Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як каталіцкая царква будзе змагацца зь беднасьцю і сацыяльнай несправядлівасьцю?


Ганна Соусь, Прага У 20-м стагодзьдзі адным з прыярытэтаў Рымска-каталіцкай царквы была барацьба зь беднасьцю, сацыяльнай несправядлівасьцю і палітычнай тыраніяй. Гэтая сацыяльная дактрына актыўна рэалізоўвалася пры папу рымскім Яну Паўлу ІІ. Цяпер у Ватыкане абіраны новы папа, і адначасова адбываюцца гарачыя дэбаты што да ролі царквы ў вырашэньні глябальных сусьветных праблемаў, у тым ліку беднасьці і сацыяльнай справядлівасьці.

Сытуацыя ў калумбійскай вёсцы Тарыбія выразна адлюстроўвае тыя праблемы, якая паўстаюць перад каталіцкай царквой у краінах трэцяга сьвету. 14 красавіка левыя паўстанцы напалі на Тарыбіа і забілі чатырох паліцыянтаў і дзяўчынку.

У такой краіне, як Калумбія, жыхары якой пакутуюць ад беднасьці і наступстваў грамадзянскай вайны, царква доўгі час адыгрывала ключавую ролю ў сыстэме адукацыі і аховы здароўя, бо ўрад быў ня здольны належным чынам забясьпечыць гэтыя сацыяльныя сфэры.

У 2002 годзе пасьля забойства вядомага архіепіскапа, які выступаў супраць гандлю наркотыкаў, каталіцкая царква далучылася да афіцыйнай камісіі, якія імкнулася заключыць мір з паўстанцамі.

Аднак брутальная грамадзянская вайна, якая доўжыцца ў Калумбіі ад 1960-х гадоў, гэта толькі адзін з прыкладаў гвалту, беднасьці і хваробаў, ад якіх пакутуюць народы краінаў, дзе каталіцызм ёсьць ня толькі асноўным веравызнаньнем, але і адыгрывае значную ролю ў палітыцы і сацыяльным жыцьці.

Дзьве траціны ад 1 мільярду 100 мільёнаў каталікоў жывуць у краінах трэцяга сьвету.

Пытаньне цяпер палягае ў тым, у якім кірунку пойдзе рымска-каталіцкая царква пасьля сьмерці Яна Паўла ІІ, адным з прыярытэтаў якога была абарона інтарэсаў бедных. Вось урывак зь ягонага апошняга публічнага выступу ў студзені.

(Ян Павал ІІ: ) "У той час, як я яшчэ раз прашу за маладых ахвяраў цунамі ў Азіі, я не забываю пра тых дзяцей, якія сталі ахвярамі хваробаў, голаду, войнаў і тэрарызму, тых дзяцей, якіх выкралі, якія згубіліся ці якіх эксплюатуюць ў ганебным гандлі”.

Рымска-каталіцкая царква цяпер стаіць перад выбарам : пайсьці па шляху Яна Паўла ІІ у абароне інтарэсаў бедных у сьвеце ці займацца выключна рэлігійнымі пытаньнямі? Цяпер вядуцца актыўныя дэбаты што да гэтай дылемы.

Ян Павал ІІ быў вядомы сваёй жорсткай антымарксісцкай пазыцыяй, аднак у апошнія гады пантыфік ўсё часьцей крытычна выказваўся што да працэсу эканамічнай глябалізацыі і яго наступстваў для краінаў трэцяга сьвету.

Па-за межамі Ватыкану каталіцкая царква ўтрымлівае сетку дабрачынных установаў – школаў, цэнтраў сацыяльнага забесьпячэньня, і бюджэты гэтых установаў складаюць мільярды даляраў. І гэтая дабрачынная дзейнасьць рымска-каталіцкай царквы найбольш заўважная ў сьвеце. Рымскі папа ў сваёй апошняй энцыкліцы пісаў пра тое, што міласэрнасьць павінна стаць адказам на глябалізацыю ў сьвеце. Аднак гэтае пасланьне ён не пасьпеў закончыць. Магчыма, гэта зробіць наступны папа...

• Новы папа рымскі – Бэнэдыкт XVI
XS
SM
MD
LG