Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Бандарэнка: Беларусь выратуем толькі мы самі


Вольга Караткевіч, Прага Госьця нашай перадачы – народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

(Караткевіч: ) "Спадарыня Зінаіда, як Вы пачынаеце сваю раніцу?"

(Бандарэнка: ) "Некалькі рухаў, каб падрыхтаваць сябе, некалькі дыхальных практыкаваньняў, гэта ўжо маё прафэсійнае, каб быў настрой, каб зьявілася энэргія, потым кубачак кавы і, можна сказаць, дзень пачынаецца".

(Караткевіч: ) "Наша аўдыторыя зь цікавасьцю слухае Вашыя мэмуары "Свой голас". У іх Вашыя рэакцыі на сучасную сытуацыю ў Беларусі прагучаць у нашым эфіры трошкі пазьней. Але я ўсё-ткі такое пытаньне: чаму Вы пайшлі ў палітыку?"

(Бандарэнка: ) "Шчыра кажучы, нечакана для сябе, і потым, можна сказаць, штуршок быў – і я лічу, што гэты штуршок робіць сама ўлада сваймі адносінамі да людзей, да грамадзян Беларусі. Напачатку гэта адбылося ў мяне, калі на сустрэчы з намі быў А.Р.Лукашэнка. Ён сустракаўся з журналістамі і супрацоўнікамі тэлебачаньня на Макаёнка 9 і зрабіў мне як бы такую заўвагу, што я ўсе перадачы раблю па-беларуску, і што, маўляў. калі Вам так хочацца, то я таксама буду гаварыць па-беларуску. Я сказала: чаму б і не? Мова ж наша, родная. І вось была такая рэакцыя вельмі адмоўная, з чаго і пачалося як бы такое выцісканьне мяне. Але потым ужо, праз два гады, перад тым як ісьці на наступны тэрмін, да мяне патэлефанавалі з Хартыі 97, наша знакамітая Людміла Гразнова, і прапанавала мне выказаць мае погляды на наступны тэрмін Лукашэнкі. Ну, я выказалася ў газэце "Народная Воля" – адсюль усё і пачалося".

(Караткевіч: ) "Калі б Вы хацелі нешта зьмяніць у Беларусі, перадусім – што? Што асабіста Вас непакоіла?"

(Бандарэнка: ) "Мяне непакоіла ўсё. Тое, што людзі нашы застаюцца рабамі. Што тая крышачка свабоды, якую мы адчулі напачатку 1990-х гг. і думалі, што вось ужо сапраўды наша Беларусь будзе незалежная, раптам мы як аковы адчулі з боку ўлады. Таму, я думаю, так адбылося. Мне хацелася бачыць мой народ свабодным і незалежным, і галоўнае – каб мы атрымалі сапраўдны сувэрэнітэт. А потым – мяне проста непакоіла і хвалявала тое, што ўвесь час мы чулі "саюз з Расіяй", як быццам толькі гэта выратуе нашу Беларусь. Але выратуюць яе нашы людзі, мы самі, таму што беларускі народ працавіты, нам толькі трэба даць магчымасьць працаваць, і мы самі зробім сябе шчасьлівымі. А нам увесь час нагняталі, што толькі вось гэты Саюз дасьць нам заможнае жыцьцё".

(Караткевіч: ) "Некаторыя прадстаўнікі беларускай культуры, якія сталі вядомыя яшчэ ў часы савецкай эпохі, яны якраз гавораць пра нейкую сваю настальгію да Расеі, стараюцца навязаць міт, што нам без Расеі ніяк культурна ці эканамічна ня выжыць. Адкуль у Вас разуменьне таго, што краіна павінна культурна разьвівацца самастойна? Гэта зьвязана зь нейкім этапам Вашай біяграфіі, выхаваньня?"

(Бандарэнка: ) "Вы ведаеце, я ня супраць Расіі, мы выхаваныя якраз на сяброўстве з Расіяй, я шмат езьдзіла туды, вучылася там, у мяне шмат сяброў засталося ў Расіі, і ўсё-ткі ня можа быць краіна вольнай з дапамогай уціску іншай краіны, тым больш такой як Расія – краіна, у якой у самой такі непарадак, няведама што робіцца, асабліва цяпер. Я лічу таксама, што чалавек, які прыйшоў у Расіі зараз да ўлады, ён ня дасьць нам таго, аб чым мы марым. Я маю на ўвазе Пуціна. Зь яго палітыкай і зь яго адносінамі да людзей і да тых краінаў, якія ўваходзілі раней у Саюз, і што зроблена з тымі краінамі – гэта ж бачна, што мы не атрымаем ніякай падтрымкі".

(Караткевіч: ) "Спадарыня Зінаіда, жанчына ў палітыцы, на Вашую думку – яна павінна мець адметны стыль, ці ўсё ж павінен дамінаваць палітычны прагматызм, як гэта было, напрыклад, у Маргарэт Тэтчэр (хаця ў яе быў, безумоўна свой стыль)? Дык вось гэты стыль павінен быць аднолькавым у мужчын і жанчын ці розным?

(Бандарэнка: ) "Ведаеце, па-першае, я не лічу сябе палітыкам, хаця я сустракалася з палітыкамі. Я лічу, што палітычны прагматызм якраз характарызуе жанчыну. І яна магла б унесьці гэта ў нашу, беларускую палітыку, таму што менавіта жанчына магла б рабіць усё мякчэй, больш хітра, не абвастраць вуглы. Таму што палітыка, кажуць, брудная такая справа – жанчына магла б ачысьціць яе сваім удзелам у палітыцы. Я не магу лічыць сябе палітыкам, проста ў сілу свайго характару. Проста я за ўсім назіраю, спачуваю, і па магчымасьці імкнуся дапамагаць".

(Караткевіч: ) "Вашыя былыя калегі, прыхільнікі – як яны ацэньваюць Вашыя шчырыя і пры гэтым апазыцыйныя заявы?"

(Бандарэнка: ) "Што тычыцца людзей з майго атачэньня, хто быў побач са мною, а цяпер адышлі на супрацьлеглы бок – яны якраз з захапленьнем ставяцца да маёй пазыцыі, і дзе б я ні была, з кім бы я ні сустракалася, і нават зь некаторымі з чыноўнікаў, яны гавораць, што мы ў захапленьні ад таго, што вы ва ўсю моц пра гэта заявілі. І нават у мяне была сустрэча з адным чалавекам з улады, і ён проста сказаў, даруйце мне, Зінаіда Аляксандраўна, што мы ня разам з Вамі. Усе літаральна мяне падтрымліваюць, і гэта шчыра. Наконт тых, хто былі са мной, мае калегі – я лічу, што гэта проста імкненьне захаваць свой цяперашні стан, каб не згубіць свае матэрыяльныя стасункі".

(Караткевіч: ) "А што б Вы сказалі пра шчырасьць сучасных дыктараў, пра іхныя здольнасьці трымаць увагу аўдыторыі?"

(Бандарэнка: ) "Ведаеце, тое што яны гавораць – яны так ня думаюць пра гэта. Я гэта адчуваю, таму што некаторым часам вельмі цяжка схаваць свае пачуцьці, асабліва калі я чую не па радыё, а па тэлебачаньні, гэта заўважна. У іх на твары проста маска, маска прыкрыцьця сваіх пачуцьцяў. І яны проста апынуліся ў такіх абставінах, мне шкада іх, і я ім проста спачуваю. І літаральна можа так аказацца, што пройдзе некаторы час, калі ўсё гэта павернецца на наш бок, яны будуць літаральна па-іншаму гаварыць – так, як насамрэч думаюць. Цяпер такія абставіны ў гэтых людзей".

(Караткевіч: ) "Без чаго Вы ня можаце жыць у цяперашняй Беларусі? Памятаеце, калі Вы наведвалі нас у Празе, як мы з асалодай елі прывезеныя Вамі ласункі... А без чаго Вы ня можаце?"

(Бандарэнка: ) "Не магу без усяго: бяз гэтай зямлі, паветра, без нашых дрэваў, бярозак, без свайго лецішча. Я люблю настолькі зямлю, што зараз во надыходзіць вясна, і трэба нешта кідаць у зямлю, я з такой нецярплівасьцю чакаю, калі трэба будзе ехаць на лецішча і кідаць зярняткі ў зямлю – кветачак, гуркоў ці чагосьці яшчэ, каб яны набылі моц... Мне падабаецца хадзіць, глядзець на ўсё гэта: мне здаецца, такой прыгажосьці, такога паветра няма нідзе, нідзе не адчуеш".
XS
SM
MD
LG