі палягае ў тым, што Берасьцейшчына мяжуе з рэвалюцыйнай цяпер Украінай, і што там жыве шмат пратэстантаў, якія маюць кантакты з адзінаверцамі ў ЗША. Аднак пратэстанты вельмі далёкія ад палітыкі, перакананы Іван Пашкевіч, былы дэпутат парлямэнту ад Століншчыны і адзін зь вернікаў-пратэстантаў.

(Пашкевіч: ) “Наадварот, пратэстанцкая царква не займалася палітыкай, не займаецца, скажам так: Богу Богава, а кесару кесарава… Пратэстанцкая царква, у адрозьненьне ад праваслаўнай, не заключала ніякага пагадненьня з уладамі, не падавала нават заяўкі на падпісаньне такіх дамоўленасьцяў. Яна па-за палітыкай, таму я нават не ведаю, што меў на ўвазе прэзыдэнт”.

А што гавораць беларускія навукоўцы на тэму міжканфэсійнага і міжнацыянальнага міру ў краіне ў сьвятле пэўнай палітызацыі гэтай тэмы прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам? Акадэмік Аляксандар Вайтовіч перакананы, што сваімі заявамі Аляксандар Лукашэнка падсьвядома прызнае, што ў нацыянальных меншасьцяў ёсьць пэўныя праблемы, і што ўвогуле ў грамадзянаў ёсьць прычыны быць незадаволенымі ўладамі і адстойваць свае правы. Аднак, на думку спадара Вайтовіча, меншасьці ня будуць каталізатарам гэтага працэсу.

(Вайтовіч: ) “Тут ужо няважна, меншасьці адстойваюць ці ня меншасьці, але адстойваюць – значыць, правы ў чалавека нейкія так парушаныя, што людзі гатовыя нават адстойваць іх такім чынам, як гэта рабілася ва Ўкраіне”.

Іншы вядомы навуковец, Іван Саверчанка, аўтар новай кнігі па чалавечым вымярэньні ў Беларусі, таксама перакананы, што ад палякаў, палешукоў, украінцаў не было і няма пагрозы для беларускай дзяржаўнасьці, няма пагрозы ані ад каталіцкага касьцёла ці пратэстанцкіх цэркваў. Беларусь шмат стагодзьдзяў існуе як поліэтнічная і поліканфэсійная. Пра меншасьці ж трэба клапаціцца ў адпаведнасьці зь беларускімі законамі і міжнароднымі канвэнцыямі, перакананы спадар Саверчанка.

(Саверчанка: ) “Мне думаецца, што сёньня няма ніякіх падставаў для такога экстрыму, нэрваваньня. Трэба не ствараць напружаньня. Вось ужо дзе-дзе, але пагрозы з боку нацыянальных меншасьцяў аніякай няма. Дый я ня бачу сёньня пагрозаў для Беларусі – ні вонкавых, ні ўнутраных”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG