Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайшла выстава дапаможнікаў па ідэалёгіі беларускае дзяржавы


Сьвятлана Курс, Менск 12—15 красавіка галоўныя ВНУ краіны і шэраг каледжаў ды прафтэхвучэльняў правялі выставу “Ідэалягічнае суправаджэньне і маніторынг выхаваўчай працы ва ўстановах адукацыі”. Свае дасягненьні дэманстравалі наваствораныя структуры ідэалягічнага выхаваньня моладзі.

Выстава “Ідэалягічнае суправаджэньне і маніторынг выхаваўчай працы ва ўстановах адукацыі” выглядала як бібліятэка па гісторыі Беларусі ад Мікалая Радзівіла Чорнага да нашых дзён. Выстаўляліся мэтадычныя дапаможнікі па выкладаньні курсу ідэалёгіі беларускае дзяржавы ў ВНУ і ПТВ. Пагартаўшы ці ня кожны з сотняў дапаможнікаў, я пераканалася: ідэалягічныя куратары ўяўляюць ідэалёгію як нейкі збор правілаў прыстойнага чалавека: беражы сваю краіну, шануй папярэднікаў, добра працуй, дбай пра экалёгію і спадчыну.

Вольга Кузьміч курыруе ідэалягічна-выхаваўчую працу ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным ўнівэрсытэце.

(Кузьміч: ) “Мы рыхтуем найперш людзей з высокім узроўнем культуры: калі яны, як тэхнічныя прафэсіяналы, будуць працаваць у замежжы, яны змогуць сказаць цёплыя словы пра свой край, каб гэтаму роднаму надаць усясьветнае значэньне”.

(Карэспандэнтка: ) “Што ўяўляе сабою курс ідэалёгіі?”

(Кузьміч: ) “Я б не прыдзіралася да слова “ідэалёгія”, бо аснова гэтай ідэалёгіі скіраваная на тое, каб Беларусь была квітнеючай дзяржавай і каб чалавек быў эталёнам цывілізаванага чалавека”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы бачыце ворагаў Беларусі ў кім-небудзь?”

(Кузьміч: ) “Я ворагаў Беларусі ня бачу”.

Гаворыць Аляксандар Ігначык, кіраўнік упраўленьня выхаваўча-ідэалягічнай працы пэдунівэрсытэту імя Танка:

(Ігначык: ) “Ідэалёгія — гэта сыстэма поглядаў, якая павінная кансалідаваць нацыю. Ведаць гісторыю, пачынаючы з гісторыі сваёй навучальнай установы, свайго мікрараёну, сваёй вуліцы — гэта і ёсьць ідэалёгія”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы бачыце ворагаў Беларусі?”

(Ігначык: ) “Настройваць сябе і іншых на пошукі ворагаў — няправільны шлях. Трэба сябе настройваць на пазытыў. Нават калі ты чытаеш курс ідэалёгіі беларускае дзяржавы, трэба гэта рабіць пазытыўна. Калі ты чытаеш курс беларускай гісторыі нецікава, гэта стварае адмоўнае стаўленьне да твае дзейнасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “У дзяржаўных мэдыях мы часта бачым нэгатыўнае стаўленьне да людзей, якія мысьляць інакш. Ці ў вашых выданьнях ёсьць нэгатыўныя ацэнкі апазыцыі або людзей, якія ўвогуле не прызнаюць ніякай ідэалёгіі?”

(Ігначык: ) “У нашых мэтадычных матэрыялах мы не прымяняем нэгатыўных адзнакаў тых ці іншых зьяваў”.

Размаўляю з мэтадысткай аддзелу выхаваўчае працы Ўнівэрсытэту фізкультуры Марынай Вароніч:

(Карэспандэнтка: ) “З чым вы ідзяце да студэнтаў, калі адбываюцца заняткі па ідэалёгіі?”

(Вароніч: ) “Студэнты, будзьце людзьмі, перамагайце ў спаборніцтвах, цаніце мастацтва, будзьце патрыётамі сваёй краіны пад назваю Беларусь”.

Камэнтуе выкладчык Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, куратар выхаваўчай і ідэалягічнай працы, сурэдактар альтэрнатыўнага часопісу “Студэнцкая думка” Мікола Шакель:

(Шакель: ) “Я не лічу, што гэта правільны крок для ўраду, уладаў, прэзыдэнта, бо гэта проста не працуе. Усе робяць выгляд, быццам займаюцца важнай ідэалягічнай працай, а самі займаюцца сваімі справамі”.

Спадар Шакель сказаў, што ня чуў аб існаваньні ў замежных ВНУ курсаў любові да радзімы або ідэалёгіі дзяржавы. Там ёсьць толькі ўрокі айчыннай гісторыі. Падобна, што і ў Беларусі ідэалёгія ператвараецца ў гісторыю і краязнаўства.
XS
SM
MD
LG