Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палякі вераць, што Бэнэдыкт XVI будзе працягваць справу Яна Паўла ІІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Як успрынялі выбар новага папы ў Польшчы? Палякі спадзяюцца, што новы папа Бэнэдыкт XVI будзе, таксама як і ягоны вялікі папярэднік Ян Павал Другі, шмат падарожнічаць, несьці слова Хрыста ў сьвет. Палякі хочуць, каб першай пілігрымкай Бэнэдыкта XVI была пілігрымка ў Польшчу.

Палякі, як і каталікі ўсяго сьвету, перадусім цешацца, што новы Папа абраны. Але ў Польшчы з задавальненьнем падкрэсьліваюць, што кардынал Ёзэф Рацынгер быў адным з найбольш блізкіх супрацоўнікаў і дарадцаў Яна Паўла другога.

"Не было такога дакумэнту Яна Паўла другога, які не прайшоў бы праз рукі Ёзэфа Рацынгера, да таго ж папа-паляк нярэдка казаў: “трэба было б запытацца, што думае кардынал Рацынгер”, заявіў арцыбіскуп Славой Лешэк Глудзь, які лічыць, што Папа Бэнэдыкт XVI будзе працягваць лінію свайго папярэдніка.

Адметна, што так лічаць ня толькі царкоўныя асобы, але й сьвецкія – напрыклад міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд ці былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

“Гэта добры выбар; упэўнены, што папа Бэнэдыкт XVI будзе працягваць справу Яна Паўла Другога”, сказаў Валэнса.

Палякі чакаюць, што новы папа будзе шмат падарожнічаць, а зь першай пілігрымкай накіруецца ў Польшчу. Вось што сказаў дамініканін Нікадэм Бжузы:

(Бжузы: ) “Паколькі папа цяпер для мільёнаў людзей – гэта папа-пілігрым, які ня толькі прымае людзей на аўдыенцыях у Ватыкане, але і сам да іх едзе, да розных народаў, у розныя краіны. Гэтага нельга страціць, бо гэта было б крокам назад”.

Яшчэ ў Польшчы многія кажуць пра непакой, а менавіта: ці зможа новы папа быць таксама адкрытым, наватарскім, харызматычным, застаючыся пры гэтым у пэўнай ступені кансэрватарам – карацей, такім, якім быў Ян Павал Другі.
XS
SM
MD
LG