Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выконваецца ў Беларусі закон Аб ахове помнікаў?


Севярын Квяткоўскі, Менск 18 красавіка – Міжнародны дзень аховы помнікаў. Зь ініцыятывы ЮНЕСКА Дзень адзначаюць ад 1982 году. Беларускае Таварыства аховы помнікаў, моладзевае аб’яднаньне “Гісторыка” ды іншыя грамадзкія арганізацыі цьвердзяць пра разбурэньне гісторыка-культурнай зоны Менску. Адначасова дзяржава агучвае жаданьне аднавіць старадаўні Менск ды зрабіць усю Беларусь прывабнай для замежных турыстаў. У чым сутнасьць канфлікту?

Чым абаронцы помнікаў гісторыі тлумачаць сваю пазыцыю, калі вінавацяць улады ў разбурэньні гісторыка-культурнай зоны Менску? Па-першае – голымі фактамі. Напрыклад, тры гады таму зьніклі старадаўнія дамы з вуліцы Дзімітрава ў колішнім Ракаўскім прадмесьці Менску. Апошнім годам зьнішчылі будынак колішняй сынагогі ХІХ ст. Цяпер на яе месцы узвышаецца шматкватэрны жылы дом.

Што да сёньняшняга дня, галоўны канфлікт – у мэтадалёгіі, у разуменьні слова “аднаўленьне”. Тлумачыць намесьнік кіраўніка аб’яднаньня “Гісторыка” Алесь Ясінскі:

(Ясінскі: ) “Прафэсіяналы маюць на ўвазе аднаўленьне як рэстаўрацыю першапачатковых формаў на навуковых падыходах. Гэта значыць: дакладна ў такім самым праекце, на тым самым месцы, з тых самых матэрыялаў, па-магчымасьці. А тут такое ўзнаўленьне, што ўсё старое выкапваюць, а на іх месцы будуюць штосьці новае, і называюць так, як раней называлася. Да прыкладу гатэль “Эўропа” – не на тым месцы, ня ў той форме, але з той назвай”.

Цяперашні варыянт гатэлю “Эўропа” ўзводзяць на месцы будынку, дзе месьціўся першы ў Менску гарадзкі тэатар. Дарэчы, выступ супраць разбурэньня тэатру стаўся першай вулічнай акцыяй пратэсту ў паваенным Менску – у 1984 годзе.

Яшчэ адна канфліктная зона – вуліца Няміга, дзе на месцы старадаўніх падмуркаў пачалі будаваць вялікі паркінг. Калі праект рэалізуюць, паркінг закрые панараму Верхняга Гораду. І самае апошняе – зацьверджаны праект пабудовы шматпавярховага бізнэс-білдынгу проста пасярод старога кварталу Верхняга Гораду: між вуліцамі Камсамольскай, Гарадзкім Валам, Інтэрнацыянальнай і Рэвалюцыйнай.

Некаторыя спэцыялісты – у тым ліку з тых, хто сочыць за аховай помнікаў – лічаць, што новы будынак разбурыць выгляд Верхняга Гораду. Падобныя захады называюць злачынствам: парушэньнем закону пра ахову помнікаў.

Гэты закон дзейнічае ў краіне ад 1992 году. Ці выконваецца ён? Адразу зазначу, што ў Беларусі ёсьць адзінкі сярод юрыстаў, якія спэцыялізуюцца на названай праблематыцы. Адзін зь іх – гарадзенец Ігар Мартыненка:

(Мартыненка: ) “Закон з аднаго боку выконваецца, зь іншага не выконваецца”.

Чаму існуе такая двухсэнсоўная сытуацыя, мне патлумачыў адзін з чыноўнікаў, які паводле сваёй пасады сочыць за выкананьнем закону Аб ахове помнікаў.

У якасьці прыкладу мы разгледзелі аднаўленьне гатэлю “Эўропа” ў цэнтры Менску. Нібыта добрая ідэя – аднаўленьне гсітарычнай каштоўнасьці. Але гатэль адбудоўваюць не на тым месцы, дзе ён стаяў, і нават не ў першапачатковым выглядзе. І самае прыкрае: аднаўленьне вядзецца на падмурках іншага гістарычнага будынку – першага гарадзкога тэатру. Гэта парушэньне закону аб ахове помнікаў.

Чыноўнік, які прасіў не называць ягонае імя, растлумачыў наступнае: пасьля навуковых дасьледваньняў і распрацоўкі адпаведнага навуковага праекту, апошняе слова гаворыць Навуковая Рада, якая існуе пры Ўпраўленьні аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. І вось, напрыклад, названы чыноўнік бачыць, што закон парушаны. І чыноўнік зьвяртаецца ў пракуратуру. А пракуратура ягоны зварот вяртае назад у Навуковую Раду. Такім чынам, кола замыкаецца.

Што да прычынаў такога замкнёнага кола, у якасьці адной з вэрсіяў прывяду словы намесьніка кіраўніка аб’яднаньня “Гісторыка” Алеся Ясінскага:

(Ясінскі: ) “Агульная дзяржаўная сыстэма не спрыяе выкананьню такіх законаў. Гэта не выгодна, бо ёсьць эканамічныя працэсы, якія пераўзыходзяць па сваёй цікавасьці і прыцягальнасьці выкананьне закону аб ахове каштоўнасьцяў, якія падаюцца ім старымі, і ўжо непатрэбнымі”.

Але апрача эканамічнага фактару, мае суразмоўцы – спэцыялісты аховы помнікаў – казалі пра чалавечы фактар, які каранямі сягае да часоў БССР. У БССР не было спэцыяльнага закону па ахове помнікаў. Рэспубліка рыхтавалася адной зь першых увайсьці ў камунізм, і на тле падобнай ідэалёгіі старыя камяніцы выглядалі анахранізмам. Так, у 1970-я гады плянавалі цалкам зьнесьці Верхні Горад, каб з вакон ЦК КПБ можна было глядзець на Сьвіслач. Мастак Гаўрыла Вашчанка быў адным з тых, хто пераканаў тагачаснага беларускага кіраўніка Пятра Машэрава не руйнаваць Стары Горад.

Ад тых часоў яшчэ ніхто ня быў сур’ёзна пакараны за шкоду ці зьнішчэньне помнікаў. Мае сёньняшнія суразмоўцы перакананыя, што і цяпер толькі пэрсанальная праца з вышэйшымі чыноўнікамі можа выратаваць Менск ад псэўдарэканструкцыі.
XS
SM
MD
LG