Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаў дзейнічаць дэкрэт Лукашэнкі “Аб удасканаленьні працы з насельніцтвам”


Альгерд Невяроўскі, Менск Цяпер усе дзяржаўныя органы, недзяржаўныя арганізацыі, прадпрымальнікі і нават палітычныя партыі павінны мець кнігу заўвагаў і прапановаў. Ці выканалі гэты дэкрэт у партыях і дзяржаўных органах?

Большасьць апазыцыйных партыяў пакуль ня выканалі дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнікі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды іншых гавораць, што будуць патрабаваць каб ім быў выдадзены беларускамоўны варыянт кнігі заўвагаў і прапановаў. Сам жа дэкрэт лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка пракамэнтаваў гэтак:

(Вячорка: ) “Што датычыць партыяў, тым больш апазыцыйных дзейнаму рэжыму, дык увогуле ўсё гучыць анэкдатычна. І, шчыра кажучы, я стаўлюся да ўсяго гэтага як да анэкдоту. Увядзеньне любых кнігаў скаргаў, нават у адміністрацыі Лукашэнкі, у сытуацыі, калі ў любы момант на вуліцу можа выйсьці ўзброены да зубоў АМОН ды біць людзей дубінкамі толькі за тое, што яны маюць іншую думку, у гэтай сытуацыі наяўнасьць кнігі скаргаў — гэта проста фігавы лісток ад слова “фіга”.

Супрацоўніца ўправы па працы зь пісьмовымі зваротамі грамадзянаў у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што іншыя ўстановы гэтую кнігу атрымліваюць. Яна сказала, што ў адміністрацыі, відаць, будзе адна кніга заўвагаў і прапановаў. Пакуль у ёй няма ніякіх запісаў.

А што напісалі б у кнігу скаргу і прапановаў адміністрацыі прэзыдэнта сустрэтыя на вуліцах Менску людзі?

(Хлопец: ) “Адміністрацыі прэзыдэнта? Ну, я нават ня ведаю, я лічу, што што-небудзь пісаць — гэта ўсё ж безнадзейна. Хацелася б, каб яны працавалі лепш. І не глядзелі на сябе як на нейкіх выбраных асобаў у адносінах да іншага насельніцтва”.

(Спадарыня: ) “Прэзыдэнт думае пра людзей, ведае, што людзям патрэбна. Адміністрацыі прэзыдэнта пажадала б, каб да яго даводзілі ўсе выпадкі нядобрага стаўленьня да людзей. Бо не заўсёды ўсе скаргі да яго даходзяць”.

(Дзяўчына: ) “У прынцыпе, скардзіца няма на што. Можа толькі, каб больш установаў было адкрыта для культурнага адпачынку. Бо гэтага не хапае моладзі”.

(Студэнтка: ) “Я вучуся на факультэце журналістыкі. Заканчваю пяты курс і ад’яжджаю на сталае месца жыхарства ў ЗША. Я б напісала, што факультэт журналістыкі павінен заставацца факультэтам журналістыкі, а не ідэалягічным факультэтам. Вось гэта напісала б вельмі прыгожа ў гэтай кнізе”.

(Дзяўчына: ) “Лічу, што адміністрацыя прэзыдэнта знаходзіцца пад поўнай ягонай уладаю. Я лічу, што трэба больш прыслухоўвацца да думкі нашых грамадзянаў. А не рабіць такую манаполію, якая адбываецца ў нашай краіне”.

(Спадар: ) “Я б што напісаў? Мне Лукашэнка падабаецца. Але не падабаецца тое, што ён адключае тэлевізійныя каналы вельмі рана. А ўсё астатняе ў ім мне падабаецца”.

(Спадар: ) “Напісаў бы пра ўсё, што набалела. Хіба гэта прэзыдэнт? Не. Народ пераўтвараецца ў жабракоў”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэтая арганізацыя выконвае ня тыя функцыі, якія павінна была б выконваць. Яна займаецца не сваёй справай”.

(Студэнтка: ) “Мне ўвогуле ня надта падабаюцца ягоныя апошнія дэкрэты. Асабліва, што тычыцца музыкі і выезду людзей за мяжу. Бо я сама вучуся ў Лінгвістычным унівэрсытэце, і нам выкладчыкі сказалі, што наўрад ці мы куды-небудзь паедзем. Ні на стажыроўку, ні на працу. Гэта вялікая скарга ўсяго нашага ўнівэрсытэту, ня толькі мая”.
XS
SM
MD
LG