Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя зьвярнула ўвагу на словы А.Лукашэнкі пра 11 мільярдаў даляраў, калі ён гаварыў пра свае рахункі


Валер Каліноўскі, Менск Адзін з прэтэндэнтаў на статус кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч перш за ўсё зьвярнуў увагу на словы пра 11 мільярдаў даляраў, гэткую суму А.Лукашэнка нечакана назваў, калі гаварыў пра тое, што кіраўніцтва ЗША шукае ягоныя рахункі.

(Мілінкевіч: ) “Першае ўражаньне, што ён паведаміў сапраўдную лічбу, таму што я такой лічбы ня чуў, колькі. Мне падаецца, што, можа, і сапраўды штосьці такое ёсьць. А ў цэлым гэта сьведчыць аб тым, што для яго гэта страшна, такая ўвага вялікая ня першы раз сьведчыць пра тое, што ён баіцца. І яшчэ тут ёсьць адно такое прапагандысцкае клішэ: паказаць, што гэта ня ўнутраныя сілы і ня ўнутраная апазыцыя, не беларусы хацелі б зьмены правесьці, а што гэта вонкавыя сілы”.

Аляксандар Мілінкевіч не пагаджаецца з трактоўкай А.Лукашэнкам зьместу канфэрэнцыі ў Вільні, дзе апазыцыя, паводле словаў беларускага кіраўніка, нібыта дамагалася ад Эўразьвязу грошай:

(Мілінкевіч: ) “Я добра ведаю, што там было, я быў на яе запрошаны, але ў мяне візы не было. На гэтай канфэрэнцыі абсалютна не гаварылі ні пра якія рэвалюцыі, ні пра якія выбары, а там ішла гаворка пра тое, каб падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. І паколькі праграма ТАСІS не спрацоўвае, бо ўлада вырубае ўсе выдачы грантаў арганізацыям, якія займаюцца правамі чалавека, СМІ. Проста Эўропа ня ведае, як працаваць на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, і абмяркоўвалася, якія іншыя формы працы могуць быць”.

Адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч ня зьдзіўлены вялікай увагай А.Лукашэнкі да магчымасьці аксамітнай рэвалюцыі ў Беларусі:

(Статкевіч: ) “У каго што баліць, той пра тое і гаворыць. Спадару Лукашэнку вельмі баліць прывід рэвалюцыі, і ён увесь час пра яе гаворыць. І як чалавек крыху дасьведчаны, столькі гадоў пры ўладзе, ён разумее, што любая палітычная кампанія вымагае грошай, і вельмі баіцца, каб у дэмакратычных сілаў нейкіх рэсурсаў не зьявілася. І таму пастаянна пра гэта гаворыць”.

У амбасадзе Ўкраіны абверглі заяву А.Лукашэнкі пра тое, што ва Ўкраіне ствараюцца адмысловыя лягеры для беларускіх рэвалюцыянэраў:

(Супрацоўнік амбасады: ) “Тое, што прагучала, не адпавядае сапраўднасьці, але мы пакуль што высьвятляем. Аналізуем, слухаем і думаем. Там падчас выступу быў наш амбасадар”.

У амбасадзе Польшчы зазначылі, што пакуль вывучаюць абвінавачаньні А.Лукашэнкі на іх адрас — ён заявіў пра супрацьпраўную дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG