Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усё жыцьцё – дарога”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага (Эфір 7 красавіка 2005 году) Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда". Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Тэма чарговай перадачы – жыцьцё як дарога, і чалавек як падарожны.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Усё жыцьцё – гульня”, – сказаў калісьці вялікі Шэксьпір. “Усё жыцьцё – дарога”, – паправілі беларусы і дадалі “прасі Бога”. І удакладнілі – “На сьвеце як у карэце: едзеш і калышасься, пакуль не вывернесься”. Жыцьцё як дарога, і чалавек як падарожны. Як проста, відавочна і разам з тым мудра.”

(Тацьцяна Валодзіна: ) “Перамяшчэньне, рух – асноўная прыкмета жыцьця, асноўная якасьць і ў філязофскім, гістарычным, сэміятычным сэнсах, і ў цалкам будзённым разуменьні. Кожнае перамяшчэньне мяркуе наяўнасьць шляху, дарогі, што маюць пачатак і канец, але могуць і зьлівацца ў бясконцы рух. Дарога можа набліжаць і аддаляць, аб’ядноўваць і разьядноўваць, у любым выпадку, яна выступае арганізатарам як прасторы, гэтак і часу. І тады мы кажам: наш, мой жыцьцёвы шлях.”

(Ракіцкі: ) “У кожнага свой лёс, свой жыцьцёвы шлях. Але распачынаецца ён для кожнага прыблізна аднолькава – прыходам і адыходам. Наколькі прыдатнае такое азначэньне – прыход – найперш для народзінаў, зьяўленьня чалавека?”

(Валодзіна: ) “Радзінная абраднасьць і зьвязаныя зь ёю моўныя выразы прэзэнтуюць ідэю дарогі ва ўсёй яе шматграннасьці. Найперш разуменьне родаў як выхаду дзіцяці, пераадоленьне ім дарогі і парогу вызначыла вядомыя і сёньня забароны і парады для цяжарнай – нельга сядзець на парозе, а то дзіця будзе “стаяць на парозе” – цяжка нараджацца; з пачаткам схватак бабка вадзіла парадзіху вакол стала, праз усе парогі ў хаце, каб і дзіцятка гэтак жа скоранька рухалася.”

(Ракіцкі: ) “Несумненна важнымі для усіх бацькоў становяцца першыя крокі дзіцяці. А гэта ці не пачатак яго сапраўднай, чалавечай дарогі?”

(Валодзіна: ) “Сапраўды, у традыцыі гэтая падзея атрымала нават рытуальнае афармленьне:”



“Яшчэ ў матчыным лоне ножкі

дзіцяці зьвязваюцца нябачнымі путамі, з-за чаго яно ня можа хадзіць адразу пасьля нараджэньня, як жывёлы. У некаторых дзяцей гэтыя путы мацнейшыя: такія дзеці даўжэй ня ходзяць. Таму трэба разрэзаць путы і аслабаніць дзіця. Як толькі дзіця зробіць першыя свае крочкі, маці ці хто іншы праводзяць ножам па падлозе ці па зямлі са словамі: “Разарвіцеся, путы”.



“Што цікава, дзіцячая мэтафорыка скарыстоўваецца намі дзеля апісаньня дарослага жыцьця. Так, мы кажам рабіць першыя крокі, распачаўшы нейкую новую дзейнасьць, альбо крэпка стаць на ногі – чагосьці ужо дасягнуць.”

(Ракіцкі: ) “Як вынікае, у нараджэньні дзіцяці ключавым ёсьць пераадоленьне мяжы. Але чым далей, такую сымбалічную мяжу на дарозе знайсьці ўсё цяжэй. Безумоўна, жыцьцёвых перашкодаў больш чым хапае. Але сымбалічных? Прыкладам, якой падзеяй на дарозе вылучаецца вясельле, шлюб?”

(Валодзіна: ) “Натуральна, жыцьцёвыя плюсы альбо мінусы тут мы шукаць ня станем. Але ці ня кожны з нас у сёньняшнім мэгаполісе Менску ўзгадае, што па дарозе з Палацу шлюбаў абіраў дарогу, каб праехаць праз мост. А фактычна пераадолець ці не адну з самых сур’ёзных у традыцыйным разуменьні дарог. Праўда, сёньняшнія масты не ахоўвае Зьмей Гарыныч, як мост праз раку Смародзіну, але сымболіка моста факусуе, зьбірае ў адзін пучок усю сымболіку дарогі. Таму разуменьне вясельля як падарожжа цалкам заканамернае. І нашыя вясельныя вандроўкі-падарожжы – толькі сучасная рэалізацыя падставовай схемы.”

(Ракіцкі: ) “А вось для пахавальнага комплексу ідэя дарогі настолькі выразная, што мы проста і будзённа кажам – правесьці ў апошні шлях. Хаця разумеем: гэта шлях да могілак.”

(Валодзіна: ) “Між тым, у народных паглядах для нябожчыка гэта шлях на той сьвет. Менавіта для яго цяжкой і доўгай дарогі ў пахавальнай абраднасьці асаблівая ўвага – нагам і абутку памерлага. У асобных раёнах да сёньня кладуць у труну запасныя новыя шкарпэткі, дый абутак мусіць быць новым. Як у казках, каб дабрацца да таго сьвету, трэба знасіць не адну пару жалезных ботаў. Дый ў галашэньнях паўстае сьмерць як дарога:”



“А мая ж ты мамулечка, а куды ж ты сабралася,

А ў якую дарожачку, а ў якую даліначку, а ў якую даміначку?

А ў дарожаньку далёкую, а ў дарожаньку няежджаную.

А з той дарожанькі ніхто дамоў не прыходзіць.”

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, чалавек прыходзіць у жыцьцё і адпраўляецца ў канцы яго ў далёкую дарогу. Але шлях між жыцьцём і сьмерцю – таксама дарога, і вельмі няпростая. Мы кажам: зьбіцца з тропу, заблудзіцца ў жыцьці, згубіць арыенціры. Якія іншыя сэнсы набывае мэтафара дарогі?”

(Валодзіна: ) “Дарога ўнівэрсальна тлумачыцца як маральная катэгорыя, кірунак, якога належыць трымацца. Шматлікія выразы сьведчаць, што чалавека можна наставіць на пуць і зьбіць з тропу, што ёсьць чалавек путны, пуцёвы і ёсьць бяспутны, што хтосьці ідзе прамой дарогай, а хтосьці абірае крывыя сьцежкі. Усё гэта маральныя алегорыі, якія тым ня меней паказваюць на сымболіку прамой дарогі як правільна абранай жыцьцёвай стратэгіі.”

(Ракіцкі: ) “Калі ж хто, як той казаў, ідзе “другим путем”, якой тады становіцца яго дарога?

(Валодзіна: ) “Калі казаць адным словам – не прамой, а больш канкрэтна – крывой, блытанай (дарэчы, блытаць, заблудзіцца і блуд – словы аднаго кораню) і нават закручанай. Пра чалавека, што жыве няпраўдаю, скажам – скруціўся, бо ішоў не наперад, а кругамі. Такая лінія абазначэньня чалавека праз паказаньне на яго шлях абумовіла прыказку: На торнай дарозе трава не расьцець. Гэта пра жанчыну, у якой праз яе паводзіны няма дзяцей.”

(Ракіцкі: ) “Але вернемся ўласна да дарогі. Ці толькі ідэя руху тут важная? Бо дарога – гэта яшчэ і месца нейкіх сустрэчаў, прыгодаў, здарэньняў?”

(Валодзіна: ) “Сапраўды, дарога разумеецца як месца, дзе выяўляецца лёс чалавека, ягоная доля пры сустрэчах як зь людзьмі, так і з прадстаўнікамі засьветаў. Узгадаем казкі. Сюжэт ці ня кожнай зь іх закручваецца і дасягае апагею пры выпраўленьні героя ў дарогу. І вось тут яго чакае камэнь ці слуп з надпісам, а фактычна праблема выбару далейшага лёсу:

“От едуць яны да едуць, аж растанцы на дарозе, і слуп, а на ём штось напісана. Чытаюць: Хто паедзе направа, той здабудзе славу, хто налева – знойдзе багацьце, а хто проста, таго спаткае сьмерць. Адны паехалі направа шукаць славы, хто налева, а Кавальчук рашыў, што ад сьмерці не адперці, дак лепш ехаць простаю дарогаю.”

“Усе знаходкі, зробленыя на дарозе, маюць незвычайны знакавы характар. Менавіта на дарозе герой сустракаецца з Богам (часьцей у выглядзе старца), сьвятымі, падарожнымі.”

(Ракіцкі: ) “А калі проста з чорным катом ці пустымі вёдрамі? Гэта ж таксама нейкія знакі?”

(Валодзіна: ) “Безумоўна. Штосьці нядобрае прадказвае сустрэча з папом, зайцам, жанчынай з пустымі вёдрамі ці кошыкам, жыдам, добрае – з ваўком ці жабраком. Асабліва гэта датычылася момантаў, калі чалавек выпраўляўся на значныя для гаспадаркі заняткі. Але і з чарцямі ды іншымі дэманамі чалавек сустракаецца таксама на дарозе. Шырока бытуюць былічкі пра падарожных і чорта ў выглядзе барана, козьліка. Наагул, дарога, што лучыць засьветы, успрымаецца міталягічна як “нячыстае” месца.”

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, так бы мовіць, “нячыстая” дарога ня ўся, а толькі асобныя яе адрэзкі? Якія яны ў беларусаў?”

(Валодзіна: ) “Найперш гэта ростані – адзін з найважнейшых каналаў камунікацыі з засьветамі. Гэта нулявая, пачатковая кропка дарогі і прасторы наагул, дзе ў крытычныя часавыя моманты разгортваліся рытуальныя дзеі – палілася купальскае вогнішча, сьпяваліся заклінальныя песьні. Як моцны інфармацыйны канал ростані выкарыстоўваюцца ў варожбах. Апоўначы на Шчадрэц дзяўчаты гукалі долю:”

“На купалу пасьля заходу сонца, як заблішчаць на небе зоркі, дзеўкі голыя бягуць дзе-небудзь за вёску на растанцы, становяцца ракам і зубамі бы гавядо рвуць падарожнік. Яны з гэстым зельлем моўчкі бягуць дамоў і лажацца спаць, а падарожнік кладуць сабе пад голаў. Ноччу ня хібіць прысьніцца суджаны.”

(Ракіцкі: ) “Але менавіта на ростанях, дарогах, што вядуць да гораду, вёскі, ставяць прыдарожныя крыжы. Як злучыліся тут старыя паганскія і хрысьціянскія традыцыі?”

(Валодзіна: ) “Найперш, крыж як бы нэўтралізуе патэнцыйную небясьпеку гэтага месца для чалавека і соцыюму. Але й ростані – гэта таксама крыж, толькі гарызантальны. Назіраем таму як бы дубляваньне крыжу, што толькі ўзмацняе сакральнасьць месца ды робіць магчымым кантактаваньне з Богам.”

(Ракіцкі: ) “Менавіта мэтафару дарогі, шляху актыўна скарыстоўваюць і паэтычна-публіцыстычны, палітычны дыскурсы. Ад пачатку мінулага стагодзьдзя кліча за сабою “шлях да волі”, “да збаўленьня і шчасьця дарога”. Васіль Быкаў назваў роздумы пра лёс свой і Радзімы як “Доўгая дарога дадому”. У кожнага з нас ёсьць доўгая дарога да сябе. Хай жа для ўсіх нас яна будзе сьветлай і прамой.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG