Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзкія дзеячы Беларусі камэнтуюць абраньне новага папы


Уладзімер Глод, Менск Зьяўленьне новага пантыфіка выклікала надзвычайную цікавасьць і ў Беларусі. Ці можа новы кіраўнік каталіцкай царквы паўплываць на сытуацыю ў Беларусі? Наш менскі карэспандэнт папрасіў выказаць свае меркаваньні на гэты конт вядомых менскіх дасльдечыкаў.

Дырэктар Цэнтру ў справе эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў лічыць, што нейкіх кардынальных зьмяненьняў чакаць цяжка:

(Шаўцоў: ) "Ніякіх прынцыповых зьменаў, я думаю, ня будзе, бо і Ян Павал ІІ быў даволі кансэрватыўным папам. Новы папа таксама мае рэпутацыю кансэрватыўнага. Перад каталіцкай царквою ў сьвеце існуе вельмі шмат праблемаў. І ў лік іх Беларусь, я думаю, не ўваходзіць. Акрамя таго, нашая каталіцкая царква ёсьць досыць стабільнай сыстэмай".

Доктар філязофіі Вячаслаў Оргіш засяроджвае ўвагу на нацыянальнасьці новага папы. Яму, на думку філёзафа, праз добрыя стасункі Пуціна й Шродара будзей лягчэй наладзіць кантакты з праваслаўнай царквой Расеі, і зь яе дапамогай уплываць на палітычнае ды культурнае становішча ў Беларусі.

(Оргіш: ) "На мой погляд, узьдзеяньне заходніх каштоўнасьцей праз каталіцкую царкву таксама захаваецца й нават, я мяркую ды спадзяюся, узмацніцца. Чаму?

Мы ведаем, што папа Ян Павал ІІ вядомы сярод іншага тым, што ён вельмі актыўна выступаў супраць таталітарных сыстэмаў. Ён рабіў захады для таго, каб наладзіць больш добрыя адносіны з праваслаўнай царквой. Але ў Расеі было шмат людзей, якія памяталі пра ролю папы ў падзеньні камунізму. Кансэрватыўныя колы расейскага грамадзтва перашкодзілі таму, каб Папа пабываў у Расеі і наладзіў лепшыя стасункі з праваслаўнымі.

Мне падаецца, што Ратцынгеру гэта будзе зрабіць прасьцей, бо ён – немец. Мы ведаем, што цяпер паміж Нямеччынай і Расеяй вельмі добрыя стасункі і Пуцін з Шродэрам сябруюць асабіста. Мне падаецца, што гэта будзе дадатковай падставай для таго, каб пытаньне аб візыце папы рымскага ў Расею прасоўвалася больш імкліва. Праз наладжваньне кантактаў з расейскім бокам, з рускай праваслаўнай царквой каталіцкая царква й Захад здолеюць больш рашуча ўзьдзейнічаць і уплываць на культурнае й палітычнае жыцьцё ў Беларусі".

Вядомы беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч упэўнены, што зьяўленьне новага кіраўніка каталіцкай царквы ня будзе кардынальна адбівацца на сытуацыі ў Беларусі:

(Акудовіч: ) "Я хутчэй схільны сказаць проста й досыць катэгарычна: амаль напэўна гэта істотна не адаб''ецца на нашай сытуацыі, бо, па-першае, малаверагодна, што мы будзем мець паўтор – так бы мовіць, двойчы такія папы як Ян Павал ІІ не бываюць. А па-другое, я б не сказаў, што ён вельмі моцна ўплываў на сытуацыю ў Беларусі. Так што я ад зьмены пантыфіка нічога асаблівага не чакаю, паколькі сам не каталік, то гэта мяне й мала турбуе, адрозна ад маіх сямейнікаў, якія належаць да каталіцкай канфэсіі. Ня думаю, што гэта нейкім чынам адаб''ецца на сытуацыі ў Беларусі".
XS
SM
MD
LG