Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскіх фэрмэраў непакоіць новы праект закону аб сялянскай гаспадарцы


Казімір Яноўскі, Гомель Фэрмэры Гомельскай вобласьці занепакоены пераглядам у беларускім парлямэнце Закону пра сялянскую (фэрмэрскую) гаспадарку. Паводле іх меркаваньня, прапанаваны новы варыянт закону пагаршае прававое становішча фэрмэраў.

Фэрмэры рэгіёну прапанавалі зьмены больш як у 20 артыкулах праекту новага закону. Сфармуляваныя і тры адмысловыя артыкулы, якіх наогул няма ў праекце – перадусім гэта артыкул пра адказнасьць за парушэньне закону пра фэрмэрскую гаспадарку.

Старшыня асацыяцыі фэрмэраў рэгіёну Міхаіл Байда мяркуе, што пагаршэньне прававога становішча фэрмэраў зьвязана зь няправільнай палітыкай у галіне сельскай гаспадаркі. Даўно трэба ўвесьці ў краіне прыватную ўласнасьць на зямлю:

(Байда: ) “Гэта ня толькі я, гэта ўсе фэрмэры Гомельскай вобласьці лічаць, што не зусім правільная палітыка праводзіцца ў галіне сельскай гаспадаркі. Фэрмэр павінен мець зямлю ў прыватнай уласнасьці, каб ён клапаціўся пра яе ўрадлівасьць”.

Паводле Міхаіла Байды, калі праект новага закону ў прапанаваным выглядзе будзе прыняты, арганізаваць новую фэрмэрскую гаспадарку стане практычна немагчымым. Скасоўваецца перадача зямлі ў спадчыннае валоданьне. Застанецца толькі арэнда. Да таго ж, стварэньне фэрмэрскай гаспадаркі абцяжарана патрабаваньнем мець шматлікія дакумэнты, узгадненьні, гарантыі.

Гомельскія фэрмэры патрабуюць спрасьціць дзяржаўную рэгістрацыю пяцю даведкамі. Дарэчы, у суседняй зь Беларусьсю Летуве дзеля стварэньня фэрмэрскай гаспадаркі патрэбны ўсяго тры самыя простыя паперы.

Фэрмэраў зьдзіўляе і тое, што немагчыма выкупіць занядбаныя гаспадарчыя пабудовы калгасаў ды саўгасаў. Гаворыць фэрмэр Міхась Касьянаў з Рэчыцкага раёну:

(Касьянаў: ) “Я хачу ўзяць закінутую фэрму ў вёсцы Горваль – і то я не магу яе ўзяць нават у арэнду”.

Паводле інфармацыі асацыяцыі фэрмэраў, у рэгіёне цяпер налічваецца каля 200 закінутых гаспадарчых пабудоваў, якія ніякім чынам не выкарыстоўваюцца.

Да таго ж, райвыканкамы выдзяляюць фэрмэрам горшыя землі, хаця па закону якасьць зямлі не павінна быць ніжэйшай за сярэднюю якасьць зямлі той гаспадаркі, зь севазвароту якой зямля адводзіцца фэрмэру.

Прапановы фэрмэраў старшыня асацыяцыі спадар Байда накіраваў у парлямэнт. У дэпутата парлямэнту ад Гомеля Аляксандра Шаўко я пацікавіўся лёсам праекту новага закону пра фэрмэрскую гаспадарку:

(Шаўко: ) “Ён ужо разгледжаны ў першым чытаньні на мінулым тыдні і далей пайшоў на дапрацоўку з усімі зьменамі, якія былі прапанаваны. 100 законаў знаходзіцца цяпер у распрацоўцы. І практычна немагчыма ўсе ахапіць. Я, напрыклад, у камісіі па прамысловасьці. Мы распрацоўваем свае дзесяць законаў. Дэталёва разглядаем свае законы. Іншыя – дапрацоўваюць адпаведныя камісіі. Агулам мы, канешне, імкнёмся паглядзець і другія законы, але рэальна паглядзець усё немагчыма”.
XS
SM
MD
LG