Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як разьвіваецца рынак каштоўных мэталяў у Беларусі?


Юлія Шарова, Менск Нацбанк пачаў прадаваць насельніцтву срэбра й плятыну. Цягам апошніх амаль чатырох год цэнтральны банк краіны даволі пасьпяхова гандляваў залатымі мернымі зьліткамі. Цяпер вырашана пашырыць гэты рынак ды распачаць рэалізацыю іншых каштоўных мэталяў. Наколькі ўсё ж імкліва разьвіваецца ў Беларусі рынак каштоўных мэталяў ды якія прагнозы спэцыялісты Нацбанку робяць наконт таго, як будзе прадавацца срэбра й плятына?

Каштоўныя мэталі Нацбанк пачаў прадаваць у жніўні 2001 году. З таго часу рэалізавана больш за 520 кіляграмаў золата. Летась на беларускім “залатым” рынку наагул назіраўся сапраўдны бум – прадалі 237 кіляграмаў золата. А за першы квартал гэтага году Нацбанк прадаў насельніцтву ўжо амаль 78 кіляграмаў гэтага мэталю. То бок, нельга не заўважыць, што попыт на яго сапраўды імкліва расьце.

Вядома, што каштоўныя мэталі застаюцца самым надзейным спосабам захаваньня грошай – золата, срэбра ці плятына не баяцца інфляцыі ды фінансавых крызысаў. Падвышэньне попыту на золата цяпер назіраецца і ў іншых краінах, Беларусь тут ня вынятак. Дарэчы, з восені мінулага году стала магчымым класьці золата ў банк і атрымліваць зь яго працэнты, як са звычайных грашовых дэпазытаў.

Як патлумачыў кіраўнік упраўленьня інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў, вырашана папросту ўразнастайніць рынак каштоўных мэталяў. Срэбра будзе самым “дэмакратычным” мэталем, бо яно найбольш таннае, золата – даступнае беларусам зь сярэднімі прыбыткамі, а плятына – мэталь самы дарагі. У рэшце рэшт, Нацбанк пакуль толькі вывучае попыт на гэтыя мэталі, кажа спадар Драздоў.

(Драздоў: ) "Я ведаю, што не ва ўсіх краінах гандаль імі разьвіваецца гэтак жа пасьпяхова, як і золатам. Золата ў шмат якіх краінах сьвету, у тым ліку і ў нашай, зьяўляецца больш звыклым мэталем. Але тым ня менш, мы спробу такую робім. Я ведаю, што, напрыклад, у Расеі паспрабавалі наладзіць гандаль срэбранымі зьліткамі, але ў іх нешта там не атрымалася. Ну вось паспрабуем і мы, паглядзім".

Летась Нацбанк заяўляў пра свой намер прадаваць таксама й каштоўныя камяні. Ці хутка беларусы змогуць іх набыць? Як паведаміў Анатоль Драздоў, такія пляны ў Нацбанка на сёлета ёсьць. Але з ацэнкай каштоўных камянёў можа ўзьнікнуць шэраг цяжкасьцяў. Для гэтага патрабуюцца ня толькі прыборы, але й высокакваліфікаваныя адмыслоўцы-ювэліры, здольныя адрозьніць найдрабнейшыя адценьні. У тых жа дыямэнтаў налічваецца больш за два дзесяткі ўсіх магчымых адценьняў, і кожнае такое адценьне ўплывае на цану каменя. Таму рынак каштоўных камянёў ня можа разьвівацца ў Беларусі гэтак жа хутка, як рынак каштоўных мэталяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG