Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

18 красавіка 1518 году адбыліся заручыны Боны Сфорцы з Жыгімонтам І Старым


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 17 і 18 красавіка

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

17 красавіка 1905 году расейскі цар выдаў указ аб верацярпімасьці. Гэтым указам адмяняліся рэпрэсіі за пераход з праваслаўя ў іншыя канфэсіі. У выніку ў Беларусі дзесяткі тысяч людзей адразу перайшлі ў каталіцтва. Працэс гэты набыў ТАКІ масавы характар, што царызму давялося стрымліваць яго сіламі тайнай паліцыі.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 17 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня францускага пісьменьніка Эрвэ Базэна і савецкага кіраўніка Мікіту Хрушчова.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

18 красавіка ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцінаў. У Беларусі вялікае мноства каштоўных помнікаў, аднак большасьць зь іх знаходзіцца ў занядбаным стане, таму ў Сусьветны сьпіс культурнае спадчыны патрапілі толькі Мірскі замак і помнік прыроды Белавеская пушча.

18 красавіка 1518 году адбылася каранацыя італьянкі Боны Сфорцы і яе заручыны з Жыгімонтам І Старым. З гэтага моманту Бона займае пасад Вялікага Княства Літоўскага, гэта значыць, становіцца кіраўніцай тагачаснае Беларусі. Яе галоўная заслуга – правядзеньне зямельнай рэформы, пасьля якой беларускія гарады і вёскі набылі тую зьнешнюю структуру, якую маюць да нашых дзён.

18 красавіка 1863 году палкоўнік Людвік Нарбут прызначаецца начальнікам усіх баявых сілаў паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Родам Людвік Нарбут быў з Воранаўшчыны. Кіраваныя ім баі з рэгулярным расейскім войскам былі самымі пасьпяховымі. І загінуў палкоўнік у адным з баёў.

18 красавіка 1935 году ў менскім клюбе імя Сталіна – на рагу цяперашніх вуліц Інтэрнацыянальнай і Камсамольскай – адбылася 1-я Ўсебеларуская выстава дзіцячых цацак, на якой дэманстравалі больш за 150 экспанатаў айчыннай вытворчасьці.

Сярод знакамітых людзей Беларусі, якія прыйшлі на сьвет 18 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня гісторыка і краязнаўцу Яўстаха Тышкевіча, кіраўнікоў паўстаньня 1863 году Якуба Гейштара і Ўладзіслава Дыбоўскага, які потым стаў славутым заолягам і батанікам, пісьменьнікаў Лявона Гмырка і Платона Галавача.
XS
SM
MD
LG