Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаспадарчы суд канфіскуе 9000 асобнікаў "Выпадковага прэзыдэнта" ў бізнэсоўца


Браніслава Станкевіч, Віцебск Дзевяць тысяч паасобнікаў кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” будуць канфіскаваныя на карысьць дзяржавы. Такое рашэньне прыняў Віцебскі абласны гаспадарчы суд, завяршыўшы разгляд справы прадпрымальніка Барыса Элькіна, які на ўласнай машыне перавозіў гэтыя кнігі са Смаленску і быў па дарозе затрыманы міліцыянтамі.

Месяц таму гаспадарчы суд разглядаў прэтэнзіі міліцыянтаў наконт таго, што ў транспартных дакумэнтах была няправільна ўказана колькасьць паасобнікаў кнігі, і што юрыдычная адрэса маскоўскай фірмы, якая імі, не адпавядае ейнаму сапраўднасьці. Пасьля таго, як гэтыя абвінавачаньні былі абвергнутыя Барысам Элькіным і ягоным юрыдычным кансультантам Гары Паганяйлам, судовая справа была закрытая.

Сёньняшні судовы працэс па справе віцебскага прадпрымальніка Барыса Элькіна адбываўся цягам цэлага дня. Ён быў ініцыяваны Віцебскім раённым аддзелам па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. І сутнасьць абвінавачаньня, выказанага кіраўніком аддзелу Віктарам Пракаповічам, палягала ў тым, што прадпрымальнік парушыў “Канвэнцыю пра міжнародныя перавозкі грузаў”, бо тавара-транспартныя накладныя ў яго былі неадпаведнага ўзору.

Цяпер супрацоўнікі міліцыі ініцыявалі новую судовую справу. Выступаючы на судзе, прадстаўнік Віцебскага райаддзелу Віктар Пракаповіч заявіў, што тавара-транспартныя накладныя на гэтую кнігу мусілі б быць іншага ўзору.

Перад пачаткам суду Барыс Элькін сказаў Радыё Свабода:

(Элькін: ) "Зноў мы ў пух і прах разьбілі пазыцыю міліцыянтаў, бо яны спрабуюць прыцягнуць за вушы такія нарматыўныя палажэньні, якія ў маім выпадку не дзейнічаюць. Але кніжкі мне, як я мяркую, так і не аддадуць – і міліцыянты, і суд робяць для гэтага ўсе магчымыя крокі. Але ж паглядзім!"

На думку спадара Элькіна, вельмі паказальна, што ў часе затрыманьня, 8-га кастрычніка мінулага году, ніякіх прэтэнзіяў да афармленьня дакумэнтаў у міліцыянтаў не было.

Тады сумненьні выклікала толькі назва і зьмест кнігі, але лінгвістычная экспэртыза, праведзеная паводле распараджэньня абласной пракуратуры, нічога крамольнага ў кнізе Сьвятланы Калінкінай ды Паўла Шарамета не знайшла. Цяпер міліцыянты зьвярнулі пільную ўвагу на выгляд і зьмест дакумэнтаў прадпрымальніка.

Пасьля першай, няўдалай спробы знайсьці ў ягонай дзейнасьці склад эканамічнага правапарушэньня, гаспадарчы суд у асобе судзьдзі Людмілы Івановай урэшце прызнаў Барыса Элькіна парушальнікам закону, а кнігі вырашыў канфіскаваць.

Пра тое, ці паступяць яны ў вольны продаж, падобна іншым канфіскаваным таварам, прадстаўнік Віцебскага райаддзелу Віктар Пракаповіч гаварыць не захацеў.

(Пракаповіч: ) "Я ня буду адказваць на гэтае пытаньне! Зараз кнігі захоўваюцца ў нашым райаддзеле, у апячатаным пакоі".

Прадпрымальнік Барыс Элькін, у сваю чаргу, дужа чакае таго моманту, калі гэтыя кнігі зьявяцца ў краме.

(Элькін: ) "Цяпер, калі суд прыняў рашэньне пра канфіскацыю кніжак, яны ў гандаль павінны пайсьці. Мы будзем уважліва сачыць, дзе яны зьявяцца. І я асабіста куплю 200-300 паасобнікаў".

А пакуль Барыс Элькін рыхтуе шэраг заяў у пракуратуру, бо ў матэрыялах сваіх судовых спраў ён заўважыў цэлы шэраг парушэньняў закону з боку абласнога суду і раённае міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG