Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка пратэсту спыненая – Аўтуховіч лічыць сябе пераможцам


Сяргей Астраўцоў, Ваўкавыск Сёньня закончылася акцыя пратэсту ваўкавыскіх галадоўнікаў — Мікалая Аўтуховіча, які распачаў яе 31 дзень таму, а таксама кіроўцаў ды іхніх прыхільнікаў. Улады ня цалкам задаволілі патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі, аднак Аўтуховіч і іншыя ўдзельнікі акцыі лічаць, што перамаглі, паколькі ў рэйс цяпер могуць выехаць аўтамабілі фірмы “Ніка-транс”, што былі спыненыя больш чым на тры месяцы.

У першай палове дня адчувалася пэўная разгубленасьць у “Ніка-транс”. Дырэктар прадпрыемства Юры Лявонаў мне паведаміў, што падатковая служба разблякавала яго рахунак, аднак зь яго ўсё адно будуць спаганяць штраф. Паводле Лявонава, дамоўленасьць была крыху іншай: каб не спаганяць штрафныя грошы, у задатак за іх падаткавікі павінны былі зрабіць вопіс аўтамабіляў фірмы. Гэта было зроблена, аднак адтэрміноўкі для выплаты штрафу не зрабілі.

Тым ня менш галадоўнікі разышліся і ў другой палове дня Мікалай Аўтуховіч афіцыйна паведаміў, што галадоўка спыненая. Больш за тое, ён сказаў, што яны лічаць, што перамаглі, паколькі цяпер могуць працаваць сем грузавых аўтамабіляў “Ніка-транс”. На парадку дня — выхад з галадоўкі.

(Аўтуховіч: ) “Мы ведаем — як гэта рабіць. Таму што ня першы раз галадалі. Там, дзе ляжаць матрацы, на якіх мы галадалі, ёсьць літаратура пра тое — як гэта рабіць. І старыя галадоўнікі навучылі новых. Меркаваньне дактароў мы ведаем, таму што былі тут і псыхіятры, і дыетолягі, таксама думку дактароў хуткай, якія да нас прыяжджалі, яны гаварылі, што з галадоўкі выходзяць столькі, колькі ў яе ўваходзяць”.

Паводле спадара Аўтуховіча, былыя галадоўнікі будуць кіравацца парадамі лекараў і выходзіць з галадоўкі паступова. Апроч сваёй працягласьці, акцыя стала адметнай яшчэ тым, што яе досыць актыўна падтрымалі вэтэраны савецка-аўганскай вайны, у якой удзельнічаў і спадар Аўтуховіч.

(Аўтуховіч: ) “Сёньня тэлефанавалі вельмі многа аўганцаў — з Жодзіна, зь Менску, яны падтрымлівалі нас. Гаварылі, што калі будуць яшчэ нейкія праблемы, тэлефануйце, мы прыедзем, многа людзей прыедзе”.

***

Пакуль застаецца правамоцным штраф фірме “Ніка-транс”— больш за 440 мільёнаў рублёў — за парушэньне парадку разьлікаў і прыёму наяўных грашовых сродкаў. Гэты штраф узаконены рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суду. Апроч гэтага, міністэрства падаткаў і збораў пастанавіла, што фірма не заплаціла падаткі за грошы, якія кіроўцы “Ніка-транс”, якіх наймае Аўтуховіч для працы на сваіх таксоўках, атрымалі ад пасажыраў і здалі прадпрымальніку цягам 2003-2004 гадоў. Гэты падатак разам са штрафам і пеняй складае больш за 1 мільярд і 813 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG