Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шасьцёра беларусаў патрапілі ва ўкраінскую турму за парушэньне ўкраінскай мяжы на 50 мэтраў


Казімер Яноўскі, Лельчыцы, Гомельская вобласьць Украінскія памежнікі затрымалі тэхніку і беларускіх мэханізатараў зь Лельчыцаў. Шасьцярых парушальнікаў мяжы ўкраінскі суд пакараў арыштам, а лёс тэхнікі, якая засталася на ўкраінскай тэрыторыі, пакуль ня вырашаны.

Брыгада рабочых зь Лельчыцкага прадпрыемства мэліярацыйных сыстэмаў мацавала ў памежжы з Украінай дамбу ад паводкі. Начальнік прадпрыемства Іван Патрэеў распарадзіўся паслаць пагрузчык, тры трактары і аўтамабіль “УАЗ” у кар’ер па пясок. Але гэты кар’ер, як высьветлілася, зайшоў на нейкія пяцьдзясят мэтраў на ўкраінскую тэрыторыю.

Адзін дзень мэліяратары працавалі спакойна, а назаўтра беларускіх рабочых ужо чакалі ўкраінскія памежнікі. Распавядае ўдзельнік інцыдэнту, трактарыст зь Лельчыцаў Васіль Рамановіч:

(Рамановіч: ) “Іх хтосьці папярэдзіў, што мы бярэм каля дамбы пясок. Ніхто ня ведаў, што там мяжа. Не было ні апазнавальных знакаў, ні слупоў. Раніцай мы прыехалі, а ўкраінскія памежнікі ўжо чакалі нас. Сказалі, што мы парушылі мяжу, і ўсё тут, сядзіце і ня дрыгайце. У памежнікаў былі пісталеты, дубінкі”.

Шасьцярых беларускіх рабочых украінскія памежнікі даставілі на сваю заставу ў вёску Бярозава. Пасялілі ў казарме, кармілі, а на наступны дзень завезьлі ў Ракітнае, у раённы суд.

(Рамановіч: ) “У Ракітнае нас на гадзіну завезьлі да судзьдзі. Судзьдзя пытаўся, як і што рабілі. Мяжу перасеклі? Перасеклі! Па двое сутак арышту за парушэньне правілаў перасячэньня мяжы!” — распавёў Васіль Рамановіч.

Праз двое сутак затрыманыя мэліяратары вярнуліся ў Лельчыцы. Адзін зь іх моцна застудзіў ныркі і цяпер лечыцца ў шпіталі. Што да тэхнікі, то яна знаходзіцца на месцы парушэньня, на ўкраінскай тэрыторыі пад аховай памежнікаў Луцкага атраду. Афіцыйна тэхніка перададзена ўкраінскім мытнікам. Лёс яе паводле закону вырашыць украінскі суд.

Інцыдэнт на беларуска-ўкраінскай мяжы пракамэнтаваў начальнік штабу Гомельскага памежнага атраду Ўладзімер Іваноўскі:

(Іваноўскі: ) “Мяжа ёсьць мяжа. Гаспадаркі і прадпрыемствы ведаюць тэрыторыю сваёй кампэтэнцыі. Устаноўлены папераджальныя аншлягі. Мы публікуем аб’явы ў газэтах, каб не парушалі мяжу. Дырэктар прадпрыемства мэліярацыі проста хацеў зэканоміць капейкі на паліве, каб не вазіць пясок здалёк. І ў выніку атрымаў тое, што атрымаў. Ёсьць, канечне, у гэтай справе і аб’ектыўны бок. Дэмаркацыя мяжы з Украінаю не праведзена, памежнымі знакамі, як належыць, мяжа не пазначана”.

Беларускі парлямэнт да гэтага часу не ратыфікаваў дамовы з Украінаю пра сумесную беларуска-ўкраінскую мяжу.
XS
SM
MD
LG