Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сёньня ў Белавескай пушчы быў забіты апошні зубар"


Ул. інф. Каляндар Свабоды – 19 красавіка. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 19 красавіка.

19 красавіка 1670 году горад Ліда атрымаў самакіраваньне – Магдэбургскае права, прызначанае яму каралеўскім прывілеем.

19 красавіка 1783 году ўказам расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ Крым быў далучаны да Расеі. Датуль паўвостраў ніколі ня быў расейскім, хоць многія лічаць яго спрадвеку расейскай зямлёй. Сёньня Крым зьяўляецца неад’емнай часткай сувэрэннай Украіны.

19 красавіка 1863 году – дзень пачатку агульнага антырасейскага паўстаньня ў Менскай губэрні. Людзі паўсюдна зрывалі са сьценаў партрэты гасудара імпэратара, а на дарогах зьявіліся атрады мяцежнікаў. Паўстаньне ўвайшло ў гісторыю пад імем свайго правадыра – Кастуся Каліноўскага.

19 красавіка 1919 году ў Белавескай пушчы быў забіты апошні зубар. Ён быў апошні ўласна беларускі. Тыя зубры, пра якіх ведаем мы і якія жывуць у Белавескай пушчы сёньня – прывезеныя, гэта вынік аднаўленьня папуляцыі.

19 красавіка 2000 году ў Беларусі была зафіксаваная самая цёплая за ўсю гісторыю замераў тэмпэратура. Слупок тэрмомэтру падняўся да плюс дваццаці сямі градусаў.

У ноч з 18 на 19 красавіка 2002 году пад Менскам ва ўрочышчы Курапаты, дзе несьлі кругласутачную варту абаронцы мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, згарэў вялікі вайсковы намёт, у якім начавалі валанцёры. У тую ноч у намёце былі тры чалавекі – Аляксандар Поклад, Васіль Парфянкоў і Ірына Вяткiна. Найболей пацярпеў ад пажару Поклад, якога даставілі ў рэанімацыю лякарні хуткай дапамогі. Абставіны падпалу намёту засталіся нявысьветленыя. Аднак грамадзкі ўздым у справе абароны Курапатаў пасьля гэтага пажару паступова пайшоў на спад.

19 красавіка ў розныя гады нарадзіліся народны мастак Беларусі жывапісец Валянцін Волкаў і гісторык, першы прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі Ўсевалад Ігнатоўскі.
XS
SM
MD
LG