Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец абвінавачвае БТ у паклёпе і зьбіраецца падаваць скаргу ў КДБ


Валер Каліноўскі, Менск Беларускае тэлебачаньне паведаміла пра канфіскацыю 200 тысяч даляраў, якія нібыта прызначаліся былому дэпутату парлямэнту апазыцыянэру Сяргею Скрабцу. Апошні назваў гэтую інфармацыю і ўсё, што адбывалася вакол скандалу, паклёпам і правакацыяй і выказаў гатовасьць напісаць на гэты конт заявы ў Пракуратуру і КДБ.

Першы канал Беларускага тэлебачаньня паведаміў пра раскрыцьцё нелегальнага каналу дастаўкі валюты для апазыцыі. Спачатку БТ зазначала, што прадстаўнікі беларускіх праваахоўчых органаў затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы пасажыра цягніка, які ехаў зь Літвы, у якога і сканфіскавалі 200 тысяч даляраў. Пазьней БТ паведаміла, што грошы сканфіскавалі ў Менску ў жыхара літоўскага памежжа. Прозьвішча кур’ера не называлася, затое БТ паказала апэратыўны запіс ягонага допыту, дзе невядомы са зьмененым абліччам і голасам заяўляў, што ён даўно знаёмы з былым дэпутатам Скрабцом, які нібыта і прапанаваў яму перавезьці грошы зь Літвы. І ён атрымаў у Вільні вялікую суму грошай і перавёз яе ў Беларусь.

Сяргей Скрабец пазнаў у гэтым чалавеку свайго знаёмага Канстанціна Кавалёва, прадпрымальніка зь Ліды.

(Скрабец: ) “Ён учора майму знаёмаму патэлефанаваў і сказаў, што яго абкалолі наркотыкамі, усе вены, ды сказалі, што калі ня дасьць супраць мяне інфармацыі, то яго пасадзяць за наркотыкі альбо зьнішчаць. Ён кажа, што нічога ня мог зрабіць”.

Яшчэ аднаго чалавека, якога паказвала БТ, Сяргей Скрабец пазнаў як свайго былога супрацоўніка з гандлёвага дому “БелБабаеўскае” Аляксея Дробава.

(Скрабец: ) “Яго таксама пяць гадзінаў дапытвалі голага на бэтоннай падлозе ў кайданках, каб ён даў супраць мяне паказаньні. Вось я зь ім учора гаварыў за горадам. Ён паведаміў, што яго зьбілі пісталетам па галаве ў цэнтры Менску, недалёка ад парку Горкага, надзелі кайданкі і недзе вазілі. Ён ня ведае, дзе, бо нешта далі ці панюхаць, ці што іншае. Ён баіцца, бо яму сказалі, што калі дзе-небудзь што-небудзь скажа, то яго зьнішчаць”.

Паводле Сяргея Скрабца, вэрсія тэлебачаньня пра перахоплены канал пастаўкі валюты не вытрымлівае ніякай крытыкі. Спадар Скрабец мяркуе, што такім чынам яму помсьцяць за ранейшую апазыцыйную дзейнасьць. Сяргей Скрабец зазначае, што падчас гэтых падзеяў яго самога не было ў Беларусі, толькі ў нядзелю ён вярнуўся з Аўстрыі, і што нейкія прадстаўнікі спэцслужбаў па тэлефоне папярэджвалі яго, каб не прыяжджаў у Беларусь, бо могуць арыштаваць. Спадар Скрабец кажа, што хавацца не зьбіраецца і цяпер рыхтуе скаргу на тэлебачаньне за паклёп у пракуратуру і заяву ў КДБ. Ад апошняга ён патрабуе высьветліць, хто затрымліваў ягоных знаёмых і арганізаваў правакацыю супраць яго.

Тым часам супрацоўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Валеры Надтачаеў заявіў, што супрацоўнікі камітэту гэтай скандальнай справай з канфіскаванымі грашыма не займаліся. Ён таксама паведаміў, што яму невядома, хто гэтым мог займацца.

У прэсавай службе пракуратуры Рэспублікі Беларусь не змаглі паведаміць, ці заведзеная крымінальная справа наконт незаконнага перавозу праз мяжу 200 тысячаў даляраў. Як паведаміў прэсавы сакратар пракуратуры Юры Азаронак, зводка крымінальных справаў за мінулы тыдзень пакуль не паступіла. У Савеце Бясьпекі таксама ніякай інфармацыі на гэты конт не маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG