Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўная сьпявачка заваявала прыз сымпатыі гледачоў на міжнародным конкурсе аўтарскай песьні


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомелі сёньня завяршыўся I міжрэгіянальны фэстываль аўтарскай песьні. У ім бралі ўдзел барды з Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Беларускамоўная аўтарская песьня на фэстывалі амаль не гучала.

З васьмідзесяці бардаў, што бралі ўдзел у фэстывалі, толькі двое выконвалі песьні па-беларуску. Гэта – Вольга Казанцава зь Віцебску ды Зьміцер Вінаградаў з Гомеля.

Спадарыня Казанцава заваявала нават прыз сымпатыі гледачоў. Яна, па сутнасьці, была адзіным беларускамоўным выканаўцам на фэстывальным конкурсе. Зьміцер Вінаградаў прысутнічаў і сьпяваў на фэстывалі ўсяго толькі як госьць.

Нікога іншага са знакамітых беларускіх бардаў – ні Віктара Шалкевіча, ні Касі Камоцкай – на фэстывалі не было. Не запрашалі нават выбітных гомельскіх бардаў – Вальжыну Цярэшчанку, Зьміцера Бартосіка.

Спадарыня Цярэшчанка – аўтарка музыкі на вершы Ларысы Геніюш, Алеся Гаруна, Уладзімера Караткевіча – сказала на гэты конт нашаму радыё:

(Цярэшчанка: ) “Проста па мэнтальнасьці беларускамоўныя аўтары ня ўпісваюцца ў прамаскоўскі стыль рускамоўных аўтараў”.

Да арганізацыі фэстывалю спрычыніліся мясцовыя ўлады – найперш гарвыканкам. Фінансавала фэстываль абласное аб''яднаньне афіцыйных прафсаюзаў.

Сама ж ідэя фэстывалю належыць Гомельскаму клюбу аўтарскай песьні. Ягоны кіраўнік Вячаслаў Клімовіч з нагоды адсутнасьці на фэстывалі беларускамоўных аўтараў сказаў наступнае:

(Клімовіч: ) “Наш клюб аўтарскай песьні – у асноўным рускамоўны клюб. На мой погляд, беларускамоўная аўтарская песьня – у ёй больш сацыяльнага, больш фальклёрных матываў. А рускамоўная аўтарская песьня – яна скіравана больш на якасную паэзію. Мы вельмі добра знаёмыя зь Віктарам Шалкевічам, сустракаліся зь ім не так даўно ў Магілёве на 10-х угодках “Чароўнага ўспаміну” – такая цікавая ў іх суполка. У плянах нашага клюбу ёсьць намер запрасіць Віктара Шалкевіча і на фэстываль у будучым годзе, і на канцэрты сольныя ў Гомелі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG