Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўскладніцца выезд за мяжу пасьля зьменаў у дэкрэце Лукашэнкі №3?


Сьвятлана Курс, Менск Напачатку красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла зьмены і дадаткі ў заканадаўства для рэалізацыі дэкрэту прэзыдэнта №3 “Аб некаторых мерах па супрацьдзеньні гандлю людзьмі”. Ці абмяжоўвае дэкрэт магчымасьць ўладкавацца на працу, вучобу ў замежжы, знайсьці новую сям’ю?

Юрыст і праваабаронца, выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак лічыць, што найбольш пацерпяць міжнародныя моладзевыя абмены, якія выкарыстоўвалі сэзонную працу.

(Гулак: ) “Лета ўжо хутка, і выканаць гэтыя патрабаваньні ў такі кароткі тэрмін будзе складана. І магчымасьці для такога абмену будуць абмежаваныя. Што тычыцца выезду на працаўладкаваньне і выезду жанчын, я думаю, што гэта ня так моцна адаб’ецца, таму што гэты рынак быў нелегальны і так. Іншая справа, што людзі цяпер будуць карыстацца паслугамі не беларускіх, а расейскіх фірмаў. Выезд у Расею неабмежаваны і некантраляваны”.

Ранейшыя ліцэнзіі на працаўладкаваньне за мяжою дзейнічаюць да 1 ліпеня 2005 году. Аднак і цягам дзеяньня старых ліцэнзіяў фірмы мусяць працаваць па новых правілах. Мадэльныя агенцыі павінныя мець ліцэнзію Міністэрства адукацыі.

Сёньня, выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што мэта дзяржавы — не абмежаваць выезд грамадзянаў, а “ўзяць іх на кантроль, каб зь іх ня зьдзекаваліся”. Ён адзначыў, што дзяржава будзе падтрымліваць людзей, што едуць за мяжу на працу, у прыватнасьці, студэнтаў, якія хочуць падзарабіць падчас вакацыяў. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч лічыць, што дэкрэт скіраваны ў тым ліку і супраць таго, каб пазьбегчы масавага выезду моладзі на Захад “па лёгкі хлеб”.

У юрыдычным камэнтары, выкладзеным на афіцыйным сайце адміністрацыі прэзыдэнта, заяўляецца, што “любыя дзеяньні, у тым ліку аднаразовыя, скіраваныя на працаўладкаваньне беларускіх грамадзянаў за мяжою, у тым ліку пасярэдніцтва, могуць ажыцьцяўляцца толькі пры наяўнасьці спэцыяльнага дазволу (ліцэнзіі), выдаванага Міністэрствам унутраных справаў”. То бок, нават калі грамадзянін сам сабе знайшоў працу за мяжою, ён абавязаны атрымаць дазвол у МУС. Такі дазвол (ліцэнзію) можна атрымаць толькі пры наяўнасьці пацьверджанай дамовы паміж шукальнікам працы і замежным наймальнікам, а таксама зьвесткаў аб гэтым наймальніку. Характар зьвестак вызначае ўрад Беларусі. Да таго ж, для атрыманьня дазволу неабходна, каб МУС сумесна зь іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі ўстановамі правёў папярэднюю праверку умоваў дзейнасьці, скіраванай на працаўладкаваньне за мяжою.

Забараняецца заключаць дамову аб працаўладкаваньні за мяжою з арганізацыямі і грамадзянамі, якія не зьяўляюцца непасрэднымі наймальнікамі. Дэкрэт таксама патрабуе абавязковага дазволу Міністэрства адукацыі пры выезьдзе студэнтаў на вучобу. Пры гэтым студэнту для атрыманьня дазволу таксама давядзецца сабраць вялікую колькасьць дакумэнтаў. Выкананьне гэтых патрабаваньняў ускладзена на Дэпартамэнт міграцыі МУС і ўпраўленьне сацыяльнай і выхаваўчай працы Міністэрства адукацыі. На жаль, спэцыялісты гэтых установаў ад камэнтароў ухіляюцца.
XS
SM
MD
LG