Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 15 красавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 15 красавіка.

“Могилевскій вестник”, 1915 год:

“У рэдакцыю працягваюць прыходзіць зь дзейнай арміі ўдзячныя лісты ніжніх чыноў да розных асобаў і ўстановаў, у якіх выказваецца падзяка воінаў за дасланыя падарункі. Ня маючы магчымасьці надрукаваць усю гэтую вялізную карэспандэнцыю, рэдакцыя лічыць, аднак, неабходным адзначыць гэты характэрны факт, які сьведчыць аб той кранальнай пяшчоце і глыбокім пачуцьці ўдзячнасьці, якія выклікаюць у нашых герояў усялякая нікчэмная паслуга, кожная ласка, дасланая зь мілай радзімы”.

“Беларуская доля”, 1925 год:

“Ня гледзячы на агідную ролю латвійскае пракуратуры, якая аказалася паслухмяным арудзьдзем улады, пайшоўшы на сустрэчу польска-маскоўскай інтрызе проці беларусаў, — суд у Дзьвінску апраўдаў усіх беларускіх дзеячоў, вінавачаных у процідзяржаўнай дзеяльнасьці з прычыны… ужываньня ў школах падручніка “Геаграфія Беларусі” А.Смоліча і карты Беларусі. Найбольш перасьледвала “дэмакратычная” ўлада Латвіі грам. Івана Краскоўскага, Паўліну Мядзёлку, Езавітава, Пігулеўскага, Якубецкага. Езавітаў доўгі час — ажно да суда — прасядзеў у вастрозе, бо ўлада гэтак хацела пазбавіць яго магчымасьці працаваць”.

“Вечерний Минск”, 1975 год. Паведамленьне Міністэрства фінансаў СССР і праўленьня Дзяржаўнага банку СССР:

“На знак 30-годзьдзя Перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў 15 красавіка 1975 году выпускаецца ў абарачэньне юбілейная манэта вартасьцю 1 рубель. Юбілейная манэта… абавязковая да прыёму дзяржаўнымі, каапэратыўнымі, грамадзкімі прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, калгасамі і асобамі на ўсе віды плацяжоў, а таксама банкамі, ашчаднымі касамі і паштовымі прадпрыемствамі для залічэньня ва ўклады, на бягучыя, разьліковыя рахункі, для пераводу і на акрэдытывы без усялякіх абмежаваньняў”.
XS
SM
MD
LG