Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады ня хочуць пускаць спэцыяльнага дакладчыка ААН у Беларусь


Уладзімер Глод, Менск Беларускія ўлады ня хочуць бачыць у Менску Адрыяна Сэвэрына – пра гэта заявіў 18 красавіка міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Паводле Мартынава, спадар Сэвэрын на паседжаньні камісіі ў справах правоў чалавека ААН у Жэнэве агучыў не ўласную справаздачу, а кампіляцыю з дакладу Дзярждэпартамэнту ЗША.

Свой погляд на выступ Адрыяна Севярына кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі агучыў 18 красавіка падчас брыфінгу перад прадстаўнікамі мас-мэдыяў. Размове ж з журналістамі папярэднічала сумеснае паседжаньне сяброў міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў і супрацоўнікаў МЗС. На ім, як распавёў мне адзін з дэпутатаў, шмат увагі аддалі і выступу спадара Сэвэрына.

Міністар замежных справаў Беларусі ацаніў даклад Адрыяна Сэвэрына надзвычай нэгатыўна:

(Мартынаў: ) "Мы ўзаемадзейнічаем шмат зь якімі працэдурнымі камісіямі ў справе правоў чалавека, і пры гэтым пасьпяхова – што, дарэчы, і адзначалася на цяперашняй сэсіі гэтай камісіі. Што тычыцца канкрэтна так званага адмысловага дакладчыка ў справах Беларусі (у дадзеным выпадку ім зьяўляецца Адрыян Сэвэрын), дык як і раней мы лічылі яго знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі недарэчным у гэтай якасьці, так і цяпер мы лічым тое ж самае. Яго даклад у Жэнэве быў абсалютна беспрэцэдэнтны. Нават пры тых норавах, што часам існуюць у камісіі у справе правоў чалавека, гэты даклад не адпавядае стандартам падрыхтоўкі такіх дакладаў. Гэта, уласна кажучы, была кампіляцыя даклада Дзярждэпартамэнту ЗША ў справах Беларусі".

Нагадаем, што сёлета, у сакавіку, былы міністар замежных справаў Румыніі, былы кіраўнік адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, былы прэзыдэнт парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Сэвэрын прадставіў сваю справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Летам 2004 году ён быў прызначаны адмысловым дакладчыкам у справах Беларусі. Ад таго часу ён неаднаразова спрабаваў наведаць Беларусь, каб на ўласныя вочы вывучыць сытуацыю ў краіне. Аднак кожны раз беларускія ўлады адмаўлялі яму ў выдачы ўязной візы. Між тым, Адрыян Сэвэрын наведваў Беларусь, паводле ягоных уласных словаў, ня менш за дзесяць разоў. Гэта было пераважна ў той час, калі спадар Сэвэрын спачатку кіраваў адмысловай рабочай групай Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў справах Беларусі, а пасьля кіраваў усёй Парлямэнцкай асамблеяй.
XS
SM
MD
LG