Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася турыстычная выстава “Адпачынак-2005”


Ігар Карней, Менск Цягам выходных у Менску праходзіла выстава “Адпачынак-2005”. Паводле арганізатараў, 165 фірмаў з 12 краінаў прапанавалі варыянты адпачынку на сёлетні сэзон. Якія адметнасьці для турыстычнай галіны прагназуюць адмыслоўцы? Як успрымаюць у турыстычных колах намер уладаў больш пільна сачыць ня толькі за тымі, хто ад’яжджае за мяжу ня толькі на працу ці вучобу, але і проста на адпачынак?

Дэкрэт “Аб некаторых мерах у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі”, які пачаў дзейнічаць ад 15 красавіка, наўпрост распаўсюджваецца і на турыстычную галіну. Сытуацыю з патэнцыйнымі невяртанцамі ў новым сэзоне будзе кантраляваць МУС. Пра гэта за некалькі дзён да адкрыцьця спэцыялізаванай выставы заяўляў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў.

(Навумаў: ) “Суб’екты гаспадараньня, якія ажыцьцяўляюць турыстычную дзейнасьць, абавязаныя інфармаваць МУС пра грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія не вярнуліся ў краіну пасьля заканчэньня турыстычнай паездкі з мэтай нелегальнага знаходжаньня і працаўладкаваньня за мяжой”.

Прадстаўнікі турыстычных кампаній магчымыя выдаткі такой пільнай апекі ўголас не камэнтуюць: найперш, рэальна яшчэ ніхто не пацярпеў, паколькі сэзон толькі пачынаецца; па-другое, перарэгістрацыя турфірмаў, якая мусіць адбыцца да 1 ліпеня, не спрыяе агалошваньню сапраўдных думак.

Цягам некалькіх апошніх сэзонаў беларускія турысты актыўна карысталіся паслугамі расейскіх турфірмаў. Відавочна, падобная рыса застанецца характэрнай і сёлета. Дарэчы, на выставе аналізаваўся і ўжо прамінулы зімовы сэзон, адносна якога залежнасьць ад Расеі была названая меншай. Дыспрапорцыю камэнтуе кіраўнік рэклямна-інфармацыйнага агенцтва “Эдэльвэйс” Іван Кобзік:

(Кобзік: ) “Улетку гэтая тэндэнцыя вельмі сумная: прыкладам, у Турэччыну болей беларусаў едзе праз Маскву, чым праз Менск. Па зімовых турах, відаць, гэтага ня скажаш, бо гэта пакуль ня надта масавы від адпачынку, дазволіць яго сабе могуць больш заможныя людзі; яны ня лічаць капеек і лепей з камфортам паляцяць зь Менску, чымсьці на перакладных будуць дабірацца да Масквы. Але, безумоўна, будзе шмат людзей, якія маскоўскім турфірмам пакінуць свае грошы і Расеі пакінуць падаткі ад набытых пуцёвак”.

Дарэчы, адной з адметнасьцяў зімовага адпачынку можна лічыць зьнешне празьмернае захапленьне ўзьвядзеньнем у Беларусі горналыжных цэнтраў, пакатацца на якіх зусім не дзешавей, чым на ўсясьветна вядомых курортам. Шмат хто лічыць падобныя будоўлі ўвогуле пародыяй на трасы ў Альпах ці Татрах. А вось што з гэтай нагоды мяркуе турмэнэджэр Васіль Грынь:

(Грынь: ) “Я некалькі разоў за сэзон выяжджаю ў Аўстрыю ці Славаччыну. Але часам на выходныя з дачкой, жонкай хочацца проста паехаць пакатацца… Няхай будзе 700 мэтраў траса, але гэта адзін з варыянтаў, як правесьці выходны дзень. Таму я не лічу, што гэта пародыя; сам ад сябе кажу, што ня супраць гэтага”.

Якія меркаваньні наконт агульнай даступнасьці летняга адпачынку? Ледзьве не “беларускай здраўніцай” па-ранейшаму лічыцца Турэччына. Першыя чартэры туды адлятаюць ужо 29 красавіка. З Масквы, дарэчы, самалёты ўжо лётаюць і што да розьніцы ў коштах, то яны двухразовыя: 250 даляраў на чалавека ў пакеце прапановаў расейскіх кампаній і болей за 500 даляраў – у беларусаў.

Астатнія кірункі збольшага традыцыйныя: Баўгарыя, краіны Балтыі (перадусім, Юрмала і Паланга), чарнаморскія ўзьбярэжжы Ўкраіны і Расеі. А што да тых, хто абярэ ў якасьці краіны адпачынку пацярпелыя ад цунамі Тайлянд, Інданэзію ці Мальдывы, то Андрэй Карпонін, які патрапіў пад цунамі на Шры-Лянцы, робіць такія прагнозы:

(Карпонін: ) “Такой колькасьці, натуральна, ня будзе. Хіба толькі праз год-два, калі крыху пра трагедыю забудуцца... Але, мяркую, мясцовыя зробяць максымум дзеля рэанімацыі рэгіёну. Дарэчы, і летась, дзякуючы дапамозе, падтрымцы тых людзей, шмат каму з замежнікаў удалося выжыць увогуле. Менавіта дзякуючы простым мясцовым жыхарам. У нашым гатэлі на Шры-Лянцы жыў вельмі стары немец, за 80 гадоў, які перажыў хвалю дзякуючы двум шараговым супрацоўнікам гатэлю: яны літаральна вылавілі старога з вады і вось так ўтрох, абняўшы пальму, перачакалі трагедыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG