Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 красавіка “Тарасу на Парнасе” спаўняецца 150 гадоў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 15 і 16 красавіка

15 красавіка 1855 году Канстанцін Вераніцын у Гарадку на Віцебшчыне завяршае працу над сваёй паэмай “Тарас на Парнасе”, якая пасьля будзе доўгі час лічыцца ананімнай. Толькі зусім нядаўна беларускім архівістам удалося знайсьці аўтарскі асобнік паэмы. Цяпер ужо і ў школьных праграмах яна вывучаецца як твор Канстанціна Вераніцына. Сёлета “Тарасу на Парнасе” спаўняецца 150 гадоў.

15 красавіка 1865 году пакінуў гэты сьвет шаснаццаты амэрыканскі прэзыдэнт Аўрам Лінкальн. Напярэдадні ў Тэатры Форда ў Вашынгтоне ў прэзыдэнта страляў актор мясцовае сцэны. Рана аказалася сьмяротнай. Кажуць, забойца хацеў такім чынам наблізіць перамогу Поўдня ў вайне з Поўначчу, аднак пасьля гібелі Лінкальна вайна толькі зацягнулася.

15 красавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет паўночнакарэйскі дыктатар Кім Ір Сэн, прэзыдэнт чачэнскай рэспублікі Ічкерыі Джахар Дудаеў і расейская эстрадная сьпявачка Ала Пугачова.

Цяпер – пра заўтрашні каляндар.

16 красавіка 1818 году беларускі паэт Ян Чачот уступае ў падпольнае студэнцкае таварыства Філяматаў. Урачыстасьць адбываецца на ўзьлеску пад Вільняй. Рэкамэндацыю Чачоту дае ягоны школьны сябра з Наваградку паэт Адам Міцкевіч. Гэтая падзея перадвызначыла як лёсы ўдзельнікаў таварыства, так і разьвіцьцё беларускай нацыянальнай ідэі на самым яе пачатку.

16 красавіка 1914 году ў Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. У выніку яе загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт “Ньюпар-IV”, які на вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз. Кавальчук выпаў з самалёту, схапіўся за верхні трос і, правісеўшы ў такім стане тры сэкунды, зваліўся на зямлю і разьбіўся насьмерць. Тым часам лятак разам зь пілётам урэзаўся ў дом і загарэўся. Камісія, якая дасьледавала катастрофу, знайшла яе прычыну ў недахопах канструкцыі. “Ньюпары” паводле францускай ліцэнзіі будаваліся ў Расеі і мелі вельмі нізкую якасьць.

16 красавіка 1948 году была створаная Арганізацыя Эканамічнага Супрацоўніцтва, якая аб''яднала 17 заходнеэўрапейскіх краін і стала зародкам сёньняшняга Эўразьвязу.

16 красавіка ў розныя гады нарадзіліся беларускі палітык Язэп Варонка, чэскі перакладчык беларускае літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, мовазнаўца і крытык Анатоль Клышка і былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі, а цяпер адзін зь лідэраў апазыцыі Васіль Лявонаў.
XS
SM
MD
LG