Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі выпусьцяць з турмы прадпрымальніка Аляксандра Васільева?


Алег Грузьдзіловіч, Менск “У аршанскай калёніі вялікая рызыка захварэць на сухоты”, — паведаміў сваякам намесьнік старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў. Васільеў ужо больш за два тыдні знаходзіцца ў турэмным шпіталі. Як ён пачуваецца? Ці мае шанцы па амністыі выйсьці з турмы ўжо сёлета?

Аляксандар Васільеў, якога асудзілі на два гады за зьнявагу прэзыдэнта, цяпер знаходзіцца ў рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Менску. Чаму з аршанскай калёніі ён трапіў у менскі турэмны шпіталь, распавяла жонка Васільева Натальля.

(Васільева: ) “Яго паставілі на цяжкія працы — нейкія драты абдзіраць. Яны адмыслова гэта зрабілі, бо трэба працаваць восем гадзінаў стоячы, а ў яго хворая сьпіна і ногі. Ён не адмаўляўся працаваць, але прасіў лягчэйшай працы. Турэмны лекар паглядзеў даведкі пра ягоныя хваробы і падпісаў, што ён гэтак працаваць ня можа, але начальнік калёніі Лукашэвіч не пагадзіўся, і мужа адправілі ў турэмны шпіталь на абсьледаваньне. Заўтра ці пасьлязаўтра ўжо мусяць адвезьці ў Воршу. Уяўляю, што яму напішуць паводле вынікаў абсьледаваньня — што здаровы і гэтак далей”.

Намесьніку старшыні рэспубліканскага страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандру Васільеву 59 гадоў. Ён падпалкоўнік у адстаўцы. Служыў у частках, якія абслугоўвалі ядзерную зброю. Жонка Васільева кажа, што пасьля службы ў войску ў мужа шэраг цяжкіх хваробаў , але ў войску ў яго загартаваўся і характар.

(Васільева: ) “Перадаў, што нават калі забіваць будуць, скарыць яго ім ня ўдасца, усё роўна будзе адстойваць свой пункт гледжаньня”, — сказала жонка Васільева Натальля.

Паводле зьвестак ад яе мужа, у аршанскай калёніі, дзе ён адбывае пакараньне, вялікая рызыка захварэць на сухоты. Толькі за апошнія месяцы некалькі маладых здаровых вязьняў заразіліся ад хворых.

(Васільева: ) “Там жудасныя антысанітарныя ўмовы, мэдычнае абслугоўваньне ніякае, хворых утрымліваюць разам з усімі”, — казала Натальля Васільева.

Пра стан здароўя мужа ў рэспубліканскім шпіталі яна ведае, што яму стала лепей, бо прынамсі можна было часьцей дыхаць сьвежым паветрам.

Якія шанцы ў Аляксандра Васільева трапіць пад амністыю? Адвакат Васільева Аляксандар Бярылаў лічыць, што тэарэтычна шанцы ёсьць, калі закон аб амністыі будзе такі, як яго папярэдне прадставілі. Але дакумэнты ў суд на амністыю рыхтуе адміністрацыя калёніі, якая ўлічвае паводзіны вязьня. А Аляксандра Васільева каралі — за тое, што насіў нетурэмную зімовую шапку. Ня выключана, што гэта стане падставай для адмовы ў амністыі.

У падобным становішчы апынуўся і другі падабаронны адваката Аляксандра Бярылава, лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, які адбывае ў Івацэвічах двухгадовае пакараньне таксама за абразу прэзыдэнта.

(Бярылаў: ) “Звычайна такі артыкул падпадае пад амністыю, але як яно будзе, — залежыць ад пакараньняў, якія вязень атрымаў. На месцы будуць вырашаць, ці падаваць ягоныя дакумэнты на амністыю”, — сказаў адвакат Васільева і Леванеўскага Аляксандар Бярылаў.

Ён нагадаў, што амаль за год у калёніі Валер Леванеўскі атрымліваў турэмныя пакараньні, паколькі не пагаджаўся з пэўнымі дзеяньнямі адміністрацыі.

Паводле адвакатаў Міхаіла Марыніча і Юрыя Бандажэўскага, тэарэтычна іх падабаронныя таксама маюць права да амністыю і, адпаведна, на тое, каб ужо сёлета выйсьці на волю. Аднак варта нагадаць, што і Марыніч, і Бандажэўскі былі асуджаныя, верагодна, таксама з палітычных прычынаў. Гэтак лічаць у беларускай апазыцыі і ў праваабарончых арганізацыях. У залежнасьць ад палітычных абставінаў там ставяць і магчымасьць амністыі для гэтых асобаў. Напачатку году беларускія ўлады абяцалі прадстаўнікам ААН вызваліць прафэсара Бандажэўскага, але свайго абяцаньня ня выканалі.
XS
SM
MD
LG