Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ абяцае працяг і "новых фігурантаў" у справе Скрабца


Валер Каліноўскі, Менск Новы паварот набыў скандал з паведамленьнем Беларускага тэлебачаньня пра канфіскацыю праваахоўнымі органамі 200 тысячаў даляраў, якія нібыта прызначаліся былому дэпутату парлямэнта апазыцыянэру Сяргею Скрабцу. Паводле БТ, грошы былі перавезеныя яму зь Вільні грамадзянінам Літвы, які і быў затрыманы. МЗС Літвы ўжо запатрабавала ад беларускага боку тлумачэньняў. А сам Сяргей Скрабец заявіў, што прызнаньні затрыманых па гэтай справе былі атрыманыя з дапамогай запалохваньняў, і што ён абскардзіць і дзеяньні спэцслужбаў, і інфармацыю БТ ў пракуратуры.

Калі спачатку ў КДБ, пракуратуры, Радзе Бясьпекі Беларусі не прызнавалі сваёй датычнасьці да гэтага скандалу, то ўчора ўвечары першы намесьнік старшыні КДБ Васіль Дземянцей выступіў з інтэрвію, што ад ягонага ведамства чакаецца новая інфармацыя на гэты конт, што КДБ працуе ў гэтым кірунку, што гэта толькі першыя крокі, і неўзабаве зьявяцца новыя фігуранты ў гэтай справе. Аднак дагэтуль няма інфармацыі, што па гэтым факце заведзеная крымінальная справа. Цягам мінулага дня так ніхто не зьвязаўся зь Сяргеем Скрабцом, не выклікаў яго хоць бы ў якасьці сьведкі.

Сяргей Скрабец тым часам рыхтуе свае заявы ў пракуратуру і КДБ і нічога іншага прадпрымаць пакуль не зьбіраецца, будзе чакаць адказаў. Хаця нічога добрага ад гэтых падзеяў ён не чакае.

(Скрабец: ) “У нас усе баяцца, я сам баюся адзін па горадзе хадзіць. Затрымаюць, наркотыкі ўколюць, потым даказвай, што ты не вярблюд… Што рабіць, сіла ж – у іх, а ня ў нас. Каб далі б хаця б выступіць па БТ ці ў прэсе. А так каму што тут гаварыць?”

Вядомая адвакатка Вера Страмкоўская таксама ў недаўменьні ад таго, што выснова наконт таго, што грошы везьлі Сяргею Скрабцу, зробленая на падставе вусных заяваў чалавека, ананімнасьць якога захоўваецца, што няма ніякіх сапраўдных доказаў гэтых словаў, і што скандал быў надзвычай пасьпешліва вынесены на публіку. На думку спадарыні Страмкоўскай, асаблівай юрыдычнай пэрспэктывы, у тым ліку судовай, гэтая справа ня мае.

(Страмкоўская: ) “Не, я ня бачу, таму, што няма пакуль ніякіх рэальных доказаў таго, што гэтыя грошы належаць таму ці іншаму чалавеку. Акрамя інфармацыі, што хтосьці штосьці сказаў”.

Гэта ня першае абвінавачваньне апазыцыі з боку дзяржаўных структур і мэдыяў у тым, што яна атрымлівае матэрыяльную дапамогу з-за мяжы. Ці была хоць адна справа даведзеная да суду?

У Пракуратуры і Радзе Бясьпекі Беларусі не прыгадалі такіх выпадкаў. Такіх абвінавачваньняў было сапраўды шмат, і сумы называліся не ў 200 тысячаў, а ў 800 мільёнаў даляраў. У прыватнасьці, на гэты конт неаднаразова выказваўся Аляксандар Лукашэнка, абвінавачваючы апазыцыю перад мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Разьвіцьця гэтыя заявы не знайшлі.

Прыкладна ў той жа час у Менскім аэрапорце быў затрыманы і дэпартаваны з Беларусі расейскі палітык Барыс Нямцоў, у якога беларускія спэцслужбы нібыта канфіскавалі 50 тысячаў даляраў, якія ён вёз быццам бы для беларускай апазыцыі.

Але і гэная справа не атрымала ніякага разьвіцьця. Апрача прапагандысцкага.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які тады запрашаў спадара Нямцова, на пытаньне, куды падзеліся тыя нямцоўскія грошы, адказаў так:

(Лябедзька:) “Спэцслужбы вярнулі свае грошы ў свой бюджэт, я так разумею, таму што наіўна было думаць, што роля і місія Барыса Нямцова – гэта кур’ер, які возіць грошы. Я думаю, што гэта была шчырая правакацыя. Што датычыць гэтай сытуацыі, то яе таксама складана камэнтаваць, мне падаецца, што гэта падобна на палітычную шызафрэнію”.

На думку Анатоля Лябедзькі, беларускія ўлады стала выкарыстоўваюць вобраз пачкаў з далярамі для дыскрэдытацыі апазыцыі. Аднак, чым часьцей ідзе гаворка пра гэта, тым меней людзей будуць давяраць такой інфармацыі, лічыць спадар Лябедзька.

Быў толькі адзін выпадак, калі размова йшлася пра рэальныя грошы, якія належалі рэальнаму апазыцыянэру, гэта 90 тысячаў даляраў Міхаіла Марыніча. Гэта ягоныя грошы, якія былі канфіскаваныя праваахоўнымі органамі на той падставе, што частка зь іх нібыта была фальшывымі. Міхаіл Марыніч лічыць канфіскацыю гэтай сумы незаконнай і зьбіраецца калі-небудзь вярнуць яе як беспадстаўна канфіскаваную.

Гл. таксама • Сяргей Скрабец абвінавачвае БТ у паклёпе і зьбіраецца падаваць скаргі ў КДБ і пракуратуру • Літва накіравала ноту беларускім уладам з нагоды інцыдэнту на мяжы
XS
SM
MD
LG