Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2005 ужо былі закрытыя каля дзясятку партыяў і грамадзкіх аб''яднаньняў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Што адбываецца ў Беларусі з рэгістрацыяй партыяў і грамадзкіх арганізацыяў? Скарачэньне колькасьці грамадзкіх арганізацыяў, якое адбывалася ў Беларусі цягам апошніх двух гадоў, сёлета перакінулася і на палітычныя партыі. Адмыслоўцы зьвязваюць гэта з палітычнымі падзеямі будучага году. Між тым, у Міністэрстве юстыцыі краіны гавораць пра звычайныя праверкі выкананьня законаў.

Паводле зьвестак, якія фігуравалі на нядаўняй сэсіі Камісіі правоў чалавека ААН, у 2003 годзе з амаль 2 тысяч грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі было зьліквідавана 50. Летась гэтыя тэмпы захаваліся: Мін''юст зьліквідаваў яшчэ 47 арганізацыяў. Сёлета ўжо закрыта каля дзесяці, сярод іх Саюз беларускіх скаўтаў, Круг адраджэньня айчыны, Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

У Мін''юсьце між тым сьцьвярджаюць, што закрыцьцё грамадзкіх арганізацыяў — гэта не палітычная кампанія, а вынік кантролю за выкананьнем законаў. У якасьці доказу чыноўнікі кажуць пра рэгістрацыю новых грамадзкіх арганізацыяў. Ці сапраўды страты ў грамадзкім сэктары кампэнсуюцца стварэньнем новых арганізацыяў?

Праваабаронца Алесь Бяляцкі падзяліўся сваімі назіраньнямі:

(Бяляцкі: ) “На жаль, такі працэс не адбываецца, прынамсі, у раўназначных лічбах. Рэгістрацыя ідзе, але… Вось Асамблея няўрадавых арганізацыяў аналізавала спробы незалежных арганізацыяў зарэгістравацца, і аказалася, што зь дзесяці арганізацыяў, што падалі дакумэнты на рэгістрацыю, пасьпяхова яе праходзіць толькі адна. І рэгіструюць толькі краязнаўчыя, спартовыя, нейкія прафэсійныя”.

Дарэчы, і сама Асамблея няўрадавых арганізацыяў ня здолела зарэгістравацца ў Мін''юсьце, а летась прайграла і працэс супраць Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе.

Тое, што некалькі гадоў адбываецца зь няўрадавымі арганізацыямі, сёлета паўтарыліся з палітычнымі партыямі, лічыць палітык Павал Севярынец. Ён згадвае апошняе патрабаваньне Мін''юсту, паводле якога на прыватных кватэрах ужо нельга рэгістраваць партыйных суполак. Паводле палітыка, большасьці апазыцыйных партыяў ня ўдасца знайсьці для сваіх суполак новыя юрыдычныя адрасы, і ў выніку яны амаль страцяць магчымасьць вылучаць сваіх кандыдатаў на мясцовых і парлямэнцкіх выбарах, а таксама рэгістраваць назіральнікаў на выбары, у тым ліку прэзыдэнцкія, якія адбудуцца ў 2006 годзе. Павал Севярынец цяпер удзельнічае ў стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Пра магчымасьць яе зарэгістраваць ён кажа:

(Севярынец: ) “Быў у нас досьвед трохразовай спробы зарэгістраваць “Малады Фронт”, усё аказалася бессэнсоўна. Зрэшты, пасьля рэфэрэндуму, рэакцыі на гэта міжнароднай супольнасьці і аксамітных рэвалюцыяў усе магчымыя каналы легальнай працы дэмакратычных сілаў з насельніцтвам фактычна перакрываюцца. Таму закрываюць НІСЭПД, праваабарончыя арганізацыі, газэты. Гэта зачыстка. Такая ў нас цяпер палітыка”.

Гл. таксама • Вярхоўны суд ліквідаваў НІСЭПД
XS
SM
MD
LG