Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Лукашэнку варта паважаць за тое, што ў Беларусі няма сваіх Беразоўскіх ды Хадаркоўскіх”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці гатовая большая частка беларускага грамадзтва да палітычных зьменаў у сваёй дзяржаве? Ці чакаюць людзі гэтых зьменаў? Ці здольныя прыкласьці дзеля іх асабістыя намаганьні? Гэтыя і падобныя пытаньні паўстаюць перад кожным, хто намагаецца зазірнуць у блізкую будучыню Беларусі. Спрабуюць адказаць на іх і многія слухачы Беларускай Свабоды. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў наш даўні слухач Віктар Баранаў з Рагачова:

“Я чалавек, ужо зношаны гэтым жыцьцём, і мала што магу рабіць. І ўсё ж хочацца дачакацца зьменаў, хаця б дзеля дзяцей. Назіраючы цяперашняе жыцьцё, я раблю шмат несуцяшальных высноваў. Адна асоба (ці жменька людзей) хоча ўзурпаваць уладу, заставацца пры ёй пажыцьцёва. А разабрацца ў тым, што адбываецца ў краіне, здольная толькі невялікая частка грамадзтва. Бо ня ўсе ўмеюць і могуць аналізаваць тое, што паказвае дзяржаўнае тэлебачаньне, пішуць дзяржаўныя газэты.

З размоваў зь людзьмі я бачу, што большасьць хоча зьменаў. Але, апроч Лукашэнкі, мы нікога ня бачым і ня ведаем. У людзей стварылі ўражаньне, што ўсе астатнія палітыкі — нягеглыя, недалёкія, нікчэмныя. Усё больш пераконваюся, што без дапамогі звонку нам не абысьціся. Пуцін нядаўна сказаў, што ня будзе прэтэндаваць на трэці тэрмін. Трэба было яму прымусіць і Лукашэнку, каб той зрабіў гэтак жа. І ўсе іншыя суседнія краіны павінны сказаць сваё слова. Тое, што ў нас нібыта няма іншай асобы, здольнай кіраваць дзяржавай, проста прыніжальна для беларускага народу”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Баранаў з Рагачова.

Час, калі аўтарытарныя валадары, аднойчы прыйшоўшы да ўлады, утрымлівалі яе да канца сваіх дзён, на эўрапейскім кантынэнце мінуў 15 гадоў таму, разам з распадам камуністычнай сыстэмы. Сёньня нават у постсавецкай частцы Эўропы, у краінах дзе дэмакратыя сутыкаецца зь вялікімі цяжкасьцямі, кіраўнікі дзяржаваў не наважваюцца перапісваць канстытуцыі, каб даўжэй заставацца пры ўладзе. На гэта не пайшлі ні Ўладзімер Пуцін, ні Леанід Кучма. Прыклад Беларусі — гэта анамалія, і стаўленьне да гэтай анамаліі сярод эўрапейскіх лідэраў больш-менш аднолькавае — асуджальнае.

Але гэтага, спадар Баранаў, зусім недастаткова, каб у Беларусі адбыліся зьмены. Гэтых зьменаў павінна захацець (і паказаць уладзе гэтае жаданьне) большая частка беларускага грамадзтва.

Наш слухач зь Вільні, актывіст Таварыства беларускай мовы Юры Гіль у сваім новым лісьце на “Свабоду” расказаў пра тое, як вырашыў зрабіць падарунак вучням Параф’янаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёну, у якой сам калісьці вучыўся — выпісаць ім газэту “Наша слова”. Вось што з гэтага атрымалася:

“Калі пра гэта даведаўся дырэктар, дык катэгарычна выказаўся супраць. Маўляў, не патрэбна такая газэта, ня будуць яе чытаць у школе. І ўвогуле, дайце дапрацаваць да пэнсіі… Такое ж становішча і ў іншых школах раёну. У выніку выпісалі толькі два асобнікі “Нашага слова”. А што да газэты “Народная воля”, дык усіх яе падпісчыкаў паставілі на ўлік у органах мясцовай улады. Гэта для мяне балюча. Калі я быў вучнем гэтай школы, там усе прадметы выкладаліся на роднай мове. Цяпер жа ўсё памянялася. Кіраўніцтва школы выступіла нават супраць нашай прапановы перайменаваць вуліцу Камуністычную ў вуліцу Васіля Быкава”.

На жаль, спадар Гіль, такія ж выпадкі апошнім часам адбываюцца ня толькі ў Параф’янаўскай школе і ня толькі ў Докшыцкім раёне. Ня думаю, што на ўзроўні Міністэрства адукацыі існуе нейкі адмысловы загад не дапускаць у школы газэту “Наша слова”, якую выдае Таварыства беларускай мовы. Хутчэй за ўсё, гэта ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў, аддзелаў адукацыі, школьных адміністрацыяў. Запалоханыя афіцыйнай прапагандай ды сваім ідэалягічным начальствам чыноўнікі бачаць праявы апазыцыйнасьці ўжо ў самім факце існаваньня газэты, якая выступае супраць дыскрымінацыі беларускай мовы.

Ліст ад Віталя Шаўко зь Віцебску:

“За што можна паважаць Лукашэнку — дык гэта за тое, што няма ў Беларусі сваіх Хадаркоўскіх ды Беразоўскіх. Не дапусьціў прэзыдэнт, каб эканоміку прыхватызавалі спрытныя прайдзісьветы. Прадпрыемствы, якія пасьля вайны будаваліся за кошт усяго народу, павінны ў гэтага народу і заставацца. Як гэта можа стацца, што завод коштам у сотні мільёнаў даляраў пераходзіць ва ўласнасьць да чалавека, які быў такім жа савецкім грамадзянінам, як і я — атрымліваў 120 рублёў у месяц плюс прэмія? Адкуль у яго такія грошы? Дзе ён іх зарабіў? А калі ён такіх грошай ня меў, дык чаму яму аддалі гэты завод за бесцань?

Пры сацыялізьме гэты злодзей ужо даўно пілаваў бы лес на Калыме. А сёньня ён езьдзіць на новым “Мэрсэдэсе” і жыве ў катэджы за паўмільёна даляраў. Усё ж дарэмна мы адмовіліся ад сацыялізму. Успомніце, ці было тады беспрацоўе? Паўсюль віселі аб’явы аб тым, што патрабуюцца работнікі. Не чалавек шукаў працу, а праца чалавека. Не было ні бедных, ні багатых — існавала сацыяльная роўнасьць. А цяпер? Адны ў раскошы, а другія ў галечы”.

Вы, спадар Шаўко, згадваеце, што ў Савецкім Саюзе не было беспрацоўя, а я згадваю савецкія чэргі ў крамах. Чэргі па каўбасу і мяса, па красоўкі і джынсы, па тэлевізары і мэблю… Увесь Савецкі Саюз стаяў у чэргах, асабліва па імпартныя тавары. (Бо свае, айчынныя, вызначаліся нізкай якасьцю і непрывабным зьнешнім выглядам.) Самі людзі зьдзіўляліся: такая магутная эканоміка, працуюць 250 мільёнаў чалавек, а ня могуць вырабіць удосталь ні патрэбных тавараў, ні харчаваньня… Але інакш і быць не магло, калі 80% усёй савецкай прамысловасьці замест таго, каб выпускаць патрэбныя людзям тавары і насычаць рынак, былі занятыя выпускам танкаў, ракетаў, аўтаматаў — усяго, што патрабаваў ваенна-прамысловы комплекс і геапалітычныя амбіцыі крамлёўскага кіраўніцтва.

Эфэктыўна чалавек працуе толькі тады, калі зацікаўлены эканамічнымі стымуламі. А калі і добраму, і дрэннаму работніку плаціць прыблізна аднолькава (так, як гэта і было ў Савецкім Саюзе) — стымулы зьнікаюць, а адначасова зьнікае і плённая праца, і якасьць. У СССР усе прадпрыемствы былі нібыта народнымі, а насамрэч нічыйнымі. Менавіта дзеля таго, каб зьявіўся эфэктыўны ўласьнік, у постсавецкіх краінах (у Расеі, дзржавах Балтыі, ва Ўкраіне) і праводзілася прыватызацыя. Ня ўсё там прайшло гладка. Відавочна, патрэбныя больш дасканалыя законы дзеля таго, каб павялічвалася колькасьць багатых, а ня бедных, каб існавала больш прадуманая сыстэма сацыяльнай абароны. І ўсё ж плён ад рэфармаваньня эканомікі, ад перадачы яе ў прыватныя рукі ёсьць, і істотны. Ніколі ў савецкі час на беларускім рынку не было такой колькасьці расейскага харчаваньня, абутку, адзеньня, мэблі, як цяпер. Беларускія ўлады ўводзяць абмежаваньні на імпарт расейскай прадукцыі, і ўсё роўна яна запаланяе рынак — бо больш танная і якасная, чым аналягічная беларускай вытворчасьці, вырабленая на дзяржаўных прадпрыемствах.

На заканчэньне кароткі ліст ад Валянціна Цішка з Маладэчна:

“Вось даведаўся пра адкрыцьцё новага беларускага тэлеканалу для замежных гледачоў. Ня ведаю, навошта ён патрэбен. Калі замежжа хоча даведацца, як самі сябе хваляць беларускія ўлады, дык няхай глядзіць БТ, ОНТ, “Лад”. Ды і ўвогуле, што можна ўбачыць на нашых тэлеканалах? Адно толькі падхалімства, усхваленьне ды выступы аднаго і таго ж усім вядомага палітыка. Так што ад такога відовішча замежны глядач толькі нэрвы сабе сапсуе”.

У тым і справа, Валянцін, што ні ОНТ, ні “Лад”, ні першы дзяржаўны тэлеканал за межамі Беларусі не трансьлююцца і ніхто іх там не бачыць. А беларускім уладам хочацца, каб бачылі. Дзеля таго і створаны спадарожнікавы канал, які трансьлюе на замежныя краіны выбраныя перадачы ўсіх іншых дзяржаўных тэлеканалаў. Нічога заганнага ў гэтым няма: у дэмакратычных грамадзтвах права на свабодны распаўсюд інфармацыі, ідэяў ды поглядаў агульнапрызнанае. Глядач там мае магчымасьць бачыць дзясяткі тэлеканалаў розных кірункаў — а значыць, параўноўваць, супастаўляць, рабіць уласныя высновы на падставе ўбачанага і пачутага. І наўрад ці новы прапагандысцкі дзяржаўны тэлеканал здолее сваёй агітацыяй зьмяніць стаўленьне колькі-небудзь значнай часткі заходняй супольнасьці да падзеяў у Беларусі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG