Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка назваў аксамітныя рэвалюцыі “бандытызмам”


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня ў штогадовым пасланьні Нацыянальнаму сходу заявіў, што праграмы і пляны на будучую пяцігодку будзе рэалізоўваць ён сам – зь дзейным урадам і парлямэнтам, нягледзячы на спробы арганізаваць у Беларусі аксамітную рэвалюцыю. У падрыхтоўцы такой рэвалюцыі Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў апазыцыю, краіны Захаду, Украіну, амбасаду Польшчы.

Аляксандар Лукашэнка адразу папярэдзіў прысутных у Авальнай залі парлямэнту, што асаблівых навацыяў ад яго яны не пачуюць, бо яны адкладзеныя на Ўсебеларускі сход, што пройдзе ў наступным годзе і будзе прымеркаваны да пачатку чарговай пяцігодкі. Тым ня меней, пляны і праграмы гэтай пяцігодкі будзе выконваць дзейная ўлада, – запэўніў прысутных А. Лукашэнка.

(Лукашэнка: ) “Зазіраючы ў 2010 год і гэтак далей, мы робім гэта не дарма. Мы з вамі будзем рэалізоўваць гэтыя задачы і праграмы, нягледзячы на любы ціск збоку”.

Яшчэ раз зьвярнуўся А. Лукашэнка да тэмы тэрміну свайго знаходжаньня пры ўладзе, калі гаварыў наконт рэалізацыі канцэпцыі вайскова-тэхнічнай палітыкі да 2015 году:

(Лукашэнка: ) “Я сказаў да 2015 году, але ня трэба гэта ўспрымаць як тое, што я яе буду рэалізоўваць, а то ўжо задрыжаць у амбасадах, што тут да 15 году будзе Лукашэнка”.

Любыя спробы “разгойдваньня сытуацыі”, каляровых рэвалюцыяў А. Лукашэнка абяцаў жорстка падаўляць.

(Лукашэнка: ) “Мы катэгарычна не прымаем сцэнарыі дэмакратычнай зьмены палітычных элітаў, няўгодных Захаду. Усе гэтыя каляровыя рэвалюцыі ніякія на самай справе не рэвалюцыі, гэта адкрыты бандытызм пад выглядам дэмакратыі”.

Тэма магчымай “аранжавай” рэвалюцыі ў Беларусі не была дамінуючай ў пасланьні А. Лукашэнкі, але яна была эмацыйна асьветленая.

Ён шмат гаварыў пра грошы, якія нібыта паступаюць апазыцыі з Захаду на арганізацыю рэвалюцыі, “у мяхах, чамаданах і праз амбасады”. А. Лукашэнка пэрсанальна зьвярнуўся да амбасады Польшчы, сказаўшы, што ён ведае яе працу сярод каталіцкага насельніцтва Беларусі.

Ён паведаміў, што “Ўкраіна фармуе лягеры, каб адтуль падкінуць рэвалюцыянэраў” у Беларусь. Пры гэтым А. Лукашэнка заявіў, што ціснуць на яго беспэрспэктыўна і нагадаў, што рэвалюцыі прыносяць толькі “развал дзяржавы, разруху ў эканоміцы, зацяжныя грамадзянскія канфлікты, кроў і пакуты людзей”.

Зьвяртаючыся да амэрыканскага кіраўніцтва, якое згодна з Актам аб дэмакратыі павінна апублікаваць ягоныя асабістыя рахункі, А. Лукашэнка заявіў:

(Лукашэнка: ) “Вы ўжо тры гады шукаеце, што я ўкраў… Пара ўжо паказаць народу беларускаму і ўсяму сьвету, што ўкраў гэты Лукашэнка. Што, знайсьці ня можаце? Да Ірака дабраліся, разьбілі краіну, а знайсьці рахункі ня могуць. Гэта ж 11 мільярдаў даляраў. Гэта ж ня жартачкі”.

Акрамя таго, А. Лукашэнка паведаміў, што атрымаў стэнаграму паседжаньня беларускай апазыцыі і прадстаўнікоў Эўразьвязу ў Вільні:

(Лукашэнка: ) “Атрымліваю стэнаграму гэтага закрытага сакрэтнага зборышча. Адно: “Дайце грошы, дайце грошы, няма грошай,– ня будзе рэвалюцыі. Заўтра дасьце – будзе позна, давайце сёньня”.

Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка асудзіў дзеяньні ААН і АБСЭ, якія выступілі з крытыкай сытуацыі ў Беларусі ў галіне правоў чалавека, і падзякаваў Кітаю, Індыі, Расеі ды Ірану за абарону афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне і заклікаў да ўмацаваньня абароназдольнасьці краіны як ключавой задачы. Дэпутаты задалі А. Лукашэнку толькі адно пытаньне – наконт карупцыі мясцовых чыноўнікаў.

Гл. таксама • Апазыцыя зьвярнула ўвагу на словы А.Лукашэнкі пра 11 мільярдаў даляраў, калі ён гаварыў пра свае рахункі • Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў камэнтуюць пасланьне А. Лукашэнкі • Штогадовае пасланьне Лукашэнкі – што чакалі ад яго палітыкі • Міністар замежных справаў Польшчы камэнтуе антыпольскія заявы Лукашэнкі • Дэпутат Сэйму незадаволены антыпольскімі заявамі Лукашэнкі • Вінцук Вячорка камэнтуе антыпольскія заявы Лукашэнкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG