Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі галадоўкі ў Ваўкавыску


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 15 красавіка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: гарадзенскі карэспандэнт нашага радыё Сяргей Астраўцоў і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Кастусь Скуратовіч.

(Валер Карбалевіч: ) “32 дні галадаў прадпрымальнік з Выўкавыску Мікола Аўтуховіч, да якога далучыліся яшчэ 38 чалавек. Гэткім чынам ён змагаўся за свае правы ў канфлікце з падатковай інспэкцыяй. Улады былі вымушаныя часткова выканаць іх патрабаваньні. Аўтуховіч і ягоныя каманда праводзяць галадоўку ўжо другі раз. Першая галадоўка адбылася ў 2003 годзе і закончылася перамогаю галадоўнікаў. Цяпер сытуацыя паўтараецца. Канфлікты між дзяржаваю і прадпрымальнікамі сталі звыклаю зьяваю ў Беларусі. Здаецца, гэтым нікога ўжо ня зьдзівіш. Тым ня менш, падзеі ў Ваўкавыску маюць свае адметнасьці — якія?”

(Сяргей Астраўцоў: ) “Галадоўнікі змагаліся супраць эканамічных санкцыяў, якія наклаў Вышэйшы гаспадарчы суд на фірму “Ніко-транс”. Канфлікт датычыць узаемаадносінаў паміж прадпрымальнікам Аўтуховічам і фірмай “Ніко-транс”, заснавальнікам якой зьяўляецца ягоная жонка. Аўтуховіч мае 22 таксоўкі. І калісьці ўсе кіроўцы працавалі ў яго. Потым, калі два гады таму выйшаў прэзыдэнцкі дэкрэт, паводле якога прадпрымальнікі не маглі мець больш трох наёмных работнікаў, яны прыдумалі такую схему. Кіроўцы таксовак перайшлі працаваць у “Ніко-транс”, а Аўтуховіч стаў іх наймаць на працу. Кіроўцы сталі аддаваць грошы, атрыманыя ад пасажыраў, яму. А ён клаў іх на свой рахунак.

А падатковая інспэкцыя тут убачыла парушэньне. Яна палічыла, што паколькі кіроўцы юрыдычна лічацца працуючымі на “Ніко-транс”, то туды яны і павінны былі здаваць грошы, і выручка павінна была абкладацца падаткам. Інспэкцыя палічыла, што дзяржава не атрымала падатку. У выніку “Ніко-транс” атрымала штраф на 441 мільён рублёў. Паміж дзьвюма галадоўкамі паўтара году. Яны, безумоўна, зьвязаныя між сабою. Тады, падчас першай галадоўкі перамога была таксама частковай. У тым выпадку ўлады таксама аштрафавалі банкаўскі рахунак прадпрымальніка, арыштавалі ягоныя таксоўкі. У выніку кіроўцы таксовак апынуліся бяз працы і далучыліся да галадоўкі Аўтуховіча. Арышт таксовак — гэта была памылка ўладаў, якую яны цяпер улічылі.

Гэтым разам падатковая інспэкцыя арыштавала банкаўскі рахунак і толькі грузавыя машыны “Ніко-транс”. Гэта сем фураў, якія ажыцьцяўлялі міжнародныя перавозкі. І калі Аўтуховіч пачаў галадоўку, яго часткова падтрымалі кіроўцы гэтых фураў. Таксама частка кіроўцаў таксовак далучыліся да галадоўкі, хоць непасрэдна ім нічога не пагражала, машынаў у іх не забіралі, яны маглі працягваць працаваць”.

(Кастусь Скуратовіч). “На галадоўку можа пайсьці толькі чалавек, які страціў апошнюю надзею дабіцца справядлівасьці. Аўтуховіч — гэта чалавек, які сваёй воляй і арганізацыйным талентам стварыў прадпрыемства. Але ён увесь час жыве пад страхам таго, што яго могуць зачыніць альбо прыменяць такія санкцыі, што ўся праца згубіць эканамічны сэнс. І ў такім выпадку давядзецца звальняць людзей і самому гублять той статус, які набыў з такою цяжкасьцю. Яшчэ такі момант. Калі Аўтуховіч і ягоная каманда галадаюць, людзі разумеюць, што яны гэта робяць ня дзеля набыцьця папулярнасці, а таму, што іх “дасталі”, то гэта мае значны грамадзкі эфэкт.

Гэтае прадпрыемства працуе ў горадзе працяглы тэрмін. Да іх паслугаў ужо ўсе прызвычаіліся. Гэта адносна танна, ёсьць магчымасьць праехаць, як кажуць, ад дзьвярэй да дзьвярэй. А грамадзкі транспарт, аўтобусы ў правінцыйных гарадах ходзяць нерэгулярна, абмежаваны час (прыкладам, вечарам ці ноччу яны не працуюць), яны перапоўненыя. І рэпрэсіі супраць фірмы, якая аказвае такія паслугі, можа выклікаць абурэньне”.

(Карбалевіч: ) “Акрамя масавасьці і працягласьці, галадоўка ў Ваўкавыску мае яшчэ шэраг асаблівасьцяў. Яна вылучаецца незвычайнай для новай Беларусі салідарнасьцю гаспадара і наёмных работнікаў. Вядома, што на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах людзі зарабляюць значна менш, іх эканамічнае становішча горшае, асабліва ў правінцыі. Тым ня менш, там не пратэстуюць. А акцыю пратэсту ладзяць працаўнікі прыватнай фірмы. Больш за тое, дзеля салідарнасьці да іх далучыліся людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да фірмы радыё-таксі.

Далей, такая незвычайная форма пратэсту праводзіцца ў правінцыйным горадзе. А вядома, што ў правінцыі людзі поўнасьцю залежныя ад улады і арганізаваць іх на пратэст вельмі цяжка. І тым ня менш, людзі пратэставалі. Галадоўка ў Ваўкавыску, як і нядаўні страйк прыватных прадпрымальнікаў, паказвае, што барацьба за свае інтарэсы ў недзяржаўным сэктары ўсё больш набывае, так бы мовіць, неінстытуцыйныя формы. Гэта значыць, што грамадзяне адстойваюць свае інтарэсы з дапамогай галадовак, страйкаў, шэсьцяў, пікетаў і іншых публічных акцыяў пратэсту.

Улады пайшлі на частковыя саступкі. Яны адступілі перад арганізаванасьцю, салідарнасьцю наёмных работнікаў і гаспадара, упартасьцю і нават зацятасьцю людзей. Інакш кажучы, улады адступаюць перад сілай. Гэта яшчэ адзін урок для прадпрымальнікаў, якія нядаўна страйкавалі, іншых сацыяльных слаёў. І сэнс яго такі: калі ўлады сустракаюцца з рашучым і ўпартым пратэстам, то вымушаныя саступіць. Ці згодныя вы з такой высновай?”

(Астраўцоў: ) “Толькі часткова, напэўна, згодзен. Безумоўна, галадоўка ў пэўным сэнсе была крыніцай нестабільнасьці ў горадзе. Хаця вонкава яна была мала заўважная. Галадоўнікі не вывешвалі ні транспарантаў, ні іншых атрыбутаў, якія мы бачым па польскім телебачаньні, калі там адбываюцца падобныя акцыі. Мінулай восеньню ў Ваўкавыску адбылася галадоўка галоўнага рэдактара мясцовай газэты Андрэя Шантаровіча. Ён вывешваў у акне плякат, у якім было напісана, што сёньня такі дзень галадоўкі, назаўтра — наступны. Потым яго судзілі за, быццам бы, несанкцыянаваную акцыю.

Мінулая галадоўка была чыста эканамічная. Ніякіх заяваў супраць уладаў не было. Наадварот, былі спробы зьвярнуцца з сваёй праблемай да прэзыдэнцкай адміністрацыі. У Аўтуховіча ў кабінэце вісіць партрэт Лукашэнкі, і пад гэтым партрэтам ён і галадае. Абвінавачаньні супраць уладаў былі ў тым, што гэта, на думку Аўтуховіча, была заказная справа. Яны змагаліся супраць эканамічных санкцыяў. Што тычыць рэакцыі ўладаў. У выніку галадоўкі ўлады выпусьцілі сем грузавых машынаў з-пад арышту і далі магчымасьць працаваць гэтым людзям. Але падатковая інспэкцыя не адклікала таго дакумэнта, паводле якога з прыбыткаў, якія будуць паступаць на рахунак, будуць адлічвацца грошы дзеля пагашэньня штрафу”.

(Скуратовіч: ) “Усё залежыць ад таго, хто галадуе. Адна справа — галадаць дзеля зьмены выбарчага заканадаўства, што адбывалася летась у Менску. Гэтае патрабаваньне нашай асноўнай масе досыць апалітычнага насельніцтва незразумелае. Іншая сытуацыя, калі галадуюць людзі, якія робяць справу, карысьць ад якой цалкам зразумелая насельніцтву”.

(Карбалевіч: ) “Паводле сакавіцкага сацыялягічнага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, 54% насельніцтва падтрымала страйк прадпрымальнікаў, і толькі 21% апытаных паставіліся да гэтай акцыі нэгатыўна. У зьвязку з галадоўкай у Ваўкавыску: ці можна лічыць, што адбыўся пералом у стаўленьні насельніцтва да прадпрымальніцтва ў краіне?”

(Астраўцоў: ) “Адназначна сказаць нельга. Падчас мінулай галадоўкі я рабіў апытаньне на вуліцах Ваўкавыску, і рабіў такое ж апытаньня цяпер. Стаўленьне людзей да гэтых акцыяў вызначаецца рознымі абставінамі, якія шмат у чым адрозьніваюцца. Паўтара году назад былі арыштаваныя ўсе таксоўкі, якія зьніклі з гораду, што стварыла шмат нязручнасьцяў для людзей. Таму насельніцтва падтрымлівала галадоўнікаў. Цяпер сытуацыя іншая. Таксоўкі засталіся ў горадзе. Акрамя таго, зьявіліся іншыя фірмы. Таму таксовак на вуліцах хапае.

Другі момант. Паўтара году назад было больш інфармацыі пра галадоўку. Пра гэта пісала і мясцовая газэта. Людзі спачувалі галадоўнікам. Калі цяпер я распытваў людзей, большасьць казала, што мы пра гэта нічога ня ведаем, таксоўкі езьдзяць, нас гэта не цікавіць. Толькі невялікая частка людзей гаварыла, што мы пра гэта ведаем. І толькі частка з гэтых інфармаваных падтрымлівала патрабаваньні галадоўнікаў. А некаторыя казалі, што яны змагаюцца за свае прыватныя інтарэсы, таму, што іх пакрыўдзілі. Калі параўноўваць тую галадоўку і цяперашнюю, то нельга сказаць, што грамадзкая думка больш схіляецца на карысьць Аўтуховіча і ягонай каманды. Наадварот, цяпер адбылося зьмяншэньне цікавасьці”.

(Карбалевіч: ) “Ствараецца ўражаньне, што самі галадоўнікі не паклапаціліся пра піяр сваёй акцыі, каб перацягнуць на свой бок грамадзкую думку”.

(Скуратовіч: ) “Цяпер у правінцыйных гарадах, калі існуюць такога кшталту паслугі, людзі, якія іх аказваюць, становяцца блізкія жыхарам. Паслугамі таксовак у невялікім горадзе карыстаецца шмат насельніцтва. Таму, калі ажыцьцяўляюць захады супраць адных, іншыя думаюць, што хутка і да іх дойдзе чарга. З таго, што казаў Астраўцоў пра розьніцу паміж першай і другой галадоўкай, вынікае, што праблема палягае ў інфармацыйнай плашчыні. Я разумею, што ў Аўтуховіча няма сродкаў, каб распаўсюдзіць такую інфармацыю. Але я тут бачу і пасіўнасьць палітычных партыяў, якія павінны выкарыстоўваць кожны такі выпадак, дапамагаючы інфармацыйнай падтрымкай”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галадоўка ў Ваўкавыску — гэта акт адчаю, магчыма, адзіная ў сёньняшніх умовах зразумелая людзям форма пратэсту супраць сваволі ўладаў. Ненармальная грамадзкая сыстэма, пазбаўленая зваротнай сувязі паміж грамадзтвам і ўладай, вымагае і не зусім звычайных сродкаў барацьбы за свае правы”.
XS
SM
MD
LG