Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Сыкстынскай капліцы кардыналы абіраюць новага папу


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня ў 17.30 паводле беларускага часу у Ватыкане пачаўся канкляў – сход каталіцкіх кардыналаў для выбараў новага папы рымскага. Зачыненыя ўнутры Сыкстынскай капліцы ў Ватыкане, 115 кардыналаў з 52 краінаў сьвету будуць вырашаць, хто стане новым галавой Рымска-каталіцкай царквы, духоўным айцом звыш мільярда каталікоў ўва ўсім сьвеце. Новы папа павінен атрымаць прынамсі дзьве траціны галасоў кардыналаў. Чакаецца, што працэдура можа працягнуцца некалькі дзён.

Гэта першы канкляў за апошнія 27 гадоў. Амаль усе ўдзельнікі галасаваньня, акрамя двух чалавек, сталі кардыналамі за час пантыфікату папы Яна Паўла Другога, і таму ніколі раней не бралі ўдзелу ў такіх выбарах.

Новы папа стане 264-м галавой Рымска-каталіцкай царквы.

У ХХ стагодзьдзі ўсе канклявы доўжыліся ад трох да пяці дзён, але раней у гісторыі бывалі й больш працяглыя галасаваньні. Зрэшты, для пачатку кардыналы павінны вырашыць, ці будуць яны галасаваць сёньня, ці першы дзень канкляву будзе аддадзены дэбатам, а галасаваньне пачнецца толькі ў аўторак.

За апошнія дні ў якасьці галоўнага фаварыта ўсё часьцей згадваецца нямецкі кардынал Ёзэф Ратцынгер, даволі кансэрватыўны ў пытаньнях царкоўнай дактрыны. Ратцынгер, найбліжэйшы паплечнік памерлага папы, мае цяпер падтрымку каля 50 кардыналаў. Зь іншага боку, досьвед паказвае, што ранейшыя фаварыты не заўсёды перамагалі ў галасаваньні.

Робэрт Майніган – гісторык і рэдактар месячніка "Inside the Vatican". У інтэрвію Радыё Свабода ён кажа, што блёк кардыналаў, якія процістаяць Ратцынгеру, асабліва з разьвіваваных краінаў, выступаюць за кандыдата, што будзе надаваць больш увагі сацыяльным праблемам, а не рэлігійнай артадоксіі.

(Майніган: ) “Яны хочуць бачыць альтэрнатыву кансэрватыўнай каталіцкай пазыцыі, і яны абралі б такога, як кардынал Кляўдыё Хумэс з Сан-Паўлу, блізкі сябар прэзыдэнта Бразыліі Лулы. Яны хочуць, каб людзі не цярпелі ад жабрацтва ў сёньняшнім сьвеце гэтак шмат і не чакалі гэтак доўга спрыяльных сацыяльных магчымасьцяў”.

Але выглядае, што абодва бакі ня маюць большасьці, і таму папам можа стаць хутчэй кампрамісная фігура, – кажа Робэрт Майніган – гісторык і рэдактар месячніка "Inside the Vatican”.

(Майніган: ) “Я думаю, у выніку яны спыняцца дакладна ў цэнтры. Гэта ня будзе рэвалюцыйная фігура”.

Сярод памяркоўных кандыдатаў называюцца найперш эўрапейцы Дыяніджы Тэтаманці зь Міляну і Жан-Мары Люстыжэр з Парыжу. Зрэшты, галасаваньне можа прынесьці й даволі сэнсацыйныя вынікі. Можна згадаць, што апошні папа Ян Павал ІІ зусім ня разглядаўся асноўным кандыдатам і быў абраны на трэці дзень у восьмым туры галасаваньня.

Канкляў традыцыйна праходзіць ў жорсткіх умовах сакрэтнасьці (сам назоў паходзіць ад лацінскага выразу con clave – ‘пад ключом’). Кардыналам забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі, чытаць газэты і глядзець тэлевізар. Сыкстынская капліца правераная на наяўнасьць падслухоўвальнай апаратуры. Вонкавы сьвет можа даведацца пра заканчэньне галасаваньня толькі назіраючы за дымам з коміна Сыкстынскай капліцы. Белы дым прынясе вестку аб абраньні новага папы, чорны дым будзе знакам, што працэс галасаваньня працягваецца.
XS
SM
MD
LG