Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Латвіі: Значную ролю ў дэмакратызацыі Беларусі будзе адыгрываць Ўкраіна


Юры Сьвірко, Кіеў Цяперашні старшыня Рады Эўрапейскага Зьвязу, міністар замежных справаў Люксэмбургу Жан Асэльборн, які напрыканцы мінулага тыдня зрабіў заяву пра тое, што Беларусь “невылечна пагружаецца ў дыктатуру”, яшчэ не пасьпеў пракамэнтаваць жорсткую рэакцыю на гэта з боку беларускага калегі Сяргея Мартынава. Як паведамілі Радыё Свабода ў люксэмбурзкім МЗС, спадар Асэльборн зьехаў зь візытам у Партугалію й дасьць камэнтар наконт Беларусі пазьней. Аднак патлумачыць супольную пазыцыю Эўразьвязу пагадзілася дыпляматычнае ведамства Латвіі, чый кіраўнік Артыс Пабрыкс і распачаў у Люксэмбургу дыскусію на беларускую тэму.

Як паведаміла МЗС Латвіі, “міністар замежных справаў Артыс Пабрыкс на нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў Эўрапейскага Зьвязу ў Люксэмбургу кіраваў дыскусіяй наконт палітыкі дзеяньняў Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі дзеля прасоўваньня дабрабыту й адпаведнасьці каштоўнасьцям правоў чалавека й дэмакратыі ў гэтай краіне”.

Я патэлефанаваў прэсавай сакратарцы спадара Пабрыкса Дагніі Стукене й спытаўся, чым была выкліканая гэтая дыскусія ў Люксэмбургу.

(Стукена: ) “Гэтая Люксэмбурская сустрэча ёсьць звычайнай практыкай, калі міністры замежных справаў Эўразьвязу абмяркоўваюць розную палітыку, у тым ліку палітыку й стаўленьне ў дачыненьні да рэгіёнаў, суседніх з Эўразьвязу. Вядома, што Эўразьвяз мае сваю ўласную праграму, якая называецца “Палітыка суседзтва Эўразьвязу”.

Міністар замежных справаў Люксэмбургу Жан Асэльборн заявіў, што “Эўразьвяз мусіць прадпрыняць дзеяньні зараз, хутка ажыцьцяўляючы захады ў кароткачасовай пэрспэктыве, каб патрымаць адкрыцьцё грамадзтва ў Беларусі”. Таму я спытаўся ў прэсавай сакратаркі міністра замежных справаў Латвіі, якія гэта могуць быць захады з боку Эўразьвязу.

(Стукена: ) “Захады, якія мы можам ужываць, – дыпляматычныя. Гэта захады падтрымкі ініцыятываў няўрадавых арганізацыяў, СМІ або грамадзянскай супольнасьці. Вельмі важна, каб гэта быў двухбаковы працэс. Немагчыма для Эўразьвязу, як гэта бачыцца Латвіі, дзейнічаць аднабакова ў гэтым працэсе. Вельмі важна, каб людзі ў Беларусі былі актыўнымі й бралі ўдзел у гэтых праграмах, калі яны бачаць, што Эўразьвяз можа дапамагчы ім”.

Я папрасіў спадарыню Стукену пракамэнтаваць таксама сёньняшнюю рэакцыю міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава, які заклікаў Эўразьвяз не вучыць Беларусь жыць і дадаў, што сярод сябраў Эўразьвяз ёсьць такія, дзе чвэрць насельніцтва ня мае права голасу, і такія, якія заахвочваюць фашызм у розных яго формах. Вядома, што раней афіцыйны Менск абвінавачваў у гэтым якраз Латвію.

(Стукена: ) “Я магу пракамэнтаваць наступным чынам: Латвія ды іншыя краіны Эўразьвязу зацікаўленыя ў заможных, дэмакратычных суседзях, і мы будзем дапамагаць грамадзянскай супольнасьці, няўрадавым арганізацыям і іншым структурам Беларусі ды ўсіх іншых краін вакол Эўразьвязу ў гэтых працэсах”.

Як паведаміла МЗС Латвіі, яго кіраўнік Артыс Пабрыкс прапанаваў адкрыць прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Беларусі як мага хутчэй. Ён таксама падкрэсьліў, што значную ролю ў дэмакратызацыі Беларусі будзе адыгрываць суседняя Ўкраіна.
XS
SM
MD
LG