Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік падатковай інспэкцыі ў Ваўкавыску: “маніпуляваць людзьмі так нельга”


Сяргей Астраўцоў, Ваўкавыск Сёньня 31-ы дзень з пачатку абвяшчэньня галадоўкі ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам. Галадоўнікі-кіроўцы сёньня займаліся сваімі машынамі. Яны пойдуць начаваць дахаты, але заяўляюць, што акцыя пратэсту будзе скончаная толькі тады, калі падаткавікі разблякуюць рахунак транспартнай фірмы “Ніка-транс”. Наш карэспандэнт сустрэўся ў Ваўкавыску з начальнікам падатковай інспэкцыі Тамарай Стасевіч.

Паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду, фірма была аштрафаваная на 441 мільён рублёў за парушэньне парадку разьлікаў і прыёму наяўных грошай. Штраф застаецца правамоцным, але калі рахунак разблякуюць, прадпрыемства зможа аднавіць працу, што задавальняе Мікалая Аўтуховіча.

Падатковая інспэкцыя атрымала каманду скласьці вопіс грузавых машын “Ніка-транс” і накласьці на іх арышт, праўда без абмежаваньня на карыстаньне аўтамабілямі. Арышт маёмасьці ў задатак павінен быў папярэднічаць зьняцьцю з рахунка распараджэньня аб спагнаньні эканамічных санкцыяў. Пры канцы дня рахунак так і ня быў яшчэ разблякаваны. Дырэктар “Ніка-транс” Юры Лявонаў ня ведаў дакладна, калі гэта можа адбыцца.

(Лявонаў: ) “Я не гатовы адказаць на гэтае пытаньне, таму што будзе ці ня будзе, гэта залежыць не ад мяне, гэта залежыць ад дзеяньняў, якія прадпрымуць падатковыя органы. Наколькі я ведаю, плацёжныя патрабаваньні павінны быць адкліканыя рашэньнем ці пастановай менавіта раённай інспэкцыі нашай ваўкавыскай”.

Я папрасіў кіраўніка падатковай інспэкцыі Тамару Стасевіч выкласьці свой — афіцыйны — пункт гледжаньня на канфліктную сытуацыю вакол прадпрымальніка Аўтуховіча.

Спадарыня Стасевіч сказала, што кіроўцы, якіх ён наймае у фірме “Ніка-транс”, атрыманыя ад пасажыраў таксовак грошы здаюць асабіста прадпрымальніку, і гэтыя грошы не абкладаюцца падаткам, а гэтага не павінна быць, лічыць начальнік інспэкцыі.

(Стасевіч: ) “Яшчэ ў мінулым годзе міністэрства падаткаў і збораў неаднаразова пісьмова прапаноўвала Аўтуховічу зьмяніць нелегальную схему, якая прыводзіць да ухіленьня ад уплаты падаткаў і хаваньня прыбыткаў. І ў добраахвотным парадку заплаціць падаткі ў бюджэт”.

Тамара Стасевіч гаворыць, што заплаціўшы гэтыя падаткі, прадпрыемства пазбылася б эканамічных санкцыяў супраць яго. Аднак “Ніка-транс” патрабаваньні міністэрства не выконвае. У сьнежні фірме налічылі каля 450 мільёнаў рублёў не заплачаных падаткаў, плюс штраф і пеню.

(Стасевіч: ) “Паколькі падаткаплатнік сам не паклаў плацёжнае даручэньне на пералічэньне эканамічных санкцыяў і падаткаў — на рахунак у банку для пералічэньня ў бюджэт, падатковая інспэкцыя паводле агульнай часткі падатковага кодэксу абавязана была выставіць распараджэньне на рахунак”.

Спадарыня Стасевіч гаворыць, што гэта не спыніла працу прадпрыемства. І кіроўцы маглі атрымліваць заробкі. На яе думку, у іх не было падставаў пачынаць галадоўку.

(Стасевіч: ) “Гэта ня мэтад для вырашэньня пытаньняў, дзеля таго, каб не разьлічыцца зь бюджэтам. Ёсьць мэтады цывілізаваныя, законныя. А калі больш груба сказаць: маніпуляваць людзьмі так нельга”.

***

Пры канцы мінулага году міністэрства падаткаў і збораў налічыла Мікалаю Аўтуховічу і “Ніка-транс” больш за 2 мільярды рублёў — незаплачаны падатак за выручку, а таксама штраф і пеню. Гэтыя санкцыі таксама зьвязаныя з тым, што прадпрымальнік наймае кіроўцаў у фірме, а падатковыя органы лічаць такую схему працы неадпаведнай заканадаўству.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG