Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Віцебску: што б Вы напісалі ў кнізе скаргаў і прапановаў Адміністрацыі прэзыдэнта?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Адказам на пытаньне тыдня цікавілася ў віцебскіх мінакоў наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) "Вы, напэўна, ведаеце, што кнігі скаргаў загадана завесьці ўсім дзяржаўным і недзяржаўным установам, асобным прадпрымальнікам і нават палітычным партыям. Кніга скаргаў ёсьць цяпер і ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Якую скаргу Вы б напісалі ў тую кнігу, калі б мелі такую магчымасьць?"

(Спадар: ) "Нават ня ведаю... Мне не падабаецца, што па радыё круцяць 75 адсоткаў беларускай музыкі. Вось пра гэта і напісаў бы ў Адміністрацыю".

(Спадарыня: ) "Я паскардзілася б у гэтай кнізе, што вельмі мала такіх грамадзкіх месцаў, дзе моладзь магла б спакойна адпачываць, а ня швэндалася б абы-дзе".

(Спадарыня: ) "У мяне выклікае абурэньне наша сыстэма адукацыі, калі вучыцца неўзабаве давядзецца гадоў да трыццаці або нават сарака, калі патэнцыялу на нармалёвую працу ўжо не застанецца. Сыстэму адукацыі трэба не ўскладняць, а зрабіць як мага прасьцейшай!"

(Спадар: ) "Я б пажадаў ім, каб супрацоўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта пажылі на той сярэдні заробак, які ёсьць па краіне – каб яны на тыя грошы паспрабавалі апранацца, выхоўваць дзяцей і смачна есьці! Зрэшты, пішы або не пішы – ня будзе карысьці".

(Спадарыня: ) "Забесьпячэньне жытлом вайскоўцаў – гэта пункт першы. А другі – тычыцца жанчын, якія засталіся адны, разьвяліся, або нешта іншае. Яны ж зусім не абароненыя! Гэтае пытаньне наш Прэзыдэнт ужо закранаў, але хацелася б, каб яму надалі яшчэ больш увагі!"

(Спадар: ) "А я нічога б і не пісаў. Мне ўсё падабаецца".

(Спадарыня: ) "Усё задавальняе! І каб такая кніга мне трапілася, я проста адклала б яе ўбок".

(Спадарыня: ) "У кнігу скаргаў Адміністрацыі прэзыдэнта я напісала бы пра тое, як у нас дыскрэдытуецца панятак “ідэалёгія”. Яна патрэбная кожнай дзяржаве, але ад таго, што мы толькі мусолім гэтае слова на ўсіх узроўнях і нічога больш ня робім, яно зрабілася нейкай “страшылкай” для ўсіх простых людзей!"

(Спадар: ) "Я, можа, і хацеў бы там нешта напісаць. Напрыклад, “давайце правядзем свабодныя дэмакратычныя выбары!” Але ж хіба мяне паслухаюць? Мне здаецца, што агульнадзяржаўныя праблемы ў нас ніхто вырашаць не зьбіраецца!"

(Спадарыня: ) "А я напісала бы пра тое, што мяне ўвогуле не задавальняе такі прэзыдэнт як Лукашэнка. Ён робіць, што хоча, увесь час рассоўвае межы дазволенага, ужо праігнараваў Канстытуцыю... Вось гэта і ёсьць мая скарга: “У нас мусіць быць прэзыдэнт для народа, а не народ для прэзыдэнта!”
XS
SM
MD
LG