Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 19 красавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 19 красавіка.

“Могилевскій вестник”, 1915 год:

“Наш музычны сьвет атрымаў значную страту: пасьля кароткачасовай хваробы памёр у Маскве вядомы кампазытар і піяніст Аляксандар Мікалаевіч Скрабін, які зрабіў сабе значнае імя як на радзіме, так і за мяжой сваім выканаўствам і сваімі творамі. Нечаканая сьмерць яго адбылася з-за заражэньня крыві; у яго ўтварыўся прышч, які кампазытар сарваў. А.М.Скрабіну ледзь пайшоў сорак чацьверты год”.

“Крыніца”, 1925 год:

“З Савецкай Беларусі нясуцца што-раз-то мацнейшыя чуткі, што там з беларускай культурай саўсім кепска. Беларускіх газэт выпісваць ня хочаць, бо прывыклі да расейскіх, настаўнікі і настаўніцы ня надта рупяцца, каб навучыцца па беларуску, беларускіх падручнікаў недахват, бо ня друкуюць, у тэатр беларускі на Усходзе Беларусі ня йдуць, словам, відзім там вялікі культурны заняпад. Слаўная “беларусізацыя” як відаць, адбываецца толькі на паперы, а газэты пішуць, што пад самым Менскам ёсьць “саветы”, у каторых з беларускай мовай не паказвайся, бо “папросяць” гаварыць па расейску”.

“Вечерний Минск”, 1985 год:

“Згодна з папярэднімі зьвесткамі, 20 красавіка ў камуністычным суботніку прымуць удзел 947 тысяч менчукоў. Асноўная іх частка будзе працаваць на рабочых месцах у прамысловасьці, будаўніцтве, на транспарце і ў іншых галінах народнай гаспадаркі. Плянуецца вырабіць прамысловай прадукцыі на 17,5 млн. рублёў. Будуць выпушчаны дзясяткі аўтамабіляў, розных станкоў, сотні трактароў і рухавікоў, звыш 300 лядоўняў, 1600 ровараў, больш за чатыры тысячы тэлевізараў і радыёпрыймачоў, шмат тавараў народнага спажываньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG