Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Языком у Вільні, а галавою за печчу


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы"

Гэтая формула пабытаваньня некаторых людзей, спрытных да гамонкі ды лянотных што-кольвечы зьдзейсьніць, зьявілася, пэўне што, ня сёньня. І ня заўтра, на жаль, мае сысьці ў мінуласьць. Народ мудра й дакладна вызначае ды называе ўсялякія зьявы й праявы ў прыродзе й грамадзтве. Дык і няма дзіву, што ў разгляданай прымаўцы паўстае Вільня – ад старадаўнасьці й дагэтуль існая каардыната ліцьвінскіх мар, сягненьняў і памкнёнасьцяў. Дый згубаў, папраўдзе, бо галавою за печ мы хаваемся адмыслова.

Праз гэткі трапны выраз ураз адкрылася мне гістарычная й псыхалягічная важкасьць панятку Вільня ва ўсьведамленьні цэлага шэрагу пакаленьняў. І мая душа прычасьцілася – хай сабе й праз асуджэньне людзкога пустаслоўя й гультайства: языком у Вільні, а галавою за печчу. Сусед-расеец падобна, дарэчы, акрэсьлівае адпаведныя паводзіны: где много слов, там мало дела. Але ж мы ўзіраемся ўдалеч, да Вільні. Каб чарпануць годнасьці.

Дык вось... Аднойчы спрадвеку ўсталяваная значнасьць Вільні ў мысьленьні насельнікаў нашае раскроенае прасторы разгарнулася перад маім духоўным зрокам напоўна: языком у Вільні, а галавою за печчу. У дварох буяла веснавая квецень, граў Вялікдзень. Мае цётка Ярына зь дзедам Пракопам у вышыванках і зь вялізным кашом яек-фарбаванак сьвяточна ўехалі ў двор на возе – ледзь ня ў панскай карэце. Гэтым разам яны трохі прыпазьніліся. Мажная госьця апраўдальна-сьмяшліва кінула: “Гаспадар у мяне гарачы – языком у Вільні, а галавой за печчу”.

...Дазналася я ў той далёкі вечар – ад сялянкі – і пра Вільню, і пра князёў, і пра гонар куды больш, чым цягам наступнага навучаньня ў абрасеенай школе. Цётка Ярына ўзяла дый паказала сапраўдную жытку ўсяе краіны: слоў на мех, а спраў – на сьмех; каб так смыкам, як языкам; гультай не чалавек, балбатун не гаспадар. І не заснулая цяга да былое велічы баязьліва вызірнула: языком у Вільні, галавою за печчу.
XS
SM
MD
LG