Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія скаўты Беларусі


Ігар Карней, Менск Пасьля чарговай перарэгістрацыі ў Беларусі засталася адна афіцыйна зарэгістраваная, арганізацыя скаўтаў. Тры з чатырох скаўцкіх арганізацый Беларусі ня здолелі прайсьці перарэгістрацыю ў мін''юсьце.

Зь ініцыятывы Міністэрства юстыцыі і на рашэньне Вярхоўнага суду зьліквідаванае Аб’ядньне беларускіх скаўтаў. Падчас вынясеньня судовага выраку патлумачылі прычыну: грамадзкая арганізацыя ня можа быць зарэгістраванай у жылым фондзе. На такой жа падставе забароненыя яшчэ дзьве скаўцкія арганізацыі. Цяпер афіцыйна скаўты могуць існаваць толькі пад эгідай Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі, якая зьявілася яшчэ за савецкім часам.

Скаўты прыйшлі ў Беларусь з ЗША, дзе маюць надзвычай вялікую папулярнасьць. Амэрыканскі аналяг у Беларусі, Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя – старэйшая арганізацыя для падлеткаў, якая пачала дзейнічаць у Беларусі яшчэ за савецкім часам. Пік папулярнасьці скаўцкага руху прыпадае на сярэдзіну 90-х: тады сябрамі асацыяцыі былі 13 тысячаў маладых людзей, якія з захапленьнем ладзілі паходы па гістарычных мясьцінах, праводзілі археалягічныя раскопкі, займаліся спортам. Цяпер скаўцкім рухам ахоплена блізу паўтары тысячы чалавек.

Старшыня Каардынацыйнай рады Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі Ігар Касьцевіч, між тым, лічыць: калегі па скаўцкім лягеры ў пэўнай ступені самі вінаватыя, што прыйшлі да такога фіналу.

(Касьцевіч: ) “Былі чатыры арганізацыі, тры зь іх не прайшлі перарэгістрацыю. Перадусім, статут не адпавядае скаўцкім патрабаваньням. Мы ад 1991 году, калі ўпершыню запатрабавалася перарэгістрацыя, прайшлі шэсьць такіх працэдураў. Можа, дапамагае наш досьвед, бо мы – сябры Ўсясьветнай арганізацыі скаўтаў, жывём па Ўсясьветнай канстытуцыі скаўтаў. І па ёй, у адпаведнасьці зь беларускімі законамі, пішам наш статут. Таму мы ў пэўным сэнсе прафэсіяналы, столькі гадоў гэтым займаемся. Самыя першыя – ня толькі ў Беларусі, а ў былым СССР зарэгістраваныя былі”.

Наконт зьліквідаванага на рашэньне Вярхоўнага суду Аб’яднаньня беларускіх скаўтаў і яшчэ двух рэгіянальных суполак спадар Касьцевіч трымаецца такога гледзішча:

(Касьцевіч: ) “Раней мы зь імі разам дзесьці выступалі, якіясьці лекцыі чыталі. Але апошнія гадоў шэсьць яны як зьніклі, кожны адышоў у сваю сфэру. А што тычыцца рознага кшталту школьных арганізацый, аб’яднаньняў пры Палацах культуры, пры клюбах, дык часам даходзіць да абсурду: скаўты-пажарныя, скаўты-піянэры... Проста кавалак назвы бяруць, і ўсё”.

Разам з тым, кіраўнік Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі Ігар Касьцевіч перакананы: зь любога спосабу зачыняць дзіцячую арганізацыю – гэта ніякую ўладу не ўпрыгожвае, а толькі стварае ёй антырэкляму.

(Касьцевіч: ) “У нас жа арганізацыя не палітычная, мы ўвогуле ніякага дачыненьня да палітыкі ня маем. Займаемся сваімі пытаньнямі. Мэты арганізацыі збольшага выхаваўчыя: паходы, мерапрыемствы аздараўленчага кшталту. Усё тое, што можа цікавіць дзяцей. Дзеля гэтага сёлета зьнізілі ўзроставыя межы і цяпер запрашаем у сябры арганізацыі дзяцей ад 6 гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG