Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і заходнія лідэры маюць магчымасьць дамовіцца 9 траўня ў Маскве аб адхіленьні Лукашэнкі ад улады?


Сяргей Абламейка, Прага Сёньня газэта “Moscow Times” апублікавала артыкул міжнароднага аглядальніка літоўскай газэты “Lietuvos Rytas” Рычарда Крыкаса, у якім выкладаецца плян мірнай зьмены ўлады ў Беларусі з дапамогай Расеі. Больш падрабязна з артыкулам вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

За апошнія 17 месяцаў, – піша Рычард Крыкас, – Уладзімер Пуцін зазнаў шэраг няўдачаў на фронце зьнешняй палітыкі. Гэта падзеі ў Грузіі, Украіне, Малдове і Кіргізстане. Як вынік, у Пуціна ўсё меней падставаў для таго, каб лічыць СНД жыцьцяздольнай структурай, якая можа дапамагчы Расеі дамінаваць на прасторы былога СССР.

Цяперашнюю пазыцыю Крамля Рычард Крыкас называе палітычнай блізарукасьцю. Як прыклад новага расейскага імпэрыялізму і чарговай зьнешнепалітычнай памылкі Масквы, аўтар прыводзіць абвінавачаньні Латвіі і Эстоніі ў нэафашызме. У выніку прэзыдэнт ЗША Джордж Буш па дарозе ў Маскву на сьвяткаваньне дня перамогі 9 траўня спыніцца ў Латвіі і правядзе сустрэчы з усімі трыма прыбалтыйскімі прэзыдэнтамі.

Паколькі ўнутраная і зьнешняя палітыка Пуціна у апошнія гады значна пашкодзіла яго імідж на Захадзе, дык на думку Рычарда Крыкаса, якраз сустракаючыся ў наступным месяцы ў Маскве з заходнімі лідэрамі, Пуцін мае шанец істотна палепшыць свой вобраз з дапамогай сьмелай ініцыятывы – а менавіта, дапамагчы ўрэгуляваць беларускае пытаньне.

На думку літоўскага журналіста, прыпушчэньне, што Пуцін пачне перамовы са сваімі заходнімі калегамі аб мірным адхіленьні Лукашэнкі ад улады, і для заходніх, і для расейскіх аналітыкаў выглядае наіўным. Гэтаму ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, у адрозьненьне ад былых рэжымаў у Грузіі і Ўкраіне, Лукашэнка значна мацней трымаецца пры ўладзе, падрыхтаваў дзеяздольныя ўзброеныя сілы для падаўленьня хваляваньняў, а беларуская апазыцыя слабая і абяскроўленая эміграцыяй, запалохваньнем, судамі і пасадкамі лідэраў у турму. Па-другое, Лукашэнка – самы блізкі саюзьнік Расеі, і з-за няўдачаў у іншых былых савецкіх рэспубліках, Пуцін можа пайсьці на аб’яднаньне зь Беларусяй. І гэта, паводле Рычарда Крыкаса, было б фатальнай памылкай і разыходзілася б з нацыянальнымі інтарэсамі Расеі.

Пуцін хоча аднавіць вядучую ролю сваёй краіны ў сьвеце, але дэмаграфічныя, эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя праблемы Расеі могуць быць вырашаныя толькі з дапамогай заходніх дэмакратычных дзяржаваў. Толькі Захад можа дапамагчы Расеі нармальна эксплюатаваць яе прыродныя багацьці ў Сыбіры.

Лукашэнка можа пратрывацца яшчэ нейкі час, – піша Рычард Крыкас, – але дні яго ўжо палічаныя. Калі ж Пуцін пойдзе на саюз зь Беларусьсю, ён ня знойдзе новых сяброў ні ў Беларусі, ні на Захадзе. Наадварот, такі крок здольны павялічыць антырасейскія настроі і ў Беларусі, і на Захадзе, і паўсюль на абшары былога СССР. Да таго ж, няма пэўнасьці, што менская эліта гарой стаіць за Лукашэнку, і што пры першым зручным выпадку яна і сілавыя структуры не пяройдуць на бок супернікаў Лукашэнкі. Няма сумневу, што многія зь беларускага палітычнага клясу шукаюць спосаб парваць з Лукашэнкам.

У такой сытуацыі, паводле артыкулу літоўскага аглядальніка у газэце “Moscow Times”, Пуцін і заходнія лідэры маглі б даць ім такую магчымасьць, пагадзіўшыся на наступныя ўмовы. Па-першае, Лукашэнка пакінуў бы сваю пасаду, атрымаўшы гарантыі, што яго ня будуць судзіць за мінулыя правіны. Беларускі лідэр мог бы зрабіць гэта, калі б Расея падтрымала заклікі захаду да яго пакінуць сваю пасаду. Перад саюзам Расеі і Захаду ў Лукашэнкі не засталося б аргумэнтаў. Па-другое, абмежаваньні на свабоду прэсы ў Беларусі былі б зьнятыя. Па-трэцяе, наглядальнікі Эўрапейскага Зьвязу маглі б распачаць працэс, які гарантаваў бы правядзеньне да канца 2005 году парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Вядома, праціўнікі кампрамісу ў Маскве выступяць супраць такога варыянту разьвіцьця падзеяў. Аднак у Пуціна дастаткова ўлады і аўтарытэту, каб нэўтралізаваць унутраных крытыкаў. І калі Пуцін і яго калегі на Захадзе маюць адвагу і мудрасьць, каб зрабіць такі сьмелы крок у наступным месяцы, дык далейшага пагаршэньня расейска-заходніх адносінаў удалося б пазьбегнуць. Пуцін, вядома, павінен гарантаваць дэмакратыю і ў сваёй краіне, але вырашэньне беларускага пытаньня магло б заахвоціць эўрапейцаў і амэрыканцаў да новых інвэстыцыяў у Расеі. Калі гэтага не адбудзецца, – заканчвае свой артыкул у “Moscow Times” літоўскі журналіст Рычард Крыкас, – дык 9 траўня посьпех Пуціна выглядае праблематычным.

Гэта быў кароткі зьмест артыкулу міжнароднага аглядальніка літоўскай газэты “Lietuvos Rytas” у расейскім тыднёвіку “Moscow Times”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG