Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскай вобласьці ідзе масавы збор бярозавага соку


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёўскай вобласьці пачаўся масавы збор бярозавага соку. Сёньня пятніца, і многія гараджане ўвечары зьедуць на выходныя дні на лецішчы альбо ў вёскі да бацькоў, і там будуць частавацца гэтым карысным для здароўя напоем.

Прамысловы збор бярозавага соку ідзе ў некалькіх лясьніцтвах Магілёўскай вобласьці. Лясныя гаспадаркі паставяць на кансэрвавыя заводы рэгіёну больш за 500 тон сьвежага бярозавіка.

Увогуле гэта няшмат. Дваццаць гадоў таму, за савецкім часам бярозавага соку зьбіралі разоў у 6 болей, яго шмат выраблялі, і шклянку бярозавіка можна было набыць за 9 капеек у кожнай краме. Аднак цяпер кансэрвавыя заводы разваліліся альбо ў такім становішчы, што ня маюць сродкаў, каб заплаціць за сыравіну. Ды і 3-літровыя шкляныя слоікі соку з цукрам, якія вырабляюць прадпрыемствы, ня надта карыстаюцца попытам.

Затое сьвежы бярозавы сок – па-за канкурэнцыяй. Людзі зьбіраюць яго самі: п''юць сьвежым, самі закрываюць у слоікі і нават п''юць забрадзіўшым – атрымліваецца своеасаблівы слабы алькагольны напой.

Адзін жыхар вёскі Чачэвічы распавёў мне неяк, што селянін, які сябе паважае, хаця б паўсотню літраў бярозавіка павінен нарыхтаваць. Самы лепшы рэцэпт, паводле майго знаёмага – гэта насыпаць у бярозавік сушаныя яблыкі і ягады, закрыць у слоікі і паставіць у падпол. Ужываць халодным: вяртае бадзёрасьць у цяжкія дні.

А ці трэба дазвол на тое, каб зьбіраць бярозавы сок? Каб зьбіраць сок з лясных бярозаў, трэба зьвярнуцца ў лясгас і выпісаць там квіток. Гэта паслуга пакуль бясплатная, але ў будучым трэба будзе плаціць да 15 тысяч рублёў за тону бярозавага соку. Несанкцыянаваны збор бярозавіка і пашкоджаньне дрэваў ў лесе могуць прывесьці да штрафу – да 75 тысяч рублёў. Гэта хутчэй датычыцца гараджанаў, якія ходзяць за бярозавікам у лес, бо вяскоўцы звычайна маюць бярозы на сваім двары, і калі цяпер праехаць па любой вёсцы, то ўбачыце на ўсіх бярозах падвязаныя слоікі і цэляфанавыя пакеты.

Чым карысны бярозавы сак для арганізму чалавека? Трэба спачатку адзначыць, што бярозавік – гэта адзін з самых экалягічна чыстых прадуктаў у Беларусі. Так гавораць санітарныя ўрачы з Магілёва, якія за шмат гадоў не мелі ніводнай нестандартнай пробы бярозавага соку на радыяцыю альбо на солі цяжкіх мэталяў. Праўда, сок усё ж такі не рэкамэндуюць нарыхтоўваць з дрэваў у горадзе і ўздоўж дарог.

А пра карысьць ужываньня бярозавага соку для здароўя чалавека скажа інжынэр Магілёўскага лесагаспарадчага аб''яднаньня Надзея Глазкова.

(Глазкова: ) “Я ведаю, што сок солі выводзіць лішнія, таксычныя рэчывы, растварае камяні ў нырках. Таму многія, у каго пясок у нырках і камяні, п''юць гэты сок, каб ён іх "выганяў". Вельмі карысна. Прахаладжальны напой і вельмі карысны для здароўя".
XS
SM
MD
LG