Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынца і М.Статкевіча судзяць за арганізацыю мітынгаў падчас рэфэрэндуму


Любоў Лунёва, Менск Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча будуць судзіць за арганізацыю вулічных выступленьняў. Крымінальную справу супраць лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча і аднаго з кіраўнікоў “Маладога фронту” Паўла Севярынца перадалі ў суд Ленінскага раёну Менску. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых вулічных выступленьняў грамадзянаў 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч адмовіўся ад паслугаў адваката. Ён паведаміў Радыё Свабода, што ня будзе даваць паказаньняў у судзе і ўдзельнічаць у допыце сьведкаў. Паводле яго, крымінальная справа цалкам палітычная, скіраваная на нэўтралізацыю актывістаў вулічных дэманстрацыяў. А таму прысуд, лічыць Мікола Статкевіч, будзе такі, які запатрабавалі ўлады.

(Статкевіч: ) “Я ўпэўнены, што гэта зьвязана з намерам сацыял-дэмакратычнай партыі і “Эўрапейскай кааліцыі” вылучыць мяне кандыдатам у прэзыдэнты. Ціск не абмяжоўваецца толькі гэтай крымінальнай справай. Ёсьць яшчэ і 2000 даляраў штрафу за дзьве хвіліны выступу на мітынгу прадпрымальнікаў. Я не сумняюся, што суд у гэтай справе будзе насіць характар імітацыі. Рашэньне суду будзе падказана яму з адміністрацыі Лукашэнкі”.

Паводле Міколы Статкевіча, апошнія рэпартажы дзяржаўнага тэлебачаньня могуць сьведчыць аб тым, што ўлады рыхтуюць грамадзкую думку, каб апраўдаць прысуд.

(Статкевіч: ) “Ужо пачалося фармаваньне грамадзкай думкі. Мяне беларускае тэлебачаньне называе спэцыялістам у арганізацыі вулічных беспарадкаў. Вакол Паўла Севярынца таксама пачаліся нейкія брудныя гульні. Мала таго, што яны абазвалі гэтага маладога чалавека, які выдатна скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, троечнікам. Цяпер пра яго, а ён вельмі набожны чалавек, хрысьціянін, вельмі брудныя намёкі. Спрабуюць зьвязаць сіне-зоркавы колер “Эўрапейскай кааліцыі” з гомасэксуалізмам. Гэта, хутчэй за ўсё, сьведчыць пра хваравітую фантазію аўтараў гэтых інсынуацыяў”.

Актывіст “Маладога фронту” Павал Севярынец знаходзіцца ў Віцебску пад падпіскай пра нявыезд. Цягам тыдня ён ня можа дабіцца ад пракуратуры дазволу прыехаць у Менск, каб сустрэцца са сваім адвакатам. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, яму павінна быць гарантаваная неабходная колькасьць сустрэчаў з абаронцам.

(Севярынец: ) “Ніякага крыміналу ў дзеяньнях людзей 18 і 19 кастрычніка не было. Замова скіраваная на тое, каб стрымаць тых людзей, якія могуць арганізаваць грамадзка актыўныя палітычныя пратэсты. Безумоўна, вынік будзе прадвызначаны рашэньнем улады. Рашэньне будзе зыходзіць з палітычнай сытуацыі. Ну, і, безумоўна, рыхтуюся да самага горшага — да магчымага пазбаўленьня волі. Стаўлюся да гэтага спакойна”.

Для Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца гэта ўжо ня першая крымінальная справа. У 1998 годзе Паўла Севярынца абвінавачвалі ў злосным хуліганстве за зрыў канцэрту 2 красавіка, прысьвечанага аб’яднаньню Беларусі і Расеі. Справу скасавалі ў 1999 годзе з фармулёўкай “у зьвязку са зьменай палітычнай абстаноўкі”. У 2000 годзе Міколу Статкевіча пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі за актыўны ўдзел у першым “Маршы Свабоды”. Прысуд вынесьлі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня. Пасьля перагляду справы яго зьмянілі на штраф. Маючы судзімасьць, лідэр сацыял-дэмакратаў пазбавіўся магчымасьці ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Жонка Міколы Статкевіча непакоіцца за свайго мужа. Яна спадзяецца на дэмакратычную грамадзкасьць. Гаворыць Валянціна Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Кожны дзень пра гэта думаю, перажываю. Невядомасьць яшчэ горш. Канечне, хвалююся і турбуюся за яго. Я ня ведаю, што буду рабіць, калі яго пасадзяць. Спадзяюся, што гэтага ня здарыцца, спадзяюся, што людзі нас падтрымаюць, можа, нейкімі акцыямі”.

Мяркуецца, што суд над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам пачнецца напрыканцы красавіка.

***

За актыўны ўдзел у вулічных апазыцыйных акцыях у 1999 годзе пракуратура распачала крымінальныя справы супраць пяці чалавек. Сярод іх Мікола Статкевіч, Валеры Шчукін, студэнты Глеб Догіль, Герман Сушкевіч і Аляксандр Кадукоў. Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку ў сьледчым ізалятары. Праз 12 сутак усіх арыштаваных выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Студэнты скарысталіся гэтым і зьехалі вучыцца за мяжу. Судзілі Валерыя Шчукіна і Міколу Статкевіча. Іх абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Так кваліфікавалі ўлады перашкоду працы грамадзкага транспарту і сутычкі са спэцназам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG