Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штогадовае пасланьне Лукашэнкі – што чакалі ад яго палітыкі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Нацыянальным сходзе – выступленьне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з пасланьнем да парлямэнту Рэспублікі Беларусь і беларускага народу. Чаго чакаюць ад ягонага выступу палітыкі? Гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт.

З гэткім пасланьнем Лукашэнка зьвяртаецца штогод, але сёлета – яно першае да новаабранай Палаты прадстаўнікоў. У аналягічным выступе ў 2004 годзе кіраўнік краіны абяцаў працаўладкаваць кожнага дэпутата, які не патрапіць у чарговы склад Палаты прадстаўнікоў. Ці спраўдзілася леташняе абяцаньне? Пацікавімся ў былога парлямэнтара, алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча.

(Парфяновіч: ) "Хлусьня. Хлусіць заўжды і няма нічога, акрамя ўлады, у гэтай краіне, толькі каб засталася ўлада, а астатняе ўсё – хлусьня, абяцанкі-цацанкі. Нічога ня вырашылася. Забаронена нават друкаваць маё прозьвішча ў дзяржаўных СМІ. Нават у газэце "Спартыўная панарама" забаронена, нічога не павінна быць з маім прозьвішчам".

(Карэспандэнт: ) "А вам нешта прапаноўвалася?"

(Парфяновіч: ) "Нічога".

(Карэспандэнт: ) "Што чакаць ад гэтых пасланьняў, як да іх ставіцца?"

(Парфяновіч: ) "Гэта ўсё хлусьня, вельмі брыдка слухаць гэта сёньня. Адно і тое ж. Ніякай гаворкі ня будзе, будзе гаворка адна: амэрыканцы – злыдні, усе – бандыты, і г.д."

У пасланьні 2004 года кіраўнік краіны ні слова не сказаў пра такую, напрыклад, прынцыповую праблему, як рэфэрэндум аб падаўжэньні сваіх паўнамоцтваў на трэці тэрмін. Узьнікае пытаньне: наколькі ж праграмныя такія выступы Лукашэнкі? Пра гэта мы гутарым са старшынём дэпутацкай камісіі Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Здановічам.

(Здановіч: ) "Як заўсёды, выступленьне прэзыдэнта краіны – гэта бадай што праграмны дакумэнт. Гэта аналіз таго, што пройдзена за мінулы пэрыяд, што было зроблена ўдалага ці ня вельмі ўдалага, а таксама пляны на будучы год. Чым трэба кіравацца, у якім накірунку ісьці, якое трэба заканадаўства, як павінны жыць людзі, што для гэтага трэба рабіць".

Я вяртаюся да мінулагодняга пасланьня і там ні слова не было пра рэфэрэндум, а потым аказалася, што гэты рэфэрэндум прайшоў і ініцыяваўся, але гэта было не ў пасланьні, а пазьней. А вы кажаце, што прэзыдэнт дзеліцца плянамі.

(Здановіч: ) "Значыць і думка аб рэфэрэндуме ўзьнікла апасьля".

А зараз – міжнародны аспэкт прэзыдэнцкага пасланьня. Год таму Лукашэнка абяцаў наладзіць "ня проста добрыя, а вельмі добрыя" стасункі з Эўропай. Ці спраўдзілася гэта і чаго чакае ад сёньняшняга пасланьня былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў?

(Саньнікаў: ) "Я наагул нічога не чакаю ад гэтага пасланьня і нават не зьвяртаю ўвагі на гэтыя пасланьні, таму што ўсё, што там гаворыцца, разыходзіцца з тым, што адбываецца насамрэч. А тое, што я і ў мінулым годзе казаў, што ня будзе ніякага паляпшэньня, таму што няма ніякага жаданьня прымаць тыя прынцыпы, на якіх будуецца аб''яднаная Эўропа, ня толькі будуецца, але і разьвівае стасункі зь іншымі дзяржавамі. Магу толькі падкрэсьліць, што ня маюць ніякага дачыненьня да рэчаіснасьці ўсе гэтыя заявы пра шматвэктарнасьць, пра паляпшэньне стасункаў. Мы ведаем, што адбываецца: нічога не зьмянілася і, наадварот, стала горш".

Яшчэ адно параўнаньне. У 2001 годзе Аляксандар Лукашэнка прызнаўся: дапрацоўваў тэкст пасланьня да 5-й раніцы, бо тое, што яму падрыхтавалі, не задаволіла — найперш таму, што мала там казалася пра патрэбы простых людзей. А вось у 2004 годзе Лукашэнка заявіў, цытую: "Тое, што сказана ў пасланьні, ня толькі мной прыдумана. Над дакумэнтам цягам мінімум паўгады працавалі спэцыялісты." Як будзе ў сёньня – невядома. Загадчык аддзелу ў працы са СМІ Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Баброўка падаў кароткую інфармацыю:

(Баброўка: ) "А 10 гадзіне пачатак і будзе трансьляцыя па тэлебачаньні і радыё. А колькі там будзе, не ведаю, я ж ня ведаю якія там пляны".

(Карэспандэнт: ) "Звычайна яно гадзіну недзе цягнецца..."

(Баброўка: ) "Прыкладна так, можа і больш, хто яго ведае?"

Гл. таксама • Лукашэнка назваў аксамітныя рэвалюцыі “бандытызмам” і прыгразіў, што будзе жорстка падаўляць іх
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG