Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі зарабіў БРСМ на суботніку?


Міхал Стэльмак, Менск 16 красавіка ў Беларусі адбыўся суботнік, які ладзіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Паводле афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, у ім брала ўдзел каля 85 тысяч юнакоў і дзяўчат краіны. Як праходзіла гэтая акцыя БРСМ на Меншчыне і чым займаліся яе ўдзельнікі?

У Менскай абласной арганізацыі БРСМ мне паведамілі, што заробленыя грошы пойдуць на рэканструкцыю помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Паводле папярэдніх зьвестак, у суботніку бралі ўдзел каля 16 тысяч чалавек з усіх раёнаў вобласьці. Пра тое, як, працавалі маладыя валожынцы, распавяла лідэрка раённай арганізацыі БРСМ Галіна Рай:

(Рай: ) “Прыбіралі тэрыторыю ў горадзе. Актывам БРСМ. Вясковыя актывісты ў нас таксама працавалі. Ня толькі гарадзкія. Кожны працаваў на сваёй тэрыторыі. Напрыклад, вучні школ, калі там прыбрана тэрыторыя, то яны працавалі на тэрыторыі сельсаветаў. Яны зьвязваліся з сельсаветам і той вызначаў фронт работ. У нас ёсьць масласырзавод, дык там актывісты прыбіралі тэрыторыю заводу. А некаторыя працавалі на сваіх рабочых месцах. Будуць адрамантаваныя помнікі за наш кошт”.

У Валожыне, такім чынам, суботнік фактычна зьвёўся да ўборкі тэрыторыі. Але ж ці можна гэткім чынам зарабіць грошай столькі, каб іх хапіла на абнаўленьне помнікаў? У Валожыне, напрыклад, мне паведамілі, што толькі на рэканструкцыю Брэсцкай крэпасьці мясцовая арганізацыя БРСМ мусіць пералічыць 300 тысяч рублёў. На аднаўленьне мясцовых помнікаў таксама патрэбны значныя сумы.

Але “бээрсээмаўцы” не бядуюць. Як патлумачыў адзін зь іх на ўмовах ананімнасьці, прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы, перавядуць на рахунак арганізатараў суботніка столькі грошай, колькі загадаюць улады.

Кіраўнікі БРСМ паведамляюць пра высокую актыўнасьць удзельнікаў. Паводле моладзевых функцыянэраў, моладзевы энтузіязм на суботніку тлумачыўся высакароднай мэтай акцыі. Вось, напрыклад, што заявіў на гэты конт адзін зь кіраўнікоў Менскай абласной арганізацыі Зьміцер Лобан:

(Лобан: ) “Актыўнай моладзі ў нас больш чым дастаткова. Той, якой гэта рабіць не складана. Кажучы інакш, у нас на сёньняшні дзень даволі шмат моладзі, якая гатовая пайсьці папрацаваць адзін дзень для таго, каб сапраўды захоўваць памятныя месцы”.

Але ёсьць і іншыя думкі. Паводле незалежных крыніцаў, шмат дзе юнакі і дзяўчаты выходзілі на суботнік, бо іх абавязалі зрабіць гэта ў адміністратыўным парадку. Напрыклад, як вынікае з афіцыйных справаздач, узор сьвядомасьці дэманстравала барысаўская моладзь. Аднак вось якімі назіраньнямі падзяліўся са мной малады барысаўчанін Алесь:

(Алесь: ) “Думаю, гэта паказуха. Я цяпер вучуся. У маёй школе ёсьць суполка БРСМ, і я наагул ня чуў ад іх ніякіх заклікаў ці запрашэньняў, каб нехта ішоў, прыбіраў. Можа, яны дзесьці і робяць, але як шараговы жыхар я ня бачу ніякай іх працы”.
XS
SM
MD
LG